А яна, як ведала, што яго разбiрае гэтая дурнаватая салодкая сiла, знарок дзеразавалася з iм, зманвалася, украдкам заглядваючы яму ў вочы, калi яны часам аставалiся адны ў гумне цi даставалi з ямы картоплi — у Радзюка iх аж да новых, — i ён падаваў ёй кошык, зiркаючы на гэтыя белыя кароткiя ногi.
Свайго мужыка, худога, з паўпадалымi шчокамi Ладака, што хадзiў, як сугнет, i заўсёды не голены, з рыжаю, чырванаватаю шчацiнаю, яна, пэўна, не любiла. Iшла пагалоска, што некалi дзеўкаю Ваця круцiлася з хлопцамi, скiнула дзiця i ўжо не спадзявалася на лепшага кавалера, а Ладак быў багаты… Звыкшыся, мусiць, i жыла. Знайшлiся дзецi — усё дзяўчаткi — гэткiя даўгавiдыя, непрыгожыя, як бацька, i гэткiя нездароўчыя.
Як чуючы што, на нявестку скоса паглядалi старыя Радзюкi — вельмi ўжо свякроў: яе ад злосцi аж гнула ў крук. Звесiўшы доўгiя, паскручваныя ў пальцах рукi, яна хадзiла ў сваёй жоўтай, мусiць, падпаленай на гарачым чаране, камiзэльцы i, парадкуючы ўсё, крычала: «Вот не дагледзь, i не так зробяць». Унаравiць ёй было цяжка: ступiў не так — бяда, недаступiў — яшчэ горш.
Старыя Радзюкi не любiлi нявестку ад зайздрасцi, што яна здароўчая, дужая, непераборлiвая да яды, што на яе i зносу не будзе, i яшчэ больш шкадавалi свайго хворага на сухоты сына, чуючы яго блiзкi канец. Душылiся ад злосцi, ведаючы, што i iм бог адпусцiў няшмат дзён i ўсё тое, што збiралася па саломiнцы, усё багацце, зямля, якую купiў стары Радзюк, прарабiўшы пяць гадоў у капальнях у Францыi i пакiнуўшы там здароўе, увесь iхнi труд астанецца, лiчы, гэтай сытай, што толькi, мусiць, дбае пра сябе, маладзiцы i яна будзе толькi займаць мужчын.
— Гультай, несусветны гультай — таму i мяса на сцёгнах столькi нарасло, — пад’юшчвала сына свякроў.
А сын — худы, з паўпадалымi шчокамi Ладак — маўчаў. Ён ужо не толькi бiцца, але звязаць воза, уцiснуць рубля не мог — яго мучыла задышка. Усю цяжэйшую работу рабiў Iмполь. Астатнi год ён стаў выглядаць на мужчыну — зраслiся яго чорныя бровы, верхняя губа, раздвоены падбародак i шчокi каля вушэй засiнелi ад густой шчацiны, не сходзiлiся ўжо на карку неданошаныя Радзюком рубашкi, патаўсцелi, зрабiлiся шырокiя, як карчы, яго рукi. I Ваця ўчула свежую моц маладога грыбка, што, падняўшы кастрыцу, вылез на самай дарозе, — i ёй захацелася сарваць яго, як iрвуць гэты малады, цвёрды грыбок, а ў душы недзе трапечацца аж да бяспамяцтва радасць.
У той год рана жалi авёс, яшчэ стаяла звялая, сухая гарачыня. Iмполь прынёс на поле збанок свежае вады i пад пахаю пук скручаных з жытняе саломы i змочаных у вадзе перавяслаў. Ваця была ў гэтай самай караткаватай, без рукавоў, з шырокiм выразам на грудзях, палатнянай сарочцы — млела ад гарачынi. Яна разагнулася, палажыла на жменю серп, узяла збан i, разлiваючы сабе на загарэлую шыю ваду, пачала пiць — вада лiлася ў шырокi разрэз сарочкi, недзе вострым холадам бегла ў ямку мiж грудзей. Iмполь глядзеў на рудаватыя валаскi пад белымi пахамi… I нейкай жаночай цеплатою, распараным малаком дыхнула на яго ад гэтых грудзей, мяккiх белых рук. Нейкая салодкая гарачыня аблiла яго. Ваця села на выцвiлую радзюжку, што была разаслана тут, у разоры, каля аўсяных кароткiх снапоў, i ўзяла яго за руку, цягнучы да сябе. Галава яе хiлiлася на адзежу, якую яна кiнула, распранаючыся, калi прыйшла зажынаць загон.
— Сядзь, аддыхнi, Iмполь… — вочы ў яе зажмурылiся не то ад сораму, не то ад сонца.
I ён, трымаючы мяккую самлелую руку, пачуў, што яго калоцiць, як ад холаду, ад нейкага звар’яцелага страху…
Ён счах, апомнiўся першым. Перад вачыма ў яго раптам паяснеў свет, як паяснее, ачысцiцца ён, калi пройдзе навальнiца.
— Ой, божа, якое ты яшчэ дзiця, — сказала яна з нейкай пякучаю крыўдай. Голас у яе як асiп — ёй, мусiць, сушыла ў роце. Яна адвярнулася, закрываючы локцямi твар.
Недзе блiзка, з’язджаючы з дарогi на поле, ляскаталi калёсы.
— Едуць!.. — сказаў ён, адчуваючы брыдкасць перад ёю, перад самiм сабою, што зрабiлася з iм. Падняўшыся, убачыў, што да жытнiх пашаркаў ехаў стары Радзюк — была вiдаць яго палатняная, рудая, забруджаная сарочка i чорная, з кароткiм лакiраваным брыльком, яшчэ царская шапка. Радзюк пад’ехаў да мэндляў i, злазячы з воза, гукнуў:
— Iмполь, iдзi сюды! Iмполь…
— Клiча ж во, iдзi, — Ваця спешна абцягнула караткаватую сарочку i села, паставiўшы на каленi палiваны збан.
Iмполь пайшоў, слухаючы, як шастае, трашчыць жоўтае аўсянiшча; за iм ужо было жытняе, зеленаватае ад маладое сырадэлi ржышча.
Падыходзячы да воза, азiрнуўся: з другога боку поля, карычняватаю ад пераспелага быльнiку мяжою, сюды iшоў Ладак. У Iмполя ад брыдкасцi, ад страху нешта адарвалася ў грудзях — падумаў, што гэты з мяжы, з грудка, пэўна бачыў усё. Ваця жала авёс — сагнуўшыся, махала локцем, потым нясла, прытрымлiваючы сярпом, i клала «жменю.
Читать дальше