Старэйшыя стаялi групамi, апошнiя навiны ператрасалi. Адно дзецi бегалi навокал зь вялiкiм гоманам. Некаторыя падлёткi спажывалi лёгкадаступнае «дабро», прынесенае акупантамi: курылi скручаныя ў газэтную паперу карашкi. Падарожжа ў нязьведаны смак смуроднага дыму адбывалася воддаль ад бацькоў. Адно доктараў Уладзiк дэманстрацыйна скруцiў "казiную можку", ды аж закашляўся, небарака, паказваючы сваю ўмеласьць прысутным дзяўчатам. Пасьля таго, як Паялкi змабiлiзавалi вясковых дзяцюкоў у армiю, падрасла Ўладзiкава ўдзельная вага мiж мясцовых прыгажунь.
Пракоп i Алесь гаварылi зь Сявенькам. Амэрыканцу гадоў за пяцьдзесят пераскочыла, а выглядаў ён куды старэйшы. Асаблiвасьцю ягонай быў вялiкi, падобны да даўгой бульбiны, здэфармаваны нос, чырвонны ды ў жоўтых прышчох. Гэты нос быццам зьдзекваўся з прапорцыi наагул нябрыдкага твару. Сам Сявенька цi раз расказваў, што ў Амэрыцы доўгi час працаваў пры печы ў стальной хвабрыцы Пiтсбургу. Таму твар наагул, а нос асаблiва пацярпеў ад вялiкай гарачынi. Хударлявы, спрацаваны, ён цi не найбольш цiкавiўся што сюды прынёс бальшавiцкi лад. За цяжка запрацаваныя на другiм баку акiяну грошы, ён купiў гактараў звыш трыццацi ўрадлiвай зямлi. Цi дазволiць новая ўлада калiшняму амэрыканскаму рабочаму спажыць плёны свае працы на роднай зямлi?
На дарозе ля могiльнiку, суправоджаныя хмарай пылу, вырасьлi дзьве грузавыя аўтамашыны. Народ ацiх. Машыны прыблiжалiся борзда й спынiлiся на школьным пляцы. Зь пярэдняй кабiны вылез вайсковы афiцэр з трымя шпаламi на пятлiцах, а сьледам за iм iшоў Косьцiк Сабакевiч. З кузаваў пасаскаквалi жаўнеры, чалавек больш дваццацi, усе бяз зброi. Афiцэр агледзiў натоўп. Вочы сялян сачылi кожны ягоны рух.
— Здраствуйце, таварышчы! — сказаў голасным басам парасейску.
— Здрасьця! — адгукнулiся некаторыя.
— Добрую школу, таварыш Бурак, маеце, прынамся звонку. — сказаў афiцэр голасна Косьцiку. — Самi будавалi?
— Да, самi, — адказаў Косьцiк. — Пачалi пры Грамадзе, пасьля-ж…
— Гэта Грамада, каторую Палякi лiквiдавалi, цi як?
— Да, та самая.
— Ага, ну харашо, — разглянуўся афiцэр. — Пойдзем у сярэдзiну?
Гэтта Косьцiк зiрнуў на Шпунта.
— Будзьце добры, таварыш камiсар, — паказаў на Лявона, — пазнакомiцца: гэта наш месны акцiвiст i мой харошы друг з падпольнай работы, Лявон Шпунт.
— Очень приятно, — сказаў маскаль, падаўшы Лявону руку.
— Будьте любезны, заходите, — запрашаў Сабакевiч.
За афiцэрам i мясцовымi камунiстамi пайшлi маскоўскiя жаўнеры, а пасля лiтоўскiя сяляне. Адно шафёры трымалiся грузавых машын, каторыя абступiлi дзецi. Сяляне ўваходзiлi ў школу павольна, некаторыя доўга мяркавалi як прысесьцi на цесных вучнёўскiх лаўках.
Пераступiўшы парог, Янук Бахмач здрыгануўся. Нехта яго балюча ўшчыпнуў за мяккое месца. З правага боку за дзьвярмi ў паўцемры сьмехам расплылася грамада дзяўчат-падлёткаў. Здалося, што дзесь мiж пуцатых твараў мiльганулi вочы-васiлькi й дзьве ямачкi ля гарэзьлiвага роцiку. Янук наважна схапiў за руку Дунiну сяброўку Клаву, адцягнуў яе на бок i цяпер пазiраў у насьмешлiвы вясёлы тварык.
— Гэта ты што, куранё такое галапупае, шчыпацца будзiш? Я-ж цябе зараз!
Дзяўчаты пырскнулi звонкiм сьмехам, а Дуня, быццам мiж снапоў, шмыгнула мiж людзей у дзьвярох. Янук замарудзiў, пакуль пралез праз шчыльную сьцяну целаў.
Калi выглянуў на двор, дык зь левага боку ля вугла мiльганула кароткая спаднiца й босыя пяты. Хлапец узяў направа й павярнуў за вугал. Дуня спасьцерагла яго раней i нацянькi, празь Сявенкаву нiву мецiла на казлы з канюшынай. Дабегшы, дзяўчына-рагатуха раптоўна затрымалася. Твар прамянiўся гарэзьлiвай уцехай, ажно паглыбелi на шчоках ямачкi. Пад прыгожай ружовай сукенкай уздрыгвалi грудзi-пупушкi.
Ня мог затрымацца з раптоўнага разгону Янук. Аблапiў дзяўчыну й абое павалiлiся ў мяккую мядова-духмяную канюшыну. "Куранё галапупае" заходзiлася сьмехам, як мага адпiхала хлапца, а Янук шчыпаў яе за бакi.
— Пi-ха-ха-ха… пiрас-ха-ха-ха… пiрас-стань, дурненькi! Пiрастань! Ха-ха-ха! — прасiлася й задыхалася сьмехам Дуня.
Яна спрабавала адкацiцца, каб пазбыцца Януковых рук, але хлапец яшчэ больш насядаў. Дунiн твар налiўся чырваньню й яшчэ больш пахарашэў. Мяккая шаўковая сукенка, каторую Янук бачыў першы раз, лашчыла дзявочую сярэдзiну й нiз яе загалiў каленi. Адкуль нi вазьмiся, Янука апанавала тая самая млявасьць, як тады ў Дунiнай хаце. Духмянасьць сьвежай канюшыны п'янiла галаву, а ў скронях зноў пачалi малаточкi малацiць. Шорсткiя рукi, што ведалi адно пастухова пугаўё, граблi цi поручнi плуга, спынiлiся й шоўк лашчылi.
Читать дальше