Мы разам ішлі з клуба, селі на лаўку, доўга цалаваліся, потым, не дамаўляючыся, пайшлі ў тую самую пуню... Але... ня ведаю чаму, у нас, скажу праўду – у мяне, нічога не атрымалася... Нічога. І дасюль я… Аднак, пра гэта – пазьней, потым!
Пазьней. Як-небудзь напішу – дапішу… Пазьней…”
Кавярня, у якой “заўсёды ёсьць вольныя столікі”, аказалася звычайнай сталоўкаю (хоць і называлася “Кафе” – з вялікай літары) і столікі ў ёй пустыя і сапраўды былі, бо людзі тут не заседжваліся: куплялі, як у сталоўцы, на паднос, першае, другое і кампот на трэцяе, зьядалі і сыходзілі.
Яны таксама сталі ў чаргу з адным на двух падносам, ён набыў па соку і па булачцы (больш нічога не хацелася) і селі ў самы далёкі куток. Калі плаціў грошы, заўважыў, што Маша перазірнулася з касіркаю – як са знаёмай, але пытаць нічога ня стаў.
Размова ў гэтай забягайлаўцы не вязалася, яму было няёмка, увесь час здавалася, што тая касірка зыркае ў іх бок і нібыта выганяе: засядзеліся, вызваліце мейсца іншым. Сок выпіўся, булка не жавалася і ён сказаў:
“Мо пойдзем, нешта мне тут не падабаецца...” – і міжволі зірнуў у бок касіркі.
Марыйка здагадалася, ўсьміхнулася:
“Гэта Таня – мая былая аднакласьніца... Таму нам можна тут пасядзець і пабольш...”
Стала крыху лягчэй, але настрой ужо быў сапсаваны. Калі ў першы вечар ён лятаў вакол яе бы голуб каля галубкі, стараўся спадабацца, то зараз сядзеў нахохліўшыся, як верабей па страхой узімку. І таму ініцыятыву зноў ўзяла яна, згадаўшы, пэўна, дзе яны ўпершыню пабачыліся:
“Ты даўно пішаш?”
“З дзяцінства...”
“Ха-а… – яна пасьміхнулася, пэўна, нешта згадаўшы, – а дзе друкаваўся?”
“Практычна нідзе... Не хачу сьпяшацца...”
“Пачытаеш сваё?”
“Тут і цяпер?”
“Так. Пачытай.”
Ён зразумеў, што размову трэба пераводзіць на нешта іншае: не хапала яшчэ тут чытаць свае вершы. Узахлёб: ха-ха! Яны сядзелі насупраць адно аднаго, твар у твар, ён даверліва ўзяў яе рукі ў свае і сказаў:
“Давай усё ж пойдзем адсюль...”
Яе зьдзівіў гэты ягоны рух, але і спадабаўся. Рукі яна не вызваліла, а зірнула ў вочы і пагадзілася. Яму падалося, што ў гэты момант між імі адбылося нейкае паразуменьне: нібыта іскра праскочыла паміж “плюсам” і “мінусам” ці “мінусам” і “плюсам” (хлопцам і дзяўчынаю, жанчынаю і мужчынам) і пачалі яны прыцягвацца адно да аднога... “Магніт спрацаваў: пачалося каханьне?” – падумаў ён – з надзеяй і боязьзю. Дзіўна, але ён не перажываў яшчэ такога пачуцьця ў жыцьці. Пэўна, затармазіўся ў разьвіцьці і тое, што да кагосьці прыходзіць у трынаццаць ці чатырнаццаць, як да Рамэа і Джульеты, да яго пастукалася толькі цяпер… У задуменьні ён выйшаў нат не кіўнуўшы сяброўцы Марыйкі і не зьвярнуўшы ўвагі на яе разгублены погляд.
Дождж скончыўся, на вуліцы было сьвежа і чыста, а галоўнае – цёпла. Такое надвор’е яму падабалася, ён “адагрэўся”, зноў стаў самім сабою, але чамусьці спахмурнела Маша, страціла сваю актыўнасьць, зрабілася такой, якою была на тым паседжаньні і яму спадабалася. Ён падумаў, што яны нібыта спалучаныя сасуды: калі ў яго добрага настрою прыбаўляецца, дадаецца – у яе адымаецца, і надварот. Добра гэта ці кепска? Ён ня ведаў. Але чым болей гаварыў, чым больш настойлівым рабіўся, тым болей сумавала яна, хавалася ў сябе, адказвала адным словам: “Ага”, альбо “Не”.
Ён так і не зразумеў, што здарылася, адкуль, ад чаго адбылася ў яе такая рэзкая перамена. Давёў да дому, заўважыў, як яна міжволі зірнула на вокны на сваім паверху (чацьвёртым, прыкінуў ён).
“Сьвятло ў кватэры не гарыць, бацькі не прыехалі...” – сказала: ці то запрасіла да сябе, ці то не.
“У цябе браты і сёстры ёсьць?”
“Ёсьць, старэйшы брат, цяпер ён у Чэхіі...”
“Вучыцца?”
”Не, эміграваў, папрасіў прытулку”
“О...”
“Потым раскажу...”
Ён здагадаўся, што магло быць з ейным старэйшым братам, чаму той зьехаў: сям’я беларускамоўная, яны з Машай ад пачатку, не дамаўляючыся, размаўлялі толькі па-беларуску (і вершы на “мове” чыталі на паседжаньні), значыць, хутчэй за ўсё, апазіцыянер, і зьехаў вымушана пасьля нейкіх мітынгаў ці злоўлены на “графіці” – за надпісы “Далоў дыктатуру!” ці яшчэ што далоў альбо “Жыве Беларусь!”, як часта цяпер бывала...
“Ты, можа, таксама зьбіраешся?”
“Хто яго ведае – брат не зьбіраўся, а зьехаў.”
“Сумна без яго?”
“Як сказаць? Нязвыкла… Між намі адзін год розьніцы – усё жыцьцё разам.”
“Хочаш, я пайду да цябе?”
“Не, не... ня трэба...”
Читать дальше