Паздзекавацца ды пасмяяцца з Катоў у Верасаве любiў кожны. Яны ж, людзi i пунтовыя i заядлыя, помсцiлi па-свойму. Iхнi бацька, Рэпка Адам, астаўшыся пры паляках солтысам, пачаў удаваць людзей: палякi тады пабралi ў вёецы коней i збiлi да паўсмерцi Корсака — ён схаваў жарабiцу, перагарадзiўшы хлеў яшчэ адной глухою сцяною. За гэта Катам ужо дараваць не маглi.
— У, Катэ, у, кашэчнiкi! — стары Корсак заварушыўся каля печы, мусiць, спомнiўшы сваю даўнейшую злосць.
— Цi не досiць?! — аказаўся ўжо Мiця, не залюбiўшы, што бацька не перастае сварыцца. — Пагаварыў, i досiць!..
— Яны некалi ўсю вёску баламуцiлi i цяпер во, — Корсак нагнуўся да iголкi, што вытыркнулася з валёнка, выцягнуў яе зубамi i хацеў нешта сказаць яшчэ, але ў сенях штосьцi загрукацела, як падаў пусты кубелец цi дзежка, i зазвiнела парожняе вядро.
— Хто ж гэта заблудзiўся? — засмяялася Хрысця i, вылезшы з-за калаўротка, адчынiла дзверы.
У сенях стаяў Iмполь, крыва i сарамлiва ўсмiхаючыся, што не знайшоў дзвярэй.
— А мне бог ведае што падалося, — сказала Хрысця, убачыўшы i пазнаўшы Алесiнага малацьбiта. — Заходзь жа ў хату, — i адняла ад клямкi руку.
Усё сяло глядзела туды, на парог. Дзяўчаты ўжо зналi, што да Радзiвонавай Алесi нанялiся малацiць чужыя мужчыны — адзiн з iх малады i надта ж харошы хлопец. Расказала Хрысця, а некаторыя дападныя ўскоралi падцiкавiць самi i цяпер таўклi, штурхалi адна адну локцем пад бок: «Глядзi, хто прыйшоў».
Iмполь убачыў, што з-за кожнае праснiцы блiшчаць, выглядаючы, вочы, i закруцiўся сярод хаты, шукаючы, дзе гэта дзецца, i сагнуўся, як гнецца вялiкi чалавек, нiбыта саромеючыся свайго росту.
— Садзецеся, — хлопцы рассунулiся на лаве, ляпнуўшы рукою на пустое месца.
Iмполь абвёў вачыма хату i дастаў пачак папярос, выстаўляючы яго хлопцам: да яго нават здалёк пацягнулiся рукi — тытунь быў дарагi, а свайго садзiць не давалi — i хлопцы былi ласыя пажывiцца чужым ды дармовым.
У хаце запахла саладжавым сiнiм дымам, пах яго быў нязвыклы пасля ўдушлiвае махоркi. Гэтакiм пахучым, лёгкiм дымам у верасаўскiх хатах пахла толькi ў свята, калi хлопцы, нават i тыя, хто не курыў, дзеля фасону куплялi ў мястэчку папяросы.
— Ну i запыхкалi, — папярхнуўшыся дымам, Мiця падышоў да печы i адкрыў у комiне верхнiк.
— Вой, якi далiкатны. А мне дак хораша пахне, — азвалася дзеўка, у якой, мусiць, самлела рука — патрымай яе перад носам, скубучы кудзелю.
— I праўда, што ж гэта за папяросы? — нацягнуўшы падшыты валёнак i ўсё тупаючы нагою i гледзячы на яе, пракульгаў, бо другая была босая, да Iмполя стары Улас. — Дай жа я сапсую адну.
— Курэце, дзядзька, курэце, — Iмполь абмацаў кiшэнi, зноў шукаючы пачак папярос.
— Гэй, курцы, цi чулi, што было пад Пiнскам? — выйшаўшы на сярэдзiну хаты, спытаўся Мiця.
— Не, а што?
— Не выдумляй, — дзяўчаты нават перасталi прасцi, прыпыняючы за кола свае калаўроткi.
— А во паслухайце, — Мiця падступiўся, дастаў з-пад бэлькi скручаную ў трубку газету, разгарнуў яе, прыжмурыўшыся, пачаў чытаць: — «Нязвыклы выпадак здарыўся пад Пiнскам. Мяшканцы хутара Глуша Каленiк Талерка i Аўдоцця Мядзведзь вязлi хрысцiць дзiця. Удома кумоў так напаiлi, што толькi каля цэрквы яны агледзелiся, што згубiлi дзiця. За вярсты тры ад хутара яго знайшоў Дзямян Калета з Сваловiч. Яно ляжала жывое ды здаровае збоку дарогi. На трэцi дзень у Глушы нанава спраўлялi хрэсьбiны».
— Ах, лiха! Во, i не забiлася, — сказала некаторая з дзяўчат, зноў нацiскаючы нагою на понаж i слiнячы кудзелю.
— А што там пра Чэхаславацыю пiшацца? — Лiтавар адарваўся ад лавы, але не ўстаў, а толькi выцягнуў руку, просячы газету.
— Што? Восем гарадоў адышло да Венгрыi. Уся Падкарпацкая Русь.
Мiця адышоў да стала. Хлопцы абярнулiся, слухалi, што расказвае ён. Адно дзяўчат, мусiць, не абыходзiла гэтая палiтыка, яны сцiшана пралi, задумаўшыся пра нешта сваё: толькi каторая, бывае, няўзнак зыркала на Iмполя, у яе, сарваўшыся з рукi, падала i кацiлася пад лаву верацяно.
А кучаравая Сабiна, што аж з другога канца вёскi, паднялася з праснiцы i пачала абкручваць кругом шыi рог тоўстае хусткi.
— Ой, i нам пара, — падхапiлiся астатнiя дзеўкi, забiраючы з сабою праснiцы з вялiкiмi бародамi недапрадзенай кудзелi.
Цiшком адзiн за адным кiнулiся ў сенi хлопцы, каб злавiць якую ды падвесцi дадому. У сенях падняўся вiск, быў чуваць сыты рогат Бронiся Лiтавара.
Iмполь выходзiў апошнiм. З iм ужо, каб прысунуць дзверы, накiнуўшы на галаву вялiкую суконную хустку, выбегла Хрысця.
Хлопцы з дзеўкамi смяялiся на вулiцы. Але раптоўна гэты рогат сцiх. Немы чужы крык працяў вясёлую цiш:
Читать дальше