Дуня была злосная. Нават стары Габа быў сумленьнейшым. Яна бяз слова загарнула грошы ў хусьцiнку, завязала iх старанна ды, цiснучы ў потнай руцэ, выйшла з крамы.
— Гэта лахудра, каб яе гаручка, абманываiць на вачох, — гаварыла дома Дунi матка. — Трэба было глядзець яе, ато жыць нябудзiць, калi не абманець.
Сонца добра пахiлiлася ўжо з паўдня, калi Макатунiшка зноў пайшла па грыбы ў скарбовы лес. Ведала, што ўжо пачыналi нарастаць панчошкi, ягады на балоце чакалi яе. Неўзабаве трэба будзе на iх перакiнуцца. Апошнiмi часамi прайшло добрых пару дажджоў, вiльгаць трымала ў лесе, дык i шкада было-б кiдаць недагледжанымi цэлыя сем'i баравiкоў.
Наважыла дзяўчына абегаць тыя мейсцы, дзе не была ранiцай. Як заўсёды, цягнула яе дуброва. Здавалася, што там баравiкi былi прыгажэйшыя. Ведала, што Брунiськi — найбольшыя лiтоўскiя канкурэнты па ягадах i грыбох — маглi тут ужо вызьбiраць. Але не. Нешта яшчэ засталося. У вадным мейсцы натрапiла на вялiкую грыбную грамаду й цалкам аддалася нiзкiм паклонам. Сонца добра-ткi пякло ў шыю. Ужо забылася яна пра злосьць на Габiху й суцэльна занятая была цяперашнiм. Адзiн за другiм падразала карэньнi й клала грыбы ў кошык.
Непадалёк на старой бярозе голасна загрукатаў дзяцел, i Дуня выпрасталася, каб паглядзець. Любiла яна сачыць ляснога лекара пры працы й не магла надзiвiцца, колькi ў яго было сiлы ў малой, здаецца, кволай шыi й дзюбе. А дзяцел, не зважаючы на тое, што наглядала ягонае майстэрства маладая прыгажуня, заядла церабiў кару.
Там, дзе дубы падступалi да гусьцейшага лесу, амаль суцэльным плотам расьлi ляшчыны. На чупрынах дрэў гэйсала рудая, зь вялiкiм пушыстым хвастом, з добрую мяцёлку, вавёрка. Хвост задзiрлiва трымала ўверх. Адно калi пераскоквала на iншае дрэва, тады хвост абнiжаўся, быццам памагаючы ўласьнiцы плысьцi па паветры. Ведала Дуня, што недалёка той час, калi пачнуць дасьпяваць арэхi. Цяперака яны налiваюцца ўсярэдзiне малаком, а можа ўжо й цьвярдзеюць.
Дзяўчына падыйшла да арэшнiку, прыгнула галiну й разглядала сарваны арэх. Яшчэ ня ёсьць арэхавая пара — пастанавiла, раскусiўшы мяккую шкарлупiну.
Гэтак стоячы й разважаючы пра арэхi, дзесь ззаду за сабой пачула трэск. Здалося, што нехта падкрадаецца. Азiрнулася. Нiкога не было навокал. Iзноў узялася за грыбы. Гронка баравiкоў падвяла яе зусiм блiзка пад гушчар, i не магла яна ведаць, што адтуль спамiж галiнаў сочыць за ёй юрлiвая пара вачэй. Дуня была так занятай, што спасьцерагла чалавека толькi тады, калi быў ён побач.
— Ну як грыбы, Дуня? — спытаўся Лявон Шпунт.
Ён стаяў ня больш двух-трох крокаў ад дзяўчыны. Быў у ваднэй кашулi, крамных ганавiцах i падношаных ботах.
Зьдзiўленьне дзяўчыны было вялiкае. Адкуль ён тут? Што яму да яе? Ведала-ж дзяцюка як аблупленага. Гэтая сустрэча нiчога добрага не варажыла. А Шпунт глядзеў на яе зь вялiкай, як здалося, пяшчотай у вачох. Хоць бачылася зь iм няраз раней, нiколi не прыглядалася да гэтых, цяпер памутнелых, вачэй. Была ў iх нейкая неразгаданая прагнасьць. А Лявон гаварыў:
— Алi-ж ты й вырасла, як расовая каза. Даўно меў я цябе на воку. Цяпер-жа, ластавачка, ты ад мяне нi ўцячэш.
Здалося Дунi, што ў гэтага сьвятлавалосага дзяцюка зараз пачнуць сьлiнькi цячы: такая нейкая асалода й прагнасьць нечага адчувалася ў ягоным голасе. Пакуль змагла абмяркаваць сытуацыю, Шпунт, быццам клешчамi, учапiўся за ейную руку й цягнуў яе ў лясны гушчар.
— Ты с-сукiн сын! Пусьцi мяне! — крычала, змагаючыся, дзяўчына.
Лявонава касматая рука яшчэ больш сьцiснулася ля дзяўчынiнай сярэдзiны. Дуня была ў роспачы. Ведала, што ад такога быка абаранiцца малыя мае шанцы. Цягнучы яе, той борздымi крокамi ўшыўся ў гушчу лесу й звалiў на зямлю. Кошык з грыбамi перакулiўся побач, i баравiкi рассыпалiся па вялай траве й iглiцы. Адна Лявонава рука намагалася ўтрымаць Дуню на зямлi, а другая ўвiхалася ля ейнае спаднiцы.
Дуня крутанулася з усiх сiл, але дзяцюк яе ўтрымаў. Агiдны твар, як кавальскi мех, соп ля самых вачэй. Быццам пашырылiся зрэнкi ў тых юрлiвых вачох; выглядалi цяпер прагнымi й ненасытнымi. Гэта быў не чалавек, а дзiкун. Ужо зусiм блiзка нахiлiлiся й наблiзiлiся да ейнага твару вусны. У вялiкай роспачы, што сiлы яе пакiдаюць, Дуня напружылася, каб вырвацца зь дзяцюковых клешчаў. Яна крутанула галавой i лбом моцна стукнула ў дзяцюкоў нос. Адтуль пацякла кроў.
— Дык ты гэткая! — соп злосна Лявон. — Абажджы, я-ж табе…
Ён так пляснуў шырокай даланёй дзяўчыну па твары, што аж у галаве зазьвiнела. Дуня пачала крычэць. Левай рукой Лявон намагаўся закрыць ёй рот, а правай iрвануў за блюзку на грудзёх. Пры вiдзе голых дзявочых грудзей яшчэ больш узбуйнела й раздражнiлася дзяцюкова юрлiвасьць. Яго апанавала нейкая зьбянтэжаная гарачка. Нэрвовымi рухамi нiяк ня мог упарацца iз спаднiцай. Дуня, выбраўшы момант, падцягнула ўверх калена ды з усёй моцы заехала яму ў мейсца галоўнае актыўнасьцi. Лявон голасна застагнаў ад болю. Удар трапiў у найбольш чульлiвае мейсца. Дзяцюк на ймгненьне выпусьцiў дзяўчыну з рук.
Читать дальше