У Кмiтавай хаце народу было, як дзьверы зачынiць. Рыпела яна Тадэўкавай полькай-трасухай, скакала-тупала дзясяткамi ботаў i чаравiкоў, зьвiнела й рагатала, выкрыквала галасамi старых i маладых. Шырака навосьцеж расхрыстаныя былi вокны. Малыя падшыванцы, на прызбу ўзьлезжы, на падваконьнi вешалiся, галовы ў сярэдзiну торкалi, каб танцораў разгледзець. Iншыя iх за ногi цягнулi, штурхалiся, адзiн за адным iз крыкам i рогатам ганялiся. Кмiтаў панадворак дзiцячымi босымi нагамi дуднеў. Група дзетак малела, бо маткi iх дамоў заганялi. Мужчыны то ўпоцемку ў сенцах палiлi, то на лавах пад сьценамi сядзелi, ды на малечу, што занадта голасна сябе паказвала, злосна час-часам сыкалi.
Па вулiцы й панадворку там-сям парамi хадзiлi дзяцюкi зь дзеўкамi. Чуваць быў звонкi дзявочы сьмех. Цi адзiн зь дзяцюкоў — зашмат, вiдаць, з пляшкi пацягнуўшы — няроўнымi нагамi баранаваў. Падлеткi найбольш у шырокiх сенцах таўклiся, а каторыя сьмялейшыя, дык i ў хаце. Гэтак пры самай сьцяне зь левага боку за дзьвярмi, наперамешку з жанчынамi, тулiлася група падлеткаў-дзяўчатак. Стары дзяцюк Антось, што на вечарыны з барадой-дзеркачом прыходзiць панадзiў, каб каторай маладзiцы да болю твар нацерцi, якраз вунь падыйшоў да дзяўчатак i зубы пачаў замаўляць. Доўга не пастаяць iм цяпер. Зараз у рух пойдзе Антосева барада-дзяркач, вялiкi вэрхал ля парога падымецца, i дзяўчаткi, як мышы ад ката, ад Антося кiнуцца.
З правага, боку ля прыпечку й палаткаў, важна наперад свой бэбах выпяцiўшы, Кмiтава Аўдоля iз чародкай жанок расьселася. Квокча-гамонiць яна ў гэнай групе дый такую паважную позу трымае, як быццам тая каралева мiж свае дворнае сьвiты. Вочы ў гэнай чарнявай жанчыны ходзяць вельмi борзда, а язык анi ззаду не застанецца.
Неяк сварыўся раз на кабету Кмiта: «Гэта-ж каб язык твой ды ў малатарню падпрог цi што, от-бы-ж i намалацiў. Ато, як тое трапло, напуста дый бяз толку нiякага…»
Шмат Аўдолiным вачом цяпер занятку было: трэба-ж бачыць, як хто апрануўся, павярнуўся, ступiў, хто з кiм танцаваў, каторая дзяўчына на якога дзяцюка паглядала й цэлую безьлiч iншых, здавалася зусiм някчэмных, дробязяў. Аўдолi яны першай вагi былi, так як нармальным людзям паветра цi рыбе вада. Не на тыдзень, а цi на месяц аб тым, што сяньня пабачыць, гаворкi мусiць хапiць. Няма-ж як папусьцiцца, каб, скажам, якая другая кабета больш, чым яна, прыцемiла. То-ж не ў чыёй iншай, а ў Аўдолiнай хаце йгрышча было.
Тымчасам Аўдолi дрэнна бачна было, а Антосю забаўную дзеўку трудна вышукаць, бо падвешаная высака пад самай столяй закуродымленая лямпа вялiкi пакой у паўзмроку трымала. Душачыся ад тытунёвага дыму й духменi, ледзь хлiпала-лiпела ў закуродымленым шкле лямпы пярынка маленькага полымя з пляскатага кната. Даставалася-ж беднай Кмiтавай, хоць i нестарой яшчэ, падлозе. Як каторы дзяцюк у вадным куце прытупваць пачне, дык колам раз, а мо й два абойдзе, пакуль скончыць.
Музыка Тадэўка, iз цымбалiстым Язэпавым Пецькам зь левага боку, маладой i прыгожай жонкай — з правага, граньнем тым цi не ў газарт сябе ўвёў. Трохрадка хадзiла ў руках ягоных лёкка й гладка, быццам сама арганiчнай часткай Тадэўкi была. А ён прыпяваў:
Мяне здалi запiсалi
Пад Аршаву ваiваць,
Маёй мiлцы загадалi
Самой дома гараваць.
Тадэўкава жонка Надзя дапамагала музыку:
А мiлёначак ты мой,
Я цябе любiла,
Цi ажэнiсься са мной,
Я ўсё варажыла.
Тадэўка зноў на зьмену:
Ой, мiлая, ты замець,
Ад чаго я стаў бялець.
Я ў дзярэўнi, ты ў другой
Рэдка вiдзiмся з табой.
А Надзя яшчэ адну:
За гарою сучка брэша
Чорная, кудлатая,
Мяне хлопчыкi ня любяць,
Бо я нiбагатая.
Надзя была ня меншай весялухай, чымся сам Тадэўка. Некалi гармонiк гэтую пару на жыцьцёвым шляху злучыў. А моладзь круцiлася ў вiхры полькi, быццам ад спраўнасьцi й вытрываласьцi ў скоках залежала слава цэлай вёскi. Было цiмала з суседнiх вёскаў, дык мо каторыя лiтоўскiя не хацелi перад iмi падгадзiць. А Тадэўка — спацелы, iз раськiнутымi на бок даўгiмi валосамi — быццам заўзяўся, каб з ног звалiць самых найтрывальшых танцораў. Побач заўзята памагаў яму цымбалiсты Пецька. Кiйкi ягоныя, як апантаныя чэрцiкi, скокалi, перабiраючы па струнах.
Янук, прабегшыся па панадворку, перакiнуўся колькiмi словамi iз сваймi цёзкамi й сябрамi, пераступiў высокi парог сенцаў i ўжо ў хату ўвайсьцi мецiў, як нейчая рука, быццам клешчамi, сьцiснула правае плячо. Над самым Януковым вухам загудзеў бас:
— Ты казаў каму, што мяне ў Гараватцы вiдзiў?
Читать дальше