— Ну что, мужык, нажрался бульбы, а?
Не разумеў Янучок, чаго гэты дзiўны дзядзька так брыдка зарагатаў, што аж ходырам задрыгала барада. Агiдным i нялюбым выдаўся хлапчуку гэны твар i тыя дрыжачыя пэйсы ў барадзе, што нагадвала густую мяцёлку. Так балюча ў чэрава парнуў, што аж у вочках пякучыя сьлёзы накацiлiся.
Ды цi толькi Янука так вiтаў «слуга божы» Абухаў. Гэтак зьвяртаўся да дзетак амаль у кожнай хаце. I ўжо нашто цярплiвыя былi сяляне й непашанай да духоўнiка не грашылi, адылi некаторыя, пачуўшы такi «жарт» раз цi два, ня вытрымалi. Проста ў сьвятарскiя вочы гледзячы, сказалi, што ад каго як каго, але ад духоўнiка брыдка такое чуць. Абухаў — пык-мык! — усё пастараўся «замяць для яснасьцi», на жарт зьвесьцi. Неяк наагул ня мог ён старэйшым проста ў вочы глядзець, а ў гэны момант i пагатоў.
Усё гэта пасьля Абухаў на свой лад перакруцiў. Мясцовыя «цёмныя мужыкi» не дарасьлi, каб ягоны субтэльны й дасьцiпны жарт зразумець. Сьвятар, вiдаць, забыўся, што малыя дзеткi наагул, а на такiх кручкаватых жартах i пагатоў не разумелiся. Ён i не падазраваў, што гэнае грубое «мужык нажрался бульбы», тарнаванае iм iз смакам на вачох старэйшых людзей, зусiм коратка, вымоўна й калярова характарызавала ня толькi яго, як беднага на разумовую вынаходлiвасьць чалавека, але й шмат чаго iншага.
Абухаў меў добры нюх. Борзда разгадваў людзей, iхную вартасьць, удзельную вагу ў грамадзтве й пры ўладзе. Ужо калi яму што рупiла, то ведаў, да каго пасьпяшыць iз прозьбай, пранюхаўшы заднiя хады; да каго паставiцца з ласкай, каму льга, а каму не выпадае пад бок таўхануць, каго абыйсьцi й не чапаць. Адным словам, Абухаў рана пазнаў у гэтых мяйсцох i пры гэтай уладзе карысныя для яго простыя сьцежкi й крывулi, найважнейшыя слупы-апоры пры iх. Дзiва, што ў даволi кароткiм часе разжыўся й разбагацеў Абухаў так, як некалi й сьнiць пра гэта не даводзiлася.
Ды яму ўсё было мала, усё расла яшчэ прагавiтасьць. Вакольныя бедныя людзi паглядалi на «папоўшчыну», кiвалi галовамi й пыталiся самi сябе: цi-ж запраўды аднаму чалавеку, хаця-б iзь вялiкай сям'ёй, так многа самай лепшай зямлi й усяго iншага трэба, калi пасуседзтву такая галеча й нiшчымнасьць сьвецiцца?
Многiя так i называлi сьвятара скуралупам, несумленным абдзiральнiкам, ненажэрам ды iншымi зьмяншальнымi мянушкамi. Iншыя-ж, пабожнейшыя казалi, што iм судзiць «бацюшку» нельга, бо яму, мусiць, Бог усё тое багацьце дае; а калi гэтак, дык ужо каму як каму, а ня iм-жа божыя шляхi й учынкi разгадваць.
Першыя, вядома, праўду казалi. Перад тым, пакуль каму цану за вянец, хрысьцiны, паховiны цi што iншае засьпяваць, Абухаў намагаўся разьведаць пра матар'яльны стан чалавека, а тады ўжо сваё вымагаў. Браў, такiм чынам, не за паслугу, а паводля прынцыпу — колькi ўдасца зьдзерцi. Безумоўна, у яго быў свой мiнiмум, што мусiў узяць незалежна ад таго, цi чалавек меў чым плацiць, цi ў яго дзеткi ў хаце ўпрогаладзь сядзелi.
Калi йшло пра вянцы, дык поўбяды тут было. Людзi маладыя, жэняцца, весяляцца, новае жыцьцё пачынаюць будаваць. Калi й лiшняе ад iх возьмеш, дык яны-ж маладыя, заробяць, нiдзе ня дзенуцца. Найбольш балюча давалiся ўзнакi людзям сьвятаровыя ўзяткi за хрышчэньнi й паховiны. Нараджэньне й сьмерць два асноўныя й непазьбежныя працэсы йснаваньня. Людзi родзяцца i ўмiраюць, наперад не разьведаўшы, цi будзе чым за сьвятарову паслугу заплацiць.
Гэткая жыцьцёвая сьвятарская этыка Абухава выцякала зь ягоных маральна-духовых нормаў. Чалавек лiчыў, што яму, як адданаму «слугу божаму», больш чым каму iншаму розных матар'яльных дабротаў належылася, што ён за свае паслугi й так бярэ надта сьцiпла, што калi ў «мужыка» будзе замнога, дык i так прап'е цi пусьцiць куды ня трэба. Наапошку-ж, ужо хто як хто, а ён — «духоўны пастыр», спажыве рознае дабро якраз шмат разумней за iншых i якраз так, як трэба Богу.
Надта-ж вымоўным быў выпадак, калi Абухаў аддаў сваю старэйшую дачку замуж. Ужо на другую нядзелю пасьля вясельля, калi скончыў Сьвятую Лiтургiю ў царкве, iз крыжам у руках хвалiўся сваiм парахвiянам, што дачцэ ў пасаг дзесяць тысячаў злотых даў. Калi-б сьвятару давялося спажыць адно палову таго, што яму ў гэны час, чуючы пра пасаг, сулiлi ў сваiх думках парахвiяне, пэўна, на вякi вечныя зь пеклам не разьвiтаўся-б.
Вялiкая лямпа гарэла над шырозным столам, застаўленым рознай емiнай. На самым пачэсным мейсцы стаяла больш чым напалову выпiтая лiтровая пляшка гарэлкi, папулярна званая манаполькай. Праз адчыненыя дзьверы з кухнi чуваць было шыпеньне самавару.
Сядзелi за сталом даўно. Было iх чацьвёра: Абухаў i Пцiчкiн iз сваймi сьвятаршамi. Абухава была таўсьцейшая за госьцю, азызлая ў твары, павольная ў рухах, голасная ў гамонцы. Пцiчкiна была старэйшая за яе, больш гаваркая, часьцей сьмяялася. Лысы, як калена, дробны ў твары, з малой сiвой бародкай, Пцiчкiн часта папраўляў i стрымлiваў у гаворцы жонку.
Читать дальше