Яны асталiся ўдвух — Iмполю iшоў трынаццаты, Платону — васемнаццаты год. Платон ужо хадзiў на работу — грузiў на чыгуначнай станцыi папяроўку — караткаватыя, на паўтара метра, яловыя круглякi. Ён уружыўся пiць i разбэсцiўся саўсiм. Прыходзiў дадому п’яны i соваўся да Iмполя бiцца. Iмполь перабыў зiму дома, а вясною перад Юр’ем да iх прыехаў багатыр Радзюк, што купiў у Вясёлым Двары, ужо растрэсеным панскiм маёнтку, дваццаць гектараў зямлi, згоджваць Iмполя ў пастухi.
«Што тут будзеш вошай кармiць, — сказаў Платон, якi збiраўся жанiцца i хацеў выправiць з хаты меншага брата. — Iдзi, людзi хоць абмыюць ды адзенуць».
Iмполь, не хочучы, згадзiўся. Пасвiў пяцёра чужых кароў, а прыгнаўшы на полудзень — бегаў iрваць свiнням свiрэпу. Дыхнуць Радзюк не даваў.
На другi год Платон ажанiўся, узяў старэйшую за сябе, худую, з тонкiмi жылаватымi рукамi i вострым, як цвiчок, носам дзеўку — пагнаўся на пасаг. Знайшлося дзiця, там у Дубатоўках была другая сям’я — Iмполя цяпер дадому не цягнула.
Радзюк, апытаўшы новага пастуха, пакiнуў Iмполя за парабка.
Радзюкоў сын, хворы на сухоты Ладак, рабiць нiчога не мог. Трымаў усю гаспадарку Iмполь, памагала яму хiба толькi Радзюкова нявестка — круглая, як бонда, бялявая, заўсёды расхрыстаная i з босымi, ад снегу да снегу, пляскатымi нагамi Ваця. Дужая, спраўная да работы, яна нiколi не хварэла.
З кожным годам сталеючы, Iмполь неяк i панаравiў яе. Да маладых дзяўчат яго не цягнула: саромеўся каму-небудзь сказаць, што падабалiся маладзiцы, налiтыя сокам, шырокiя ў крыжах, тыя, што ўжо радзiлi дзяцей i ведалi смак мужчыны. Ён, як ад салодкага чаду, п’янеў, няўзнак цiкуючы, калi Ваця раздзявалася, астаючыся ў караткаватай, без рукавоў, палатнянай сарочцы, калi яна нязграбна сядзела i было вiдаць яе белае, тоўстае, як бручка, калена.
А раз нават снiлася яму тое, пра што ён думаў, гледзячы на яе.
Снiцца яна пачала пасля таго, як вадзiлi мыць авечак. Узяўшыся за тоўсты закручаны рог, Ваця выцягнула з хлява чорнага з шырокаю, як лава, спiною барана, што раскарачыўся i, упiраючыся нагамi, нiяк не хацеў iсцi на двор. Потым адною рукою схапiла за абедзве столкi спаднiцу, падцягнула высока ўгору, перакiнула нагу цераз барана i паехала на iм, свецячы белаю мякаццю сытых сцёгнаў. Баран, угiнаючыся i круцячы галавою, ляцеў што ёсць моцы. Iмполь, каб не астацца, стаў падганяць трапятлiвую авечку. Уперадзе ўсё бялела гэтая мякаць сытых сцёгнаў i стаяў рогат:
— Ха-ха!.. Во нясе, во дужы!
Яна паднiмала, выцягваючы, ногi, каб не датыкацца iмi да зямлi. Баран угiнаўся, але бег, хiстаючыся пад цяжарам яе гладкага маладога цела.
— Ха-ха… — яна азiралася, трасучы галавою, каб адкiнуць з вачэй кароткiя, падстрыжаныя нiжэй вуха валасы, з якiх, мусiць, вывалiлася шпiлька.
З грудка спускалася пад рэчку на балотца, дзе на маладой, засыпанай вербнымi таўкачыкамi траве ў некалькi радоў сохла там-сям скручанае ветрам палатно. Бабы, што сядзелi тут са сваёю работаю, найболей з шытвом, чакаючы, покуль палатно не высахне, каб сцягнуць у гармонiк i зноў утаптаць у рэчку, убачыўшы Вацю, пачыналi гукаць:
— Ваця, вышай паднiмi спаднiцу, вышай, а то, дальбуг, нiчога не вiдаць!
— А каб вам засляпiла, як вы ўбачыце, — адбрэхвалася яна i кiравала барана да рэчкi.
Iмполь, апярэдзiўшы яе, ужо стаяў каля берага. Стромаю сцежкаю Ваця спускалася да зялёнага, аблепленага бадзягай карча. Злазiла з барана i, трымаючы яго за рогi, скакала ў ваду, крьшнуўшы ад холаду i жаху.
Кругом яе белых, кароткiх у вадзе ног, падняўшыся сухiм пухiром, плавала спаднiца. Баран, блiскаючы чорна-лiловым вокам на ваду, круцiў галавою i, адступаючыся назад, жалосна бляяў. Яна што было моцы тузанула яго за рогi, i ён, высока падскочыўшы, плюхнуўся ў рэчку, апырскваючы Вацi твар i грудзi. Яна, зноў усеўшыся яму на спiну i ўтапiўшы аж па самае горла, пачынала яго мыць — скубла i аджымала жменяю паскручваную ў струкi воўну. Нарэшце, скупануўшы ў глыбшым, выганяла на бераг, папiхаючы яго за худы ад мокрае, злiплае воўны азадак. Баран, выскачыўшы з рэчкi i цвёрда паставiўшы растапыраныя ногi, абтрасаўся, густа пырскаў кругом сябе вадою.
Iмполь, трымаючы за воўну, падводзiў на край берага спуджаную, што дрыжала, iрвучыся з рук, авечку.
Ваця, гэтаксама пагушкаўшы ў вадзе, памыла яе i выгнала на бераг. Ссунуўшы локцем з вачэй рассыпаныя валасы, падала Iмполю руку:
— Памажы, Iмполька, дальбуг, змучылася.
Ён браў Вацю за мокрую, трошкi слiзкую руку, чуючы нялёгкую вагу, памагаў вылезцi з рэчкi. Мокрая паркалёвая спаднiца гладка абцягвала яе ногi. Яна, адвярнуўшыся спiною, збiрала ў вузел перад спаднiцы, выкручвала на калене. Ён, нават не гледзячы ў яе бок, бачыў тыя гладкiя белыя сцёгны. I нешта дурное з’юшчвала яго азiрнуцца, але брыдкасць i сорам не давалi.
Читать дальше