— А ты як? — спытаўся ён.
— А што я — старэю, — усмiхнулася яна пачырванелымi не то ад ветру, не то ад плачу вачмi, яшчэ болып пабрыдчэла.
Яму падумалася, што летась, каля аўсяных снапоў, яна была другою — харашэйшаю.
— Сам мо ажанiўся цi гэткiм дзiцем астаўся? — апусцiўшы галаву i краем вока цiкуючы на яго, спытала яна.
— Не, дзе там… Вось шашу брукую… Швэндаюся па свеце.
— Чаго ж так?
Яна падцяла сухiя, звялыя губы i павярнулася да яго спiною, мусiць, чуючы, што ён глядзiць услед. I яму зрабiлася шкода яе, i брала дзiва, што ён наравiў яе некалi.
Пасля гэтага ў яго памяцi стаялi яны дзве — дужая, маладая целам там, на аўсянiшчы, i другая — пабрыдчэлая, чужая, якую ён стрэў тут, на шашы.
Гэтакаю дваякаю яна помнiлася i цяпер, калi ён са старым Ладзiмерам, з якiм сышоўся, брукуючы шашу, наняўся да Алесi малацiць.
Нанач выяснiлася неба. Халоднымi, ледзянымi iскрамi мiгцелi, пырскалi першыя зоркi. Замаразак сцягваў перакрыжаванымi iголкамi тонкага лядку плыткiя лужыны, падсушваў i каваў зямлю.
Лёгкаю была сцежка. На грывах рудаватай травы, на стрэхах з карычняватым мохам, на счарнелым, пазганяным да плота лiсцi шэрх сiвы мароз. Качанелi пруткiя дрэвы з натапыраным вострым галлём. Стаяў сiнi, працяты холадам вечар.
Корсакi першымi запалiлi лямпу, i тонкi, нашэрхлы на вокнах лёд знадворку, напроцi агню, пералiваўся залацiстай слюдою.
Выцягваючы шыю i зазiраючы ў хату паверх гэтай жоўтай блiшчастай намаразi, Бронiк Лiтавар прайшоў цвёрдым, як ток, надворкам i адчынiў дзверы ў цёмную прорву сяней.
— Ой, хтотака? — азвалася з цемнаты Хрысця.
— Не бойся, гэта я, — сказаў Лiтавар i, распасцёршы рукi, пачаў шукаць яе ў сляпой цемнаце. Жоўтаю палосаю толькi свяцiлася ў непрычыненых дзвярах тонкая шчылiна.
— Цьфу, каб на цябе, — перапалохаў, — загаварыла яна недзе саўсiм блiзка, i рукi яго злавiлi яе, цёплую, у лёгкай паркалёвай блузцы.
— Ой, не чапайся, — яна пачала разрываць яго сашчэмленыя рукi.
— Мякенькая, дальбог, як булка, — зарагатаў ён, знайшоўшы i сцiснуўшы яе за мяккiя купiнкi грудзей.
— Чад, каб ты выкацiўся! Пусцi! — закрычала яна, пхнуўшы плячмi Лiтавара на дзверы. Тыя грукнулi жалезнаю клямкаю аб прабой.
— Што гэта там робiцца? — спытаў з хаты, з-за дзвярэй, стары Корсак i адчынiў iх.
— Во, прычапiўся… — Хрысця схавалася далей у цемнату.
Корсак, жмурачыся, паўзiраўся на Лiтавара, адняў ад клямкi руку, каб пусцiць яго ў хату, i сказаў да Хрысцi:
— А ты чаго зачыняешся?
— Гэта ж дзверы самi, — сказала яна, несучы перад сабою ў хату вялiкi чыгун.
Лiтавар, у карычневай доўгай бурцы з башлыком на зялёнай сацiнавай падшэўцы, у валёнках з новымi блiшчастымi галёшамi, пайшоў на сярэдзiну хаты, заглянуў за плiту.
— Ты, мусiць, шукаеш Мiцю? — дагадаўся стары Корсак.
— Ага… Дзе ж та ён?
— Недзе, пэўна, да Алесi пайшоў. А ты гэта куды выправiўся?
— На начлег збiраюся, дзядзька. Можа, Мiця паехаў бы разам?
— Зноў на лезнявiцкае жыта? — Корсак задам адступiўся да лавы, узяўся за край абедзвюма рукамi i сеў. — Ой, глядзiце, хлопцы.
У Лезнявiчах, што былi вярсты за тры на ўсход сонца ад Верасава, яшчэ не скасавалi шнуры, вялiкi палетак жыта межаваў з верасаўскiмi дзялкамi, i на яго верасаўскiя дзецi пускалi ўкрадкам свае авечкi, а мужчыны вадзiлi на начлег коней.
Летась лезнявiцкi паплаўнiчы, якога агулам наймала вёска пiльнаваць поле, абязвечыў верасаўскага пастушка: секануў цераз галаву бiзуном i выбiў вока. Пасля гэтага верасаўцы асцерагалiся паплаўнiчага. Але ўвосень, калi на лезнявiцкiм полi паднiмалася рунь, яны зноў пачыналi пускаць на яе кароў i авечак.
— Вы думаеце, паплаўнiчы наскочыць? Цi ён галавы свае не шкадуе? — спытаў Лiтавар, няўзнак зiркаючы на Хрысцю — яна мыла ў чыгуне картоплi, яе закасаныя аж да локцяў рукi зачырванелiся ад халоднае вады.
— Што мне думаць — рабеце, як самыя знаеце, але каб потым патылiцу не чухалi, — угнуўшы галаву, сказаў Корсак.
Лiтавар падышоў да дзвярэй, паставiў на парог чорны, з блiшчастым галёшам валёнак i папрасiў Хрысцю:
— Падбяжы, Хрысцечка, клiкнi Мiцю.
— Ага, схадзi, — падняў галаву Корсак.
Хрысця выцерла рукi аб шары, зношаны фартух i, расшморгваючы яго ззаду, на паяснiцы, пайшла акрывацца.
Путаючыся ў доўгай бурцы, Лiтавар выйшаў з хаты. Пастаяў на надворку, слухаючы, цi не адчыняе дзверы Хрысця, але не дачакаўся. Папхнуў веснiкi i ўжо з вулiцы ўбачыў, як каля сцяны заварушылася нешта чорнае, i дагадаўся, што гэта яна.
— Хрысця, пачакай, пойдзем разам! — крыкнуў ён, памкнуўшыся зноў на надворак.
Читать дальше