Ладак, прыскалiўшы вока i перакасiўшы рот, ступiў яшчэ крок. Iмполь толькi паспеў адхiлiць Вацю — i тонкi шчарбаты нож упiўся, аж нешта там заскрыпела, Iмполю ў левае плячо, выгнуўся дугою, тоненька зазвiнеўшы, як звiнiць сагнутая пiла, луснуў напалам.
Ваця расшчамiла ў Iмполя за спiною рукi, падняла iх, заенчыла:
— Людзi, ратуйце, а божа мой, — i, спатыкнуўшыся на парозе, наляцела ў сенi. Закрычала, ужо зноў, на вулiцы.
Ладак захроп, як храпе япрук, калi яму ўваб’юць швайку, i замахаў гэтым зломкам нажа. Iмполь злавiў яго руку i, узяўшы яшчэ Ладака за горла i чуючы пад пальцамi цвёрды кадык, на якiм слiзгала калючая ад шчацiны скура, пхнуў ад сябе. Ладак цяўся галавою аб кант лавы, нiцма паляцеў на падлогу. Плюхнуўшы вадою, на лаве зазвiнела вядро.
— Ты гэта за што, га? — з сяней высунуўся стары Радзюк, загроб рукамi ў памялешнiку, каб выбраць якi млён.
Пераскокваючы цераз Ладака i збiваючы з ног старога Радзюка, Iмполь выскачыў у сенi, адтуль ужо на двор. Над галавою зафуркала кароткае тоўстае палена, трэснула ў перастоены яловы плот. Апомнiўшыся, кiдаў, пэўна, стары Радзюк, але Iмполь не азiраўся. Пхнуў, аж закалываўся гнiлы слупок, веснiкi i выйшаў на вулiцу.
— Iмполь, Iмполь, пачакай, — задыханая, з чужога надворка бегла Ваця. Iмполь абярнуўся — там стаялi купкаю бабы, мусiць, збеглiся паглядзець на чужое дзiва. I яму зрабiлася брыдка i за цяперашнюю бiтву з Ладакам, i за тое здарэнне на полi каля аўсяных снапоў, што ён, як злодзей, крадзе чужое i ўсе бачаць.
Ваця даганяла яго, дыхала недзе збоку:
— Ой, у цябе кроў! Няхай крые бог, як ён цябе пабiў. Во кроў.
Iмполь пацягнуў рукою па падбародку i ўчуў, як лiпнуць пальцы. Пякла рассаджаная зломкам нажа рана. Шчымела, аблiваючыся гарачынёю, плячо, дзеравянела ўся рука.
— Дык куды ж ты, Iмполь? — спытала яна, не паспяваючы за iм.
Ён маўчаў — не хацелася гаварыць, было брыдка перад ёю, перад самiм сабою, перад цэлым светам. Ён прыбавiў крок i ўчуў, як сцiхае шоргат яе босых па пяску ног.
Iмполь вярнуўся ў Дубатоўкi, а ўслед за iм, вырасшы з казла на быка, прыпаўзла чутка: гаварыла вёска, што, сышоўшыся з Вацяю, ён хацеў забiць Радзюковага сына Ладака. Iмполь не паказваўся на чужыя вочы, сядзеў удома, покуль не загаiлася, зацягнуўшыся маладою ружоваю скураю, рана на плячы i не звалiўся, пакiнуўшы на барадзе косую нарасць, карычняваты струп.
Акрыяўшы, Iмполь хадзiў у мястэчка шукаць падзённую работу: наймаўся да яўрэяў рэзаць i калоць дровы. Вацю з таго дня не бачыў, але яна ўсё стаяла ў вачах, з памяцi не сходзiлi i тая разора, i аўсяныя снапы.
Да Радзюкоў спаганяць плату не пайшоў, падмовiў Платона: не хацелася страчацца з Ладакам — не счахла яшчэ злосць, хоць неяк i шкада было яго, хворага, i брыдка, што вiнаваты перад iм. I Iмполь нiяк не мог разабрацца, чаму ў жыццi ўсё гэтак зблыталася, сплялося, зашмаргнулася, як у збэрсаным матку нiтак.
Вацю ён стрэцiў на другi год увесну, калi рабiў на шашы — брукаром. Неяк i дзень яму запомнiўся той — сухi, ветраны. У канаве, прабiўшыся праз сухi леташнi бруд, трапяталася вострая маладая трава. Вецер падварушваў сатлелае леташняе лiсце i сцiшна шумеў у сухiм палыне i счарнелым пры сцежцы быльнiку. У сiнюткiм, здаецца, настылым ад холаду небе дрыжаў жаваранак.
Iмполь якраз палуднаваў разам з усiмi, седзячы на ўтоптанай сцежцы, што бегла на другi бок канавы каля шашы. Фурман, малады хлопец, пад’ехаўшы да таго месца, дзе стаяў белы калочак з нацягнутаю вяровачкай, дзе канчаўся акуратна падагнаны, утрамбаваны брук, зняў з воза закарэлую сухiм гноем дранiцу i пачаў скiдаць на жоўты пясок каменнi — яны востра цюкалi адзiн аб адзiн. Iмполь бачыў, як нейкая маладзiца ў чорным плюшавым палiто, суконнай хустцы з кутасамi старалася абысцi фурманку, асцярожна пераступала цераз вяровачку, нацягнутую на калочкi. I зiркнула на брукароў — цi не крычаць яны. Iмполь убачыў бялявы твар i задыхнуўся ад раптоўнае гарачынi — пазнаў Вацю.
Нiжэйшаю, чужою здалася яна цяпер.
— Ваця! — паднiмаючыся з зямлi, паклiкаў ён. Яна збiлася з хады, прыпынiлася на мiг, як прыпынiцца чалавек, калi раптам стрэлiць пярун.
— Ваця! — гукнуў ён яшчэ раз, не верачы ўжо, што гэта яна.
Кабета спынiлася, неяк спiною адчуваючы, што клiчуць яе, i цяжка, у гэтай суконнай хустцы, абярнулася.
— Ах, божа, Iмполь! — сказала яна, расслабляючы пад падбародкам хустку.
Чырвань залiла ёй шчокi, i сполах, перамешаны з радасцю, затрапятаўся на твары.
— Куды ты выправiлася?
— У мястэчка, у аптэку iду, — губы ў яе перасохлi, на iх, як на звялым яблыку, сцягнулася скура. — Ладак злёг — другi ўжо месяц не ўстае з пасцелi. — Гэтыя сухiя, звялыя губы яе задрыжалi. Яна знайшла ў закарвашы хустачку з малiнавым беражком i выцерла вочы.
Читать дальше