Тапсiк, што ляжаў побач, зiрнуў у бок бору, узьняўся на лапы й пачаў бурчэць. Калi Янук павярнуў галаву ў той бок, куды пазiраў сабака, твар ягоны распрамянiўся шырокай ласкавай усьмешкай. Сьцiшыў сабаку. На ўзьлесьсi, мецячы проста на яго, iшла ягоная школьная сяброўка Дуня Макатунiшка.
Дзяўчына нагадвала ружу, што вось-вось мае распукнуцца прыгожым цьветам. Якраз дасягнула таго росту, калi дзяцюкi й мужчыны, зiрнуўшы на яе раз, доўга праводзяць вачамi ды з чулай неспадзеўкай у голасе кажуць:
— Глянь во на яе, як пахарашэла! Учора яшчэ лучынка была, а сягоньня якая пекная. А што-ж зь яе будзiць заўтра?!
Дуня была Януковай аднагодкай. Сьветлавалосая, сiнявокая, круглатварая, ледзь кiрпаценькая, сярэдняга росту, апранутая была сяньня ў танную паркалёвую сукенку, босая. Даўгiя валасы — мусiць, таму, каб не рассыпалiся на бакi перавязаныя былi блакiтнаю стужкаю. На правым плячы Макатунiшка тарабанiла пузаты, туга напханы зрэбны мех. Янук ведаў, што было ў iм нейкае зельле.
Ад раньняе вясны, як толькi канчалася школа, завiхалася Дуня каля лекавага зельля. Мацi ейная прадавала назьбiранае ў мястэчку купцом, што ў сваю чаргу збывалi зёлкi фiрмам, якiя рабiлi зь iх лекi. Пачынаючы ад браткаў, празь лiпавы цьвет, васiлькi, чабор, валяр'янку i аж да панчошак, як руплiвая пчолка ўвiхалася Дуня цалюсенькае лета. Пад восень перакiдалася на грыбы й ягады. Гэтак ужо вось цi ня трэцi год. Спачатку хадзiла з маткай, пасьля — найчасьцей iзь сяброўкай Юшкевiчавай Клавай. Тую часта лянота брала, дык Дуня вандравала па палёх i лясох сама. Старалася абмiнаць вясковыя землi, бо чаго добрага, возьме каторы дзядзька — сабакам нацкуе. На скарбовым i панскiм раздольле было, хоць там лясьнiка трэба было высьцерагацца. На ягады-ж, каб зьбiраць, талён трэба было купляць. Адылi Дуня ня толькi ведала бочныя сьцежкi й дарожкi, пазнала, дзе, што й калi расьце, але, быццам тая пранырлiвая лiса, здалёк абмiнала небясьпеку.
Iншыя жанкi й дзяўчаты да суседнiх паноў на полiва, жнiво цi iншыя польныя работы хадзiлi. Макатунiшка ўпадабала зёлкi. Тут над табой нiхто з паганякай не стаяў. Добра руку набiўшы, завiхнуўшыся, можна было больш, чым у пана, цэлы дзень крукам стоячы, зарабiць. Заробкi йшлi на вопратку й хлеб. Зiмой-жа ў школу трэба было хадзiць, а ў хаце бяда з кожнага кута выглядала.
Ня меў Янук лепшае сяброўкi за гэту ўвiшную, працавiтую й прыгожую дзяўчыну. Сяброўства было, як звычайна мiж падлеткамi — дзiцячае, шчырае, безь нiякiх заднiх думкаў. Сам сабе ня верыў Янук, калi прыгадваў, як да гэтага дайшло.
На краю Лiтоўцаў, пры балоце, на вузкiм лапiкле малаўрадлiвае зямлi стаяла невялiкая хата. Здалёк выглядала недакончанай. Так фактычна й было. Гадоў пяць таму перанесьлi Макатунiшкi яе зь вёскi. Нанятыя цi ўпрошаныя людзi паклалi зруб, накрылi страху, услалi столь, уставiлi вокны ды й так без гаспадарскага заканчэньня пакiнулi. Iз страхi тарчэлi, быццам замарожаныя скасьцянелыя пальцы, непаадразаныя кроквы, вецер мейсцамi ўжо здолеў пазакасваць i павыскубваць салому. Хата ня мела нават сенцаў. Знадворныя дзьверы адчынялiся адразу ў пакой, што быў i кухняй, i спальняй, i ўсiм чысьценька. Воддаль ад хаты, за дзьвюма паветкамi, як тая квактуха на яйках, прысела меншая будынiна, што служыла разам пуняй i хлевам. Часта чуваць было адтуль скуголеньне сьвiньнi, рыканьне каровы й кудахтаньне курэй.
Нiколi ня быў Янук у гэнай хаце, хоць жыла там сяброўка Дуня з маткай, iзь дзьвюма сёстрамi й iхнымi дзяцьмi. Гэта была сям'я без мужчыны. Стары Макатун — апавядалi тыя, што ведалi, — даўно-даўненька зьбег сабакам сена касiць. Пакуль на той сенакос выбраўся, мала зь яго клёку для сям'i было: усяго, мусiць, што трое дачок прыдбаў. Удосыць нагаравалася Макатунiха, пакуль першыя дзьве падрасьлi. Спадзявалася на лепшае.
Падрастуць, думае, дык падзарабiць якi грош дапамогуць: «Разам якi аруд жыта насыпем, сьвiран склецiўшы, лёну напрадзём-натчом, кусок скаромiны лацьвей завядзецца».
Набегла зусiм што iншае: глядзiць мацi на найстарэйшую й вачам веры не дае — гэтак неяк ненармальна круглець пачала. Тут-як-тут, бач, i новы крыклiвы маленькi чалавечак на сьвет. Гэткага мацi не спадзявалася, бо быў гэта ня той прыбытак, аб якiм гавораць, што ад яго галава не балiць. Тут галава забалела-закружылася. Ды гэта адно пачатак быў. Малодшая, цi то на сястру заглядзеўшыся, цi што, навыперадкi давай: ажно двое адразу. Адкуль? Iзь кiм набегалi? — ламала мацi галаву.
Вясковыя жанкi, што на ўсiм пiльнае вока трымалi, найчасьцей Шпунтова Лявона ў павялiчэньнi Макатунiшынай сям'i вiнавацiлi. Дачкi-ж, як вады ў рот панабiраўшы, каб словам заiкнулiся…
Читать дальше