Цяпер іх у камеры было дванаццаць на восем "койкамесцаў" на ўзвышэньні-нарах, якія тэатралка назвала "сцэнай". Такая ж самая прыбіральня без дзьвярэй, насупраць ложкаў, адгароджаная ад стала цаглянай паўсьцяною. Толькі дзьве дзяўчыны з Маладога Фронту і адна з “Зубра” ўжо мелі затрыманьні. Але і ў іх досьведу сядзеньня ў камерах не было, бо іх арыштоўвалі на ноч, а ранкам з пастарунку адпускалі. Сярод дзяўчат было некалькі веруючых – і сур’ёзна. Дарэчы, якраз маладых вернікаў на плошчы было нямала, і амаль усе беларускамоўныя і патрыятычна настроеныя – гэта Марыйка яшчэ там заўважыла.
Калі пасьля судоў усталявалася нейкая пэўнасьць – дваім далі па пяць сутак, чацьвёра з якіх яны ўжо адсядзелі ды рыхтаваліся выходзіць на волю, сямі па дзесяць і тром па пятнаццаць – трэба было неяк наладжваць сваё жыцьцё, быт, так бы мовіць. Як ні дзіўна, гэта далося найлягчэй.
Старэйшыя склалі распарадак дзяжурстваў, жартам разьмеркавалі абавязкі: журналістка – адказная за інфармаванасьць “хаты”, тэатралка – за “мастацкую самадзейнасьць”, менавіта яна лепш за ўсіх сьпявала, асабліва энэрэмаўскі “Паветраны шар”, адна з дзяўчын стала адказнай за фізпадрыхтоўку, другая за харчаваньне... Марыйцы дасталася “функцыя кантролю за выкананьнем” усяго ўсімі, і галоўнае – распарадку, а гэта значыць найперш – графіку дзяжурстваў па камеры. Потым жартам яны сталі сябе называць міністрамі “хаты”: інфармацыі, эканомікі, культуры, спорту…
Вечарам, калі “запрацавала” турэмнае радыё, Марыйка з радасьцю даведалася, што Алесь таксама тут, на Акрэсьціна, і яму таксама далі дзесяць сутак. Значыць, выйдзем разам – шчасьліва падумала Марыйка.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Ён так блізка… Чаму я так шмат думаю пра яго? Я заўважыла: ён моцна зьмяніўся. Стаў больш жорсткім да сябе… З размовы нашай вынікала, што за той час, як мы ня бачыліся, ён шмат перажыў, перадумаў. Стаў займацца самаадукацыяй, вярнуўся ва ўніверсітэт (цяпер, мусіць, зноў – бывай, вучоба…). Я ня ведаю, як складуцца нашыя адносіны далей. Але я хацела б быць побач з ім. Толькі выбіраць, напэўна, будзе ён...
Што гэта я так? За сваё каханьне трэба змагацца. А я ўжо здалася… Ці, можа, гэта ўпэўненасьць у тым, што ён ужо мой? Упэўненасьць пасьля тых дзён на плошчы, упэўненасьць ад таго, як ён абрадаваўся, убачыўшы мяне, упэўненасьць ад таго, што ён, казаў, шукаў мяне і думаў пра мяне…
Згадваю, як нас арыштоўвалі на плошчы. І не магу не сказаць: многія з нашых хлопцаў, можа, упершыню паводзілі сябе гэтак мужна і абаранялі не саміх сябе, а дзяўчат, жанчын. Рызыкавалі сваім здароўем. І ён, Алесь, таксама… Тут адна дзяўчына казала, што яе сяброўку маці выправіла на плошчу са словамі: “Ідзі на плошчу, каб там сабе нармальнага хлопца знайсьці”. І сапраўды, самыя лепшыя беларускія хлопцы былі ў тыя дні на плошчы. І сярод іх – мой, так, мой Алесь…”
Кармілі кепска. І два разы на суткі: раніцай і ўвечары – хоць па законе трэба тры. Як мінімум: сьняданак, абед, вячэра. Казалі, што кухары не спраўляюцца, бо дужа шмат арыштаваных. Новых кухараў браць – навошта: вы тут госьці, праз дзесяць дзён ізалятар зноў увойдзе ў сваё звычайнае жыцьцё… З таго, што давалі, без сумненьня есьці можна было толькі хлеб. А давалі яго чацьвярцінку дзевяцісотграмовай буханкі на суткі і 75 грамаў батона раніцай. Мякіш хлеба ішоў і на выраб розных патрэбных рэчаў – шашак, шахматаў, папяльнічак... Абрыдла тушаная квашаная капуста, якую тут называлі “бігас” – смурод, які ў рот браць нельга было. Толькі адзін раз далі прыстойны гарохавы суп. Усё астатняе есьці было немажліва і яны фактычна галадалі, пакуль не пайшлі перадачы з волі.
Калі прыйшла першая перадача, дзяўчынка, якая яе атрымала, заплакала… А потым іх “хату” закідалі харчамі і рознымі патрэбнымі і непатрэбнымі ў турме рэчамі. І ня толькі родныя і сябры, але і незнаёмыя – праваабаронцы.
Адно турбавала: з перадач зьнікалі кнігі. Дзейнічала своасаблівая цэнзура ці міліцыянты проста самае цікавае забіралі сабе? Пэўна, і першае, і другое. Але часьцей другое, бо як тады расцаніць тое, што праходзілі “крамольныя” беларускамоўныя гістарычныя кнігі Караткевіча ці Арлова, а зьнікалі – “ізымаліся” – кнігі Даўлатава ці Стывена Кінга? З газетаў прыходзілі ўсе. Нават “Наша Ніва” з артыкуламі пра плошчу і выбары, з успамінамі “каліноўцаў”, а слова гэтае ўсё часьцей пачало ўжывацца адносна жыхароў намётавага мястэчка, і нават паведамленьнямі ад тых, хто сядзеў у турмах…
Читать дальше