— Цяпер таварышч Маршалкаў будзiць гатоў атвецiць, есьлi ў каго ёсьць якiя вапросы.
Адразу паднялася Вульляна.
— Я-бы от хацела ведаць калi гэта мае сыны-галубкi з вайны вернуцца. Вайна-ж ужо мусiць скончылася й вы, паночак, можа скажаце…
Вульляна кутом хусьцiнкi выцiрала сьлёзы, што ў вочы наплылi. Слова «паночак» выклiкала сьмех.
— Гэта-ж даруйце, таварыш камiсар, цi як вас зваць… Гэта язык мой так па прывычцы…
— Нiчога, гражданка, нiчога, — усьмiхнуўся афiцэр.
— Дык як гэта, цi маглi-б вы сказаць? — насядала Вульляна.
— Вашых сыноў белапалякi змабiлiзавалi?
— Ага. Дый ня толька маiх, алi ўсiх зь вёскi.
У голасе жанчыны адчувалася трывога ня толькi за сваiх, але за ўсю вёску. Камiсар не сьпяшаўся. Ён паволi агледзiў прысутных. У шматлiкiх вачох прачытаў вялiкую цiкавасьць.
— Як вам ведама, сыноў вашых, братоў, мужоў i бацькоў забралi польскiя памешчыкi, асаднiкi й розная буржуазiя, каб яны пралiвалi за iх сваю кроў, каб ваявалi за iнтарэсы чужыя для сялян i рабочых, каб мець пушачнае мяса для вайны, якую яны самi-ж, значыцца белапольская буржуазiя, распачалi. Яны, канешне, груба памылiлiся й вайну прайгралi. Як пэўне вам таксама ведама, Савецкi Саюз мае дагавор дружбы зь Вялiкай Германiяй. З гэтага выходзiць, што Савецкi Саюз i лiчна Iосiф Вiсарыёнавiч Сталiн ня толькi пастараюцца вярнуць дамоў вашых змабiлiзаваных землякоў у найкарацейшы срок, але й тое, што наш саюзьнiк — Вялiкая Германiя — пойдзе нам на руку. Гэта адносiцца тых з вашых, каторыя папалiся ў плен да германцаў. Калi-ж iдзе пра тых, што злажылi аружжа нашай Чырвонай Армii, тут дзела выглядае яшчэ лепш. Iх распусьцяць дамоў неадкладна. I ў адным, i ў другiм выпадку — магу вас запэўнiць — сам таварышч Сталiн паклапоцiцца, каб землякi вашы скора дамоў вярнулiся.
— А як-бы гэта, таварыш камiсар, каб даведацца дзе яны цяпер? — зноў пыталася Вульляна. — Можа-б вы памаглi?
— Гэта можна, — згадзiўся бальшавiк. На твары ягоным зьявiлася наiўная дзiцячая ўсьмешка, што быццам гаварыла: "Ну што-ж ты, баба, ня ведаеш, як гэта лёгка? Вунь узяў ды сьвiснуў i ўжо гатова, сыны-галубкi твае заўтра дома будуць."
— Да, гэта можна, — паўтарыў Маршалкаў. — Зрабiце сьпiс усiх мабiлiзаваных i перадайце мне лiчна ў рукi, а я ўжо аб гэтым паклапачуся.
Ня толькi Вульляна, але шмат iншых лiтоўскiх з палёгкай уздыхнула пасьля такога важнага адказу ад гэткага высокага бальшавiцкага начальнiка. Цi ў ваднэй галаве пажадальныя мроi ўзялiся ўжо маляваць вобразы мiлых блiзкiх сустрэчаў.
Устаў Захарук, пакруцiў свой рыжы вус, зiрнуў на бакi й тады зьвярнуўся да новае ўлады.
— Як гэта, таварыш камiсар, скажыце нам, цяперака новыя парадкi будуць? Найболi нас цiкавiць зiмля. Хто маiць мала зямлi, дык цi яму дадуць яшчо болi, цi не? Адным словам, так сказаць, якая цяперака гаспадарка пачнецца?
— Вы гэта па зямельнаму пытаньню?
— Ага.
— Ну гэта пытаньне магу вам адказаць вельмi коратка: усе, каторыя маюць мала, атрымаюць столькi, колькi яны могуць апрацаваць. Зямля, каторую некалi забралi ў вас памешчыкi й асаднiкi, зноў станецца вашай. Панятна? Найперш, канешне будзе ў вас зроблены ўчот маёмасьц, а пасьля таго ўчоту прыдуць надзелы зямлi. Падробна гэта паясьнiць вам Канстанцiн Паўлавiч. Яго прыдзялiлi к вашаму меснаму сельсавету i яго абавязкам, як i абавязкам вашых дэпутатаў, каторых самi выбярэце, будзе абясьпечыць вас усiмi дабрамi савецкай улады. У вас, вiдаць, камiтэт беднаты ўжо зарганiзавалi?
— Да, таварыш, — устаў Сымон Пятух, — я прыдсiдацiль.
— От i добра, — сказаў Маршалкаў. — Такiм чынам гэты камiтэт мусiць адразу памагчы бедным. Гэта першае. Пасьля, — гэта я хачу асаблiва падчыркнуць, таму што гэта вельмi важнае, — у вас будуць выбары. Вы перш выбярэце дэпутатаў каторыя будуць мець сабраньне з цэлай Заходняй Беларусi i яны мусяць вырашыць пытаньне ўзьяднаньня яе з вашай радзiмай, ад каторай вас сiлай адарвалi белапалякi. Мы вас вызвалiлi ад панскага iга i эксплуатацыi i вам толькi астаецца падзякаваць за гэта ды цьвёрда й рашуча заявiць, што вы — сiлай адраванае дзiця — жадаеце цяпер вярнуцца на ўлоньне вашай радзiмы, Савецкага Саюза. Панiмаеце?
Пры апошнiх словах камiсар усьмiхнуўся, адылi ўсьмешка была няшчырай. Зь сярэбранай папяросьнiцы ён выняў даўгую папяросу. Косьцiк чакаў ужо зь сярнiком. Заля пажвавела, людзi раiлiся пра пачутае.
— Агульна хачу заўважыць, — прадаўжаў, зацягнуўшыся й выпусьцiўшы хмару дыму камiсар, — што я, улiчваючы агранiчаны час, не магу, а таму й ня буду iмкнуцца ўваходзiць у падробнасьцi ўсiх працэсаў i зьмен, каторыя для агульнага дабра прынясла вам савецкая ўлада. Магу адказаць вам толькi на галоўныя пытаньнi, каторыя падробна могуць паясьнiць вам нашы палiтрукi й актывiсты на сабраньнях, што адбудуцца ў вас. Я перакананы, што яны задаволяць вас сваiмi адказамi. Да вашай дзярэўнi будзе прымацаваны адзiн палiтрук, якi падрыхтуе вас да выбараў i iншых зьменаў.
Читать дальше