— Мой хоць маленькi, як ты кажаш, касавокi, а спрытнейшы за твайго таўкача. Ды i той адвярнуўся, — Ганначка, мусiць, намякала на Лiтавара.
Гутарка з жарту перайшла на сварбу.
— Во, глядзi ты, скора i паб’яцеся, — Сабiна штурхнула Хрысцю ў плячо, падмаргнула, каб тая маўчала.
Дзяўчаты, ужо асалавелыя, цiхiя ад гэтае сварбы, абышлi гразкае, завешанае нiзкаю смугою абынелага алешнiку балотца, пакiдаючы на роўненькiм нечапаным снезе крутую вяроўку глыбакаватых слядоў. Спынiлiся каля тоўстых дуплявых вербаў пад Мацюшкавым грудком, ужо з другога канца вёскi. На грудку ў нiзкiх з насупленымi стрэхамi хатах свяцiлiся, пералiваючыся, як воўчыя вочы, маленькiя, у шэсць балонкаў, вокны. Змакрэлыя, задыханыя ад скорае хады, дзяўчаты, угнуўшы галовы, маўчалi: дадому не хацелася iсцi— яшчэ абрыдзе без прадзiва доўгi зiмовы вечар.
— Вой, а мы ж яшчэ i чаравiкаў не кiдалi ў парог, — Ганначка зiрнула вялiкiмi ад поцемку вачамi на дзяўчат. — Хадзема ж да нас.
Падгладзiўшы пад хустку абынелыя кудзеркi валасоў, Хрысця першаю пачала паднiмацца да свае, што ўткнулася вушатым каньком у сiнюткае неба, хаты. Прыгнуўшыся, нават памагаючы рукамi i дзеручы сыпкi снег, дзяўчаты скоранька ўслед за ёю палезлi на коўзкi грудок. Астатняю лезла Хрысця, мусiць, ужо не ведаючы — iсцi ў хату да Ганначкi цi не. Убачыла, што дзяўчаты, як качкi, перавальваючыся i не азiраючыся, паўзуць на грудок, месяць глыбокi снег, адскочыла назад, прысела за тоўсты дуплаваты, што пах гнiлою парахнёю, камель старое, зломленае некалi ветрам вярбы. Дзяўчаты, не агледзеўшыся, што яе няма, ужо голасна гаварылi каля Ганначчынае хаты.
Высунуўшыся з-за вярбы, учула ўжо, што яе гукала Сабiна:
— Хрысця! Хрысця! От дурная, цi мала што… Iдзi сюды!
Хрысця бокам ушылася ў шырокiя ночвы дупла. Стаiла дух. Чула, як гаркаватаю цвiллю пахне старая вярба.
Недзе ўжо ўстрывожыўшы суседняга сабаку, каля Ганначчынай хаты смяялiся дзяўчаты.
Хрысця вылезла з дупла i, азiраючыся на вушаты канёк страхi, што высунуўся з-за грудка, пабегла лагчынаю. Грузла, абдзiраючы каленi аб вострыя крыгi глыбокага ўмерзлага снегу. Зноў пазнала тоненькi, як павучынка, нямоцны Ганначчын голас:
— Хрысця! Вот дурная, дзе ты? Хрысця!..
За грудком у смузе алешнiку адклiкаўся водгалас: «…iсця! …iсця!»
Перабегшы Мацюшкаў надворак, прысела на мiг за вялiкiмi ў белых аладках снегу каменнямi. У блiзкай адсюль Ганначчынай хаце завiшчалi i глуха зачынiлiся намерзлыя дзверы.
Каля сонных, што пахлi мышамi i сухою гаркаватаю саломаю, гумнаў подбегам выйшла на пустую вулiцу. Як рытмiчны ляскат пранiка па мокрым палатне, аддавалiся за вуглом яе крокi. Мокрыя губы апякаў сухою гарачынёю мароз, вострымi тоненькiмi iголачкамi калолася замерзлая вiльгаць. Востра шчымеў кончык носа. Хрысця прыткнула да яго мякенькае ў апусе рукаво кажушка. Пайшла подбегам. чуючы, як мароз бярэцца за каленi, сячэ, як крапiвою, голыя сцёгны.
Каля Пытлевай хаты над калодзежам пераважваўся, паднiмаючы тонкую шыю, журавель. У пустыя вёдры густа лiлася i расплясквалася вада.
Памаленьку, каб не пакаўзнуцца на гулах накарэлага пад калодзежам леду, на шорсткую сцежку сышоў Алесiн Iмполь. У шырокiх драўляных вёдрах курэла цёмная вада.
У Хрысцi нешта задрыжала ў грудзях, заняло дух. Самлелi i зрабiлiся як не свае ногi. Брала дзiва, што гэта не першы раз яе аблiвае гарачая млявасць. Перасiльваючы сябе, засмяялася знарок:
— У хаце столькi баб, а ты па воду ходзiш.
Ён азiрнуўся, блiснуўшы вачмi:
— Каб яны былi такiя дагадлiвыя, як ты…
— Сам вiнаваты…
Ён, збiўшыся з хады, пакаўзнуўся на сцежцы, спытаў пра другое:
— А чаму ж не варожыш? Сёння ж шчадра. Дзяўчаты вунь колькi аладак на наш надворак накiдалi.
— А я ўжо вываражыла, — Хрысця, саступiўшы ў снег, абышла яго. Чула спiною, як ён спытаў:
— I каго ж?..
— Цябе… — яна аж зажмурылася, што з языка зляцела лiшняе, але ўжо не стрывала, дагаварыла: — Казалi дзяўчаты, што адаб’ю ў Алесi.
— Ты глядзi… — ён папярхнуўся, не ведаючы, што болей сказаць.
— Дальбог, — яна зарагатала, завярнуўшы на сцежку да свайго гумна.
— А вашыя ж у нас. Мiця з бацькам.
— Ой, тады i я да вас, — захрумсцеўшы крохкiм снегам, яна вярнулася, адчынiла яму веснiкi.
Ускочыла на ганак, каб адчынiць яшчэ сенi, але ён, паставiўшы вёдра, быдта незнарок, заступiў ёй дарогу. Яна памкнулася назад, але рукi яго абхапiлi яе. Яна ўчула, як холадам пахне яго шорсткi калючы пiнжак, i з нейкiм дзiвам i страхам падняла вочы, раптам убачыўшы яго вочы — блiзенька ад сябе, яны свяцiлiся, як глыбокi патаемны калодзеж…
Читать дальше