— Зрабi, дружышча, усё, каб гэтым разам тварам у гразь нi падаць. Палатно з лозунгам на вiдным месьця павесь, штоб нашы асвабадзiцiлi вiдзiлi, панiмаiш, як народ з нашай дзярэўнi iх прыветствуiць.
Лявону ня трэба было казаць, якой задняй думкай Сабакевiч кiраваўся. Нясоладка пасьля забойства Макатунiшкi пры браме было. Цяпер трэба было натужыць сiлы, каб "асвабадзiцеляў" добра ў роднай школе прывiтаць. I вось у якi бок яно павярнулася. Лявон зусiм страцiў раўнавагу, стаяў перад палотнiшчам, размахiваў рукамi, брыдка й голасна лаяўся. Людзi рагаталi й дзiва няма, што «акцiвiст» бачыў сябе аб'ектам таго сьмеху. Ды замiж таго, каб думаць як пазьбегчы новае катастрофы, ён у галаве сваей, нянадта на розум спорнай, нiяк ня мог знайсьцi асноўнага адказу: якiм чынам шкоднiк узабраўся аж пад страху й напэцкаў тое, што так брыдка чыталася.
— А хто-ж гэта так зрабiў, каб яго пранцы? — стрымаўшы сьмех, пыталася Кмiтава Аўдоля.
— Ды цi я ведаю? — разьвёў рукамi бездапаможны Лявон. — Гэта-ж каб я ведаў, каб ён мне ў рукi папаўся, дык я-б яму во гэтымi собсьцьвiннымi рукамi галаву адкруцiў-бы. Ды вот што мне нiясна: гэта-ж як ён аж пад страху ўзьлез? Учорака я драбiну прывазiў, а гэты во, — чорт яго бацьку знаiць — як гэта ён узьлез…
Негаманлiвы Аўдолiн Тодар, што даўгаваты час стаяў i прыглядаўся збоку, нарэшце адчынiў рот.
— Дык гэта-ж што ты, нi дадумаўся? Вiдзiш унь Сявенькавы пустыя казлы стаяць, дзе канюшына паськiдана? От прыцягнуў iх сюды, паставiў i ўзьлез.
Запраўды Тодарава спасьцярога мела добрую аснову. Побач на Сявенькавым канюшынiшчы стаялi козлы. Зямля тут добра радзiла й Амэрыканец нядаўна скасiў ды параскладаў сушыцца канюшынную атаву. Адно ля пустых козлаў ляжала збоку вялiкая куча.
— Ты праўду, Тодар, сказаў, - распрамянiўся Лявонаў твар, быццам гэта ён сам, а не Аўдолiн цiхаманы муж гэнае адкрыцьцё зрабiў. — Ну я яго, чарта лысага, знайду, я яго iз пад зямлi выкапаю! Пазнаiць ён як новую савецкуў ўласьць аскарбляць! — зноў злосьцю сьцяўся Лявонаў твар.
— Ды ты, Лявон, от пакуль яго знайдзiш, дык падумай што рабiць цяперака, — цiхiм i разважлiвым голасам параiў Кмiта. — Зараз-жа можа камiсар прыедзiць…
— Так, так, ты праўду кажаш. Але што рабiць? — затопаў заклапочаны Лявон.
— Давай во зьнiмiм ды ўсё.
— Зьняць? Дык гэта-ж мне сам Косьцiк яго даў. Як-жа так, проста зьняць?
— Ну а як-жа паправiш?
Лявон нiчога ня выдумаў i топаў-бы мо яшчэ доўга, калi-б яго Тодар не спанукаў. Наапошку прызнаў рацыянальнасьць Кмiтавай думкi. Зь Сявенькавай нiвы прыцягнулi казлы, падставiлi да школьнай сьцяны ды зьнялi палатно з тым прывiтальным клiчам.
Расла ля школы гушча людзей. Прыходзiлi маладыя й старыя, жанчыны. мужчыны й падлёткi, быццам на веча надзвычайнае. Само слова «камiсар» дзiўнавата гучэла. Што гэта за чын такi? Ваенны цi цывiльны? Сама найстарэйшыя, якую вунь якую даўнасьць ды розныя злыбяды й чужыя ўлады памяталi, намагалiся нейкiя адпаведнiкi знайсьцi, да цяперашняга прымерыць, хоць само цяперашняе больш загадкавым чымся ўчарашняе сталася. На адным усе да згоды прыйшлi, што высокi той чын меў быць. А калi такога чалавека да iх у Лiтоўцы пасылаюць, дык пэўне-ж нешта надзвычайна важнае iм скажа, бо "вялiкi чалавек малымi дзяламi ня будзiць рук пэцкаць".
Раскажа, пэўне-ж, як жывуць людзi ў тых калгасах, каторыя вось чырвонаармейцы пад нябёсы каму трэба й ня трэба выхваляюць. Дый наагул можа раскажа, што iм новая ўлада дасьць. Цi хто тады думаў, што ня ўлада iм, а яны ўладзе даваць маюць? Жаўнерам ты вер i ня вер. Адно ўжо надта дапытлiвыя людзi на языкi ўзялi, што надта-ж усё ў Гацях бальшавiкi раскуплiваюць. У кажнага грошы жмут, усе крамы да сьцен агалiлi. Панясi цi павязi што на продаж, зьмятуць адразу, быццам век таго ня бачылi. А калi ў вас дома рай такi, усяго так уволю, як апавядаеце, дык чаго на наша налятаеце, як мухi на лiпучае?
Людзей прыбывала. Надыйшоў Амэрыканец Сявенька, што наагул рэдка калi ў людзi паказваўся. Нармальным здалося, што зьявiўся лекар Зянькевiч, катораму нiякай патрэбы да iншых хадзiць ня было, бо свая хата людзьмi заўсёды поўнiлася. Лiтоўскага патрыярха Якуба сын Васiль на калясцы прывёз. Дзед ссаў неадлучную люльку, асьцярожна зьлез з возу, прывiтаўся зь вясковымi. На яго ўсе зьвярнулi ўвагу. Крыху пастаяўшы, Якуб побач сына паклыпаў у школьную залю.
Удава Вульляна, што на спорным кавалку зямлi ля балота жыла, адразу выказала жанчынам свой намер, што пра сыноў-галубкоў, каторых Палякi ў войска забралi, абавязкова камiсара распытаецца. Яе падтрымалi iншыя, каторым пра родных хацелася што-небудзь даведацца. Ацiхла над Бугам вайна, дык цяпер i неба праясьнiцца мае.
Читать дальше