– Доктара! – закрычала Анюта. Дрэнна разумеючы, што трэба рабіць, яна пачала распранаць Паўла, які не выпускаў з рук гвазьдзікі. Паказалася курыная ашчыпаная шыя, бледныя грудзі, ружовыя смочкі ў рудым пуху. Анюта, якую за пропускі заняткаў па мэдыцыне цалкам маглі адлічыць з унівэрсытэту, сутаргава сарвала з Паўла кашулю й на гэтым вырашыла спыніцца.
– Доктара!
Сакратар хмыкаў і хадзіў узад-уперад. Урэшце ён штурхануў Анюту ў сьпіну й сказаў не дапускаючым пярэчаньняў голасам:
– Аня, зрабіце што-небудзь.
Анюта залямантавала:
– Тут ёсьць хто-небудзь з мэдвучэльні?
Растаўхаўшы разгубленую раённую моладзь, на яе крык зьявіўся нікому не знаёмы малады, зусім невысокага росту чалавек з дзявочымі кудзеркамі й пухлымі шчакамі, залітымі нездаровай чырваньню – такое адчуваньне, быццам у яго была высокая тэмпэратура. Ён схіліўся над Паўлам, як над гранітнай дошкай, і перад тым, як прыняцца за справу, абярнуўся й з тугою, нібы просячы прабачэньня, паглядзеў на супрацьлеглую сьцяну – белую, белую, белую.
115.
Мы зьязджаем адсюль. Мы кладзем на падлогу поліэтыленавыя пакеты, бо мазаіка гэтага паркету нам ужо не належыць, мы адно й можам, што рабіць кароткія пералёты зь месца на месца, як свойскія птушкі; калі нам і даводзіцца наступіць на якую-небудзь дошачку, мы адразу ж адторгваем нагу й з палёгкай ступаем на хрусткі ды хісткі мосьцік, пад якім каламутна прасьвечваюць нашы колішнія сьляды.
Мы зьязджаем адсюль. Паравозік чамаданнай маланкі аніяк не даедзе з пункту А ў пункт Б, і пакуль ты каленам прыгінаеш дэрмантынавы ляндшафт, я ўсё ж прымушаю яго прыбыць на станцыю прызначэньня. Шкло апранаецца ў газэты, бы рыхтуецца да трансарктычнага падарожжа; сьвятло гарыць ва ўсіх пакоях.
Мы зьязджаем. Картонныя рукі старых каробак закутыя ў кайданкі, усё навокал завязанае на адмысловы вузел – вязьмо тых, хто зьязджае. Шрубкі й цьвічкі дзынькаюць пад нагамі, і ў апусьцелых памяшканьнях ня чуецца болей спакою. Вызваляецца плошча, і мы зьдзіўляемся – як шмат тут квадратных мэтраў, якія не пасьпела асвоіць нашая любоў. Раптам знаходзіцца калісьці зьніклы бязь вестак шалік – мы нават ня памятаем ужо, хто яго насіў, ты або я.
Адсюль. Ад палавіцаў, на якіх можна граць “Разьвітаньне з радзімай”, ад паголеных аконных броваў, ад шызых простакутнікаў пылу на паркетным узоры, ад павуціньня, якое апынаецца такім трывалым і рвецца толькі на сярэдзіне калідору. Ад ліхтарнага сьвятла, якое яшчэ ўчора разьбівалася аб драўляныя дамбы шафаў, а цяпер нарэшце здолела выкласьці свой нескладаны малюнак на забароненую роўнядзь.
Усё меней укрыцьцяў для ворана, усё меней крэслаў для стомленых, усё меней падключаных да сеткі рэчаў. Адчыняюцца ўсе тайнікі, і адтуль выходзяць падсьлепаватыя маленькія стварэньні ды машуць нам доўгімі хударлявымі рукамі. Прастора няўхільна рэпрадукуе сама сябе, і вось ужо непражаванае жыльцамі рэха ліхадзейным колам куляецца-коціцца па дывановых калюгах. Аднак мы маем яшчэ трохі часу. І ў апошні раз падымаем слухаўку.
116.
– Не глядзі, не глядзі, – амаль крычу я й засланяю экран; суворы навуковы голас удараецца мне ў копчык і разьбіваецца на сотні словаў, іхная плынь абцякае мяне й намагаецца зноў злучыцца ў адзінае цэлае на ўзроўні жывата. Яна са сьмехам спрабуе зазірнуць за мяне, круціцца ўлева, управа, узіраецца празь мяне, на яе вуснах блішчыць вясёлая сьліна. Я адводжу рукі назад і абхопліваю імі экран, яна тыцкае ў мяне пультам, быццам хоча мяне выключыць. Там, на экране, залатыя шлемы, бліскучыя рогі, адтуль сыплюцца жудасным порахам дзіўныя словы: тымультыністарта, Іштар, нінэвія. Я дацягваюся да патрэбнай кнопкі й націскаю яе. Усьмешка перада мной згасае.
У яе пачарнелі зубы. Я й ня ведаў, што яна даўно ня ходзіць да стаматоляга, яна заўжды размаўляла так мала, так бедна, так непераборліва, расьціскала вусны толькі на мілімэтр, каб даць вылецець надакучліваму, вымушанаму слову. Яна была абазнаная ва ўсходніх травах, таямнічых зёлках, зь яе роту пахла духмянасьцямі. Напэўна, яна жавала іх употай, як дзеці жуюць дравесную смалу.
Яна працягвае мне тэлефонную слухаўку. Як шкада, што мне толькі адзін раз удалося зграць сапраўднага ворана.
– Мяне завуць Жучок, Пётр Мікалаевіч Жучок... Вы, відаць, чулі...
Я прамаўляю нешта.
– Рэч у тым, што... Пра гэта пісалі нядаўна ў семдзесятвасьмёрцы... У мяне юбілей... Якраз перад сьвятам.
– Віншую, – я халодны, як рукі І.
– Я хацеў бы зьняць у вас залю на вечар... Мне казалі...
Читать дальше