Гэта карпатлiвая праца трывала хвiлiн мо дзесяць. Калi Янук скончыў, выпрастаўся на ўвесь рост ды прыглядаўся свайму цiкаваму адкрыцьцю. Якiм-жа ўдзячным тады быў ён свайму бацьку, што параiў некалi навучыцца «рускiя буквы» й паказаў кожную зь iх. Цяперака хоць марудна, iзь цяжкасьцю, але ўсё-ж прачытаў Янук пад крыжом наступнае:
Боже упакой i прыймi
у царствii вечная
рабов твоiх повстанцев
Iван Карпук
Петр Белы
Якав Малыш
1864 год
Глухiм малатком бiлася сэрца ў грудзёх басаногага, худога юнака, што паволi ўсьведамляў значэньне выдзяўбанага на камянi долатам нейкага вясковага патрыёта напiсу. Гэта наваадкрытая бачына ўзрушыла яго сваёй прастатой i ляканiчнасьцю. Тут, пад ягонымi нагамi, парахнелi косткi ахвярных народных гэрояў, а ён, бедны, але прагавiты юнацкай цiкавасьцю, ня ведаў яшчэ, нашто яму гэта новазнойдзенае прыдасца. I ня мог нават варажыць тады, паднечаны такой знаходкай, што пацьвердзiла апавяданьне дзеда Якуба, што гэта — як i шмат iншага, знойдзенага пазьней у падарожжы па другiм баку адчыненых дзедам дзьвяроў, - распалiць-разьдзьмухае некалi ў будучынi ў ягоным сэрцы такое буйное й незгаручае полымя, што цi раз прывядзе яго на край страшэннае згубнае проданi.
Дуня, часта азiраючыся назад, бегла колькi моцы. Крокi ейныя звальнялiся ў меру таго, як грудзi дыхалi ўсё цяжэй i цяжэй. Гэта, мусiць, ня сэрца, а нейкi цяжкi молат малацiў у сярэдзiне. Цурком сплываў па твары пот. Змарылася дарэшты. Калi за бярэзьнiкам паказаўся просьвiт поля, звольнiла.
…Прыгадваючы ўчорашняе адкрыцьцё ў лесе, Янук думкамi яшчэ й яшчэ перабягаў усё тое новае, што ўведаў апошнiмi часамi. Нават забыўся пра кароваў, што вось панадзiлi ў суседнюю канюшыну. Тапсiк, як заўсёды, быў напагатове. Безь Януковага спануканьня ведаў сваю работу. I калi гэтым разам наёжыўся й пачаў брахаць, пастух думаў, што зноў падвялi яго рагатыя. Але сабака гэтым разам кiнуўся ў кiрунку лесу. Янук ня зьдзiвiўся, калi сабака спынiў брахаць, прыязна махаў хвастом, наблiжаючыся да дзяўчыны, што борздымi крокамi йшла да пастуха.
Так, гэта Дуня. Як добра, што яна ў гэты час зьявiлася. Можна будзе цяпер вось падзялiцца зь ёй тым сакрэтам, аб якiм згадваў ранiцою. Але што зь ёю? Чаму яна з пустымi рукамi? Чаму так зачырванеўшыся й спацеўшы, так цяжка дыхае? А грудзi?
Янук разявiў ад зьдзiўленьня рот i аслупянеў. Дзяўчына аднэй рукой трымала падзёртую на грудзёх i закрываўленую блюзку. Януку прыйшла ў галаву жахлiвая здагадка: Бжончэк, мусiць, на яе напаў. Дрыжыкi прабеглi па каленях, i цэлага холадам абняло.
— Што з табой, Дуня? Чаму ты такая?
— На… напаў на мяне басяк, — сказала, задыхаючыся.
У васiлькох на спацелым твары прытаiўся жах. Дрыжэла ўся, дый не ад холаду.
— Хто? Дзе? — крыкнуў Янук. У галаве закружыла. Думкамi ўжо баранiўся перад адказам, якi — ведаў — зараз пачуе.
— Гэты бандзюга драгомiшч…
— Ён? А я думаў — лясьнiк…
Тое, што не ўгадаў, анiчуць не зьмянiла Янукова настрою. Пад нагамi, здавалася, загушкаўся луг. Уяўленьне зручнымi й майстэрскiмi штрыхамi нарысавала вобраз у лесе: кволая, быццам тая вясеньняя неразбуйнеўшая яшчэ краска, ягоная мiлая сяброўка ў рукох дужага й прагавiтага ў юрлiвасьцi Лявона. Яна змагаецца, баронiцца апошнiмi сiламi, а ён iрве-шматае вопратку й налягае. Бездапаможны дзявочы крык клiча ратунку. I ненасытны, агрэсыўны мядзьведзь ломiць, абрывае з краскi кволыя пялёсткi, топча ягонае, Янукова, сьвятое сьвятых.
Нiколi не ўяўляў, што гэтая вясковая бедная дзяўчына так валодала iм. Цяпер пагвалчаная амаль перад ягонымi вачыма, яна тузала-разрывала ягонае чульлiвае нутро. Нешта сарвалася ў сярэдзiне. Дрыжэлi Януковы вусны. Ня мог здабыцца на слова. А ў Дунi, як пацеркi, па потным твары хлынулi сьлёзы. Забыўшыся на ўсё, яна рукамi намагалася выцерцi твар. З-пад парванай блюзкi на ўвесь рост вызiрнулi пунсовыя дзявочыя грудзi. Хлапец, канчаткова ашаломлены такiм вiдокам, апусьцiў унiз вочы. Чырваньню загарэўся ягоны твар.
Нязручнасьць трывала доўга. Напружаньне было такое, што разладаваць яго, здавалася, можа адно новы вялiкi выбух. Надта-ж мала было сказана.
— Дык i што? — спытаў пастух.
Не, зусiм ня тое хацеў сказаць. Але як гэта выславiць? Дуня пазiрала на яго, з пытальнiкамi ў вачох. А хлапец баяўся вымавiць нешта жахлiвае, што душыла-прыгнятала.
— Як-та што? Кажу-ж табе… — дрыжэла ў цiхiм плачы дзяўчына.
— Удалося яму? — нарэшце вымавiў Янук ды чакаў найцяжэйшага, зьнiшчальнага ўдару.
Читать дальше