Белаю вышчарбленаю коткаю ў шарым глiняным цёрле ляжаў лой.
Дзяўчаты, што сядзелi на лаве, па верасаўскаму звычаю не распранаючыся, а толькi расслабiўшы каля шыi суконныя хусткi, касiлiся туды на стол.
— Падсоўвайцеся блiжай, дзяўчаты, ды мажце лоем, покуль аладкi гарачыя, — Савета вярнулася да печы падхапiла анучаю гарачую панiву, забоўтала апалонiкам у дзежачцы.
— Вой, мы ж не галодныя, цётка, — расшпiльваючы свой кажушок, адказала за ўсiх Хрысця, прысаджваючыся на лаву.
— Яшчэ i ганарацца, — Сабiна ўбiла ў тоўсты кружок лою нож, адкрышыла кавалачак, перавярнула ноздрамi ўверх пухкую грэцкую аладку.
— А чым жа ж будзем варажыць? — блiснула хiтрымi чорнымi вочкамi даўганосая, падобная да сарокi Шайбакова Кася, але ўслед за Сабiнаю села за стол.
— Ешча, дзяўчаткi, ешча, хопiць галадак усiм. Во, паўнюткую дзежку рашчынiла цеста, — Савета пабоўтала, пакацiла апалонiкам у новай з жоўтымi клёпкамi i неаблушчанымi арэхавымi абручамi дзежачцы, што стаяла на лаўцы пры печы.
— Няхай во Кася наесца, — маргнула вокам некаторая з дзяўчат.
— Чаму ж яна толькi адна?
— Бо ў Латвiю збiраецца. I цi будуць там грэцкiя аладкi?
З блiзшых вёсак хлопцы i дзяўчаты ехалi на сезонныя работы ў Латвiю. Верасаўскiя не рашалiся. Паданне на выезд падала толькi адна Шайбакова Кася — ды ёй выйсця не было: у бацькi адна пад адною пяцёра дзяўчат, i ўсе на выданнi.
— Скажаце ўжо, — падняла свой сарочы нос Кася.
— Там жа ж, мусiць, толькi жытнiя пякуць?
— Ды маленькiя, на адзiн глык.
— А тут во — як вечка ад дзежкi, — пырскалi смехам дзяўчаты, хаваючыся адна за адну.
— Выдумаюць, каб на вас ужо, каб на вас, — круцiла галавою i пачынала смяяцца Савета, паказваючы цёмную ў верхнiх зубах шчылiну.
— Няхай смяюцца, няхай iм языкi пааблазяць, а я во i праўда ж пад’ем, — не вельмi саромеючыся, Кася перавярнула пухкую аладачку дзiрачкамi ўверх, шмарганула па ёй кавалачкам лою, пакiдаючы тлусты растоплены пасак.
Дзяўчаты зыркалi вачмi на стус пухкiх грэцкiх аладак, няўзнак глыкалi даўкую слiну, але было ўжо не ў гонар пасля такiх смешачак ды жартаў з Касi садзiцца разам да яе за стол. I яны, угiнаючы галовы ад нiзкага сонца, што чырванавата-жоўтай яснасцю дрыжала на дашчанай у чорных сучках перагародцы, адсоўвалiся далей.
Канаў кароценькi зiмовы дзень. На слiзкай скарынцы нерастопленага лёду на шыбах раслi i крыжавалiся крывавата-вострыя шабелькi марозу. Перапальваючы да чарнаты пруткае галлё, цёмначырвонае сонца заязджала ў круглыя, як шчоткi са свiной шчацiны, вяршкi старых вербаў, што раслi пад грудам напроцi Мацюшкавай хаты.
За вёскаю, на грудах, ружаватасцю адсвечваў снег. У лагчынах шырыўся i поўз, мяшаючыся з поцемкам i смугою, сiняваты цень. На пухкi снег за акном лёг сiнi вечар. У хаце пацямнелi куткi.
Дзяўчаты пачалi збiрацца на варажбу — са стуса хваталi адна перад адною яшчэ цёплыя пухкiя аладкi. У хаце падняўся смех i крык.
— Вой, глядзiце, а мне самая малая папалася, — трасла скамечанаю падгарэлаю аладкаю тоўстая i меншая за ўсiх у Верасаве дзяўчат Пытлева Ганначка.
— А ты ўжо хочаш роўнаю з сабою? — падцялi яе.
На гоман i крык з-за жоўтае ад неафарбованых i не аклееных шпалерамi дошчачак перагародкi высунуўся заспаны, з належанаю да белых шнаркоў шчакою, Мацюшка, засоп ад злосцi вялiкiмi чорнымi ноздрамi.
Дзяўчаты знiякавелi, iм зарвала смех. Угiнаючы ў плечы голаў, цiхенька i скоранька, як мышы пад памяло, шмыганулi з хаты. На надворку ўжо, нiкога не баючыся, зарагаталi зноў.
На захадзе залатою дужкаю пярсцёнка выяснiўся малады месяц. Недзе туды, на гэты пярсцёнак месяца, тоўстым, асiплым ад вострага марозу голасам брахаў чужы сабака.
Дзяўчаты, задыхнуўшыся ад рогату, паслухалi гэты брэх i, апярэджваючы адна адну, завярнулi на вулiцу. Пад нагамi гарачымi вуглямi зарыпеў намерзлы шорсткi снег. З iмi, не ўскорваючы i кiваючыся, як качка, бегла тоўстая маленькая Ганначка.
Расцягнуўшыся шнурком на сцежцы, што пятлёю абвiвала чужыя гумны, дзяўчаты скiравалi да Сцяпана Чабоцькi. Прыпынiлiся перад збiтаю з калкоў брамаю — каля буды круцiўся, задыхаючыся ад злосцi, чорны i вялiкi, як звер, Сцяпанаў сабака, iрваў прыбiты да вугла кароткi ланцуг. Хрысця першаю ўскочыла ў прачыненыя веснiкi, заторыўшы праход, за ёю ўцiснулiся ўсе дзяўчаты.
— Куды гэта вас прэ, чаго гэта? — Хрысцю апярэдзiў мужчынскi голас.
На надворку, высунуўшыся недзе з сутачкаў, стаяў i падцягваў порткi Сцяпан Чабоцька.
Дзяўчаты, што было моцы, пусцiлiся бегчы назад, некаторая паслiзнулася на калдобiстай i высокай, як грэбля, сцежцы, кулямi на яе пасыпалiся астатнiя, завiшчалi на ўвесь голас.
Читать дальше