Праз колькі хвілінаў, здолеўшы захаваць прыемную нерухомасьць, Малады Мастак зразумеў, што адплюшчыў ён пакуль толькі адно вока. Вылаяўшыся і адчуўшы ад гэтага прыліў сілаў, ён паспрабаваў адплюшчыць другое, ды хутка здаўся, бо начыста забыў, якім чынам гэта робіцца. Які ж орган трэба ўключыць? Малады Мастак вырашыў пачаць з самага важнага, і неўзабаве з жахам адчуў, як пад ім разьліваецца цёплае, утульнае мора. Лежачы на ягонай паверхні, ён лаяўся да таго моманту, пакуль побач нехта не здрыгануўся і перад носам Мастака не прапаўзла валасатая пачвара, пакрытая чырвонымі плямамі.
– Майк? – аднымі вуснамі спытаў Мастак.
Майк пацалаваў яго ў вока й прашаптаў, дыхаючы перагарам:
– Ляжы. Я прынясу папіць.
– Майк...
Мастак заплакаў, і ягонае правае вока, растопленае сьлязьмі, урэшце адкрылася. Неўзабаве Мастак адчуў, як у рот ягоны крапае вада. Майк тым часам аблізнуў Мастака там, дзе было так балюча, і Мастак прыпадняўся, схапіў за валасы гэтую бледную, пакрытую шчэцьцю, галаву й адкінуў падалей. Майк сеў, абхапіў калені рукамі й заскуголіў.
– Ну не крыўдуй, – Мастак, пальцамі масіруючы лоб, пачаў адной рукой нацягваць на сябе шорты. – Табе ўчорашняга мала было? Ну ўсё, усё. Слухай, сёньня камісыя з мэрыі прыязджае. Трэба быць у форме. Ты ня бачыў, дзе ключ ад майстэрні?
– Яна адчыненая, – Майк лёг, рассунуў ногі.
– Што?
Мастак кінуўся да дзьвераў у суседні пакой, таргануў ручку – замок ляскнуў і не паддаўся. Ён у шаленстве абярнуўся: гэты педзік нячутна ржаў, пагладжваючы сябе паміж ног. “Жарт, жарт, – усьмешка зьнікла зь ягонага твару. – Я проста хацеў цябе павесяліць. Ключы ў цябе ў джынсах”.
– Слухай, – Мастак кінуўся да заплечніку, што валяўся пад шафай. – Камісія прыязджае, разумееш? Першы прагляд. Так што давай зробім так. Ты прыбярэш тут, а я схаджу прынясу чаго-небудзь перакусіць і потым пагляджу на мадэль, трэба дапрацаваць там трохі... Вось, ёб тваю, толькі два флаконы засталося.
Ён трымаў у руцэ два флякончыкі “Панацэну” і паскудная хваля падступала да ягонага горла. Абдзіраючы пазногці, Мастак ускрыў адзін і таропка прыпаў да плястмасавага рыльца. Спачатку вадкасьць не хацела ліцца ў глотку, застравала між зубоў, ападала пад языком і чамусьці ліпла да нёба, аднак Мастак страшэнным намаганьнем волі прымусіў сябе пракаўтнуць зьмесьціва флякону. Ён пастаяў трохі, баючыся заплюшчваць вочы, дачакаўся, пакуль з галавы, бы дым з пракуранага пакою, выйдзе ўвесь той панылы боль, які пакінуў Мастаку ў спадчыну ўчорашні дзень, і кроў зноў забурліць, і запрацуе абураны, выведзены з гіпнозу страўнік.
– Жыць стала лепей, жыць стала весялей, – крыва пасьміхнуўся мастак і, на імгненьне спахмурнеўшы, потым радасна адрыгнуў. – Кіслотна-шчалачны балянс адноўлены, можна зноў слухаць птушыныя сьпевы. Апранайся, дупа.
Абуваючыся, ён з зайздрасьцю глядзеў, як Майк нетаропка пасёрбвае з флякону, і думаў пры гэтым, ці не папрасіць сёньня ў пінжачных дзядзек сякога-такога авансу. У дамове, праўда, было пазначана, што заплоцяць яму напярэдадні сьвята, аднак можна было спаслацца, напрыклад, на недахоп матэрыялаў.
– Не хвалюйся, – прасьпяваў мякка Майк, дапіўшы “Панацэн” і капаючыся ў колбах на стале. – Я скажу тату, ён падкіне яшчэ панацэнчыку. Можа, нават пасьлязаўтра. У іх там якраз завоз, а ў таты нефіговая зьніжка. Мілы, а можа, паўторым сёньня. Можна Але зазваніць...
– Маўчаць, – заклапочана прарычэў Мастак, зірнуўшы на гадзіньнік. – Спачатку прымем камісію. Калі ўжо да цябе дойдзе. Каб празь пяць хвілін тут было чыста як ...
85.
Пінжачных дзядзек было трое, а зь імі – дзьве пінжачныя цёткі, якія, хоць і трымаліся ззаду, зьяўляліся, бясспрэчна, галоўнымі сябрамі камісіі. Мастак імкнуўся паводзіць сябе ветліва, кінуўся здымаць зь цётак пінжакі, тыя спалохана занялі непрыступныя позы, і Мастак быў вымушаны апраўдвацца. “Я выглядаю нейкім прайдзісьветам”, – з прыкрасьцю падумаў ён, незнарок пабачыўшы сябе ў люстры. Урэшце камісія, не разбуваючыся й не пасьміхаючыся, прайшла ў пакой. Мастак гасьцінным гэстам запрасіў іх прысесьці, але ад убачанага ў пакоі ледзь не ўпаў на канапу сам. На табурэце ў цэнтры пакоя сядзеў, закінуўшы нагу за нагу, Майк у кароткім, значна вышэй за калені жаночым халаце й маляваў нешта на вялікім лісьце ватману. Дзядзькі з жахам глядзелі на валасатыя, плямістыя Майкавы ногі й, здавалася, не маглі адвесьці вачэй.
– Гэта студэнт, з Акадэміі, – прамармытаў Мастак, засланяючы Майка сьпінай. – Бярэ ўрокі.
Читать дальше