— Янучок, чаго маўчыш? Скажы, пекная сукенка цi не? — крутнулася дзяўчына.
— Як табе сказаць… надта-ж пекная, надта, надта…
Януку духу нiхапiла. Дунiн твар яшчэ больш ад такой пахвалы пасьвятлеў. Янук хацеў дадаць яшчэ, што ня толькi сукенка прыгожая, але куды прыгажэйшая яна сама, ягоная Дуня. Адвагi не хапiла. А трэба-ж было гэта абавязкова сказаць. Цi раз бачыў у мястэчку каторую, прыбраную ў дарагое паненку. Але цi-ж сукенкай качаргу аздобiш? А гэтта во перад iм расьцьвiў сьцiплы i ў гэтай сьцiпласьцi цудоўны васiлёк. Якая-ж то пахвала "надта, надта"? Шэрыя, малазначныя словы. Дуня-ж зноў Януку наперад забегла.
— Цяперака, Янучок, разам на вiчарыну пойдзiм, танцаваць будзiм. Пойдзiш са мной? — станула дзяўчына ўпрытык да Янука й цяплом дыхнула ў ягоны засаромлены твар. Пажвавеў у скронях пульс. — Чаго-ж ты так чырванеiшся, га? Ня ўмеiш танцаваць? Дык навучымся, нi бядуй!
— Не, ня гэта, — буркнуў хлапец.
"Што гэта зь ёй? — ня мог уцямiць Бахмач. — Забылася пра сiськi свае, цi гэта наўмысна, каб мяне пазводзiць?"
Млявасьць расплывалася па целе, дрыготкiмi сталi каленi й кружылася галава. Нiколi раней ня зьведаў Янук такога адчуваньня. У скронях борзда бiлi малаточкi. Калi нечага неадвалочна ня зробiш, каб пазбыцца зьявы, што зусiм волю яго скавала, могуць ня вытрымаць дрыготкiя каленi ног.
— А што з табой? Чаго ты, як бурак, зачырванеўся? — насядала Дуня.
Янук раптоўна крутнуўся й кiнуўся ў дзьверы. Тыя самыя нядужыя ногi, каторыя ледзь трымалi яго ў хаце, цяпер, пераступiўшы парог, набралi няведама адкуль сiлы й маланкавым тэмпам панесьлi яго па нiве.
— Уцякаiш? Дурань, цi што? — ледзь дагналi яго дакорлiвыя Дунiны словы.
Бег як мага. Затрымаўся, каб злавiць паветра й агледзiцца цi не даганяе яго тая цудоўная зьява. Ля Макатунiшынай хаты было пуста. Сонца хiлiлася на захад. З боку Лiпавiчаў далятаў гул трактарных матораў. Янук згадаў тое, што казаў яму Пятро й наважыў заглянуць у маёнтак. Калi туды пайшлi людзi тыя "вялiкя арудзii" паглядзець, дык там i навiны будуць. А навiнаў i прасiў бацька.
Першы вянец зрубу лiтоўскае пачатковае школы зьвязалi яшчэ ў грамадаўскiя часы. «Грамаду» пасьля акупанты разагналi, таму й будынак пад загадамi «моцарствовай» улады рос вельмi неахвотна. Адылi школе мусiць пад тузiн гадоў ужо было. I нiколi за кароткi век свой ня была яна такiм асаблiвым цэнтрам увагi, нiколi ня зьбiралася ў сьценах яе так шмат сялянскага народу, як у гэны вечар, калi меў прыехаць той камiсар. Наказалi сабрацца ня толькi лiтоўскiм, але й жыхарам з суседнiх пасёлкаў.
Цяжка было яшчэ сонца з грывы лiпавiцкага саду качаргой дастаць, калi дарогамi й сьцежкамi больш дападлiвыя пачалi зыходзiцца. Падрыхтаваць школу да сходу ўзяўся сам «акцiвiст» Шпунт. I цяпер першым, што зблiжалiся да будынку, паказаўся дзiўны вобраз: на франтавой сьцяне школы вiсела даўгое чырвонае палотнiшча зь вялiкiм напiсам белымi лiтарамi, а перад iм топаў i рукамi размахваў, суправодзячы тое маханьне шорсткай лаянкай сам у собскай асобе выдатны вясковы франт.
Прычына нязвычайнага Лявонава паднечаньня ўсiм на воку была: Прывiтальны лёзунг апавяшчаў: "Да Здравствует Доблестная Освободительная Р К К А!" Апошнiя чатыры лiтары мiж сабой вялiкiя прамежкi мелi. Нехта чырвонай хварбай замазаў першую лiтару, а мiж двух «к» намаляваў белай хварбай вялiкае «а».
— Вы паглядзiце, людцы добрыя, што зрабiлi! — крычаў «акцiвiст» Шпунт, паказваючы пальцам на вялiкi клiч. — Ну цi ня вырадкi гэта? Я-ж iм, такую-растакую, пакажу!
Першымi прыйшлi Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Парасейску жанчыны чытаць ня ўмелi, дый наагул малапiсьменнымi былi, адылi знайшлi сэнс у вапошнiх чатырох лiтарах, зь якiх выйшла зусiм зусiм неадпаведнае Лявонаваму смаку слова.
— Глядзiце, што басота з пасьледнiх букваў зрабiла! — калацiўся Лявон. дзяцюк быццам да шлюбу адфранцiўся: як цаца касьцюмчык, выглянцаваныя чаравiкi. Адно растрэсены хвалiсты чуб, чырвоны ад злосьцi твар ды расшпiлены каўнер з адцягнутым гальштукам выказалi яго паднечаньне.
Пасьля пачатковае няўцямнасьцi, жаночыя твары расплылiся поўным, шчырым сьмехам. Гэтаксама рэагавалi й iншыя сяляне, калi зразумелi прычыну «акцiвiставага» ўтрапеньня.
— Чаго рагочаце, ёлупы нiдапечаныя? — грымеў дзяцюк. — Гэта жартачкi вам, цi што?
Учора пад вечар, паклiкаўшы на дапамогу Пiлiпава Арсеня, прывёз Лявон з дому драбiну ды разьвесiў палатно з напiсам. Поўбяды было-б, калi-б палатно зь Лявонавай iнiцыятывы зьявiлася. Сам Косьцiк Сабакевiч, каторы ў Лявонавых вачох куды падрос як ля большых бальшавiцкiх начальнiкаў стаў ацiрацца ды ў сельсавет залез, наказаў яму гэтак:
Читать дальше