Маленькі лекар паглядзеў у келіх: барвовае колца на дне скакала й скручвалася ў сьпіралькі. “Трызьніш, трызьніш”, – закрычаў ён весела, але не пачуў свайго голаса, і прыкусіў язык. Кіроўца ўтаропіўся ў адну кропку й працягваў:
– Падаю я ў гэтую грашовую завіруху, усё падаю й падаю, і не відаць ёй ні канца, ні дна... Вакол адны грошы. Тады я, відаць, прытомнасьць і страціў. Адрубіўся як... Ну, ты разумееш. Ты слухай.
– Я слухаю, – прамармытаў Маленькі лекар. У дзьверы цяжка, грузна бухнула, і потым голас жонкі вылаяўся – па-мужчынску, мудрагеліста й рычліва.
– Тараніць... – скрывіўся кіроўца. – А вось я табе...
Ён узьняў рулю й спусьціў курок, але стрэльба толькі бясьсільна шчоўкнула.
– Карацей, ачуняў я ў нейкім пакоі. Невялікім такім, як палова гэтага. Ні вокнаў, ні мэблі, ні дзьвераў. Нічога. Гладкі як залупа. Толькі ў куце нешта валяецца. Паўдні я ў ступары праляжаў, а пад вечар падняўся. Жэрці захацелася, ды ўсё астатняе: чалавечае ў ва мне прачнулася, ажыў я. Падыйшоў зірнуць, што ж там у куце. Гляджу, а гэта мужык нейкі, у касьцюме дарагім, культурны такі мужык. Толькі мёртвы. Ну праўда – мярцьвей не бывае. Вочы вылезьлі, і сьмярдзець пачынае. А ў руцэ ў нябожчыка – чамаданчык. Як бы мне пагана ні было, а потым я чамаданчык праверыў. Далярамі набіты пад завязку.
– Нешта гэта ўсё мне...
– Ды ты слухай далей, знахар. Хутка я ўжо зусім час страціў: колькі цяпер, і які дзень, і дзень ці ноч: хто яго знае? Доўга баяўся падыйсьці да мерцьвяка гэтага, аднак потым наважыўся: даляры сабраў, па кішэнях парасьпіхваў, сяджу, чакаю немавед чаго. Мінае, ну, скажам, пару гадзін, я вуглы ўсе абгадзіў, і адчуваю: з голаду падыхаю. І піць хочацца. Празь нейкі час ад голаду й смагі зноў адключыўся. У пакоі ні лямпачак, ні фіга, а сьветла, як днём. Прачынаюся: холадна, зуб на зуб не трапляе, адчуваю: усё – паміраю. Ну, думаю, пара мерцьвяка есьці. Нос затыкаю, падпаўзаю да яго, азіраю: бляваць хочацца, а няма чым. І тут заўважаю – так, ведаеш, левым вокам – грошы з маёй кішэні тырчаць. Я іх паклаў у рот, пажаваць, страўнік падмануць. Палягчэла. Яшчэ пажаваў. Смачна, ё-т акаёт! Так я некалькі паперак зжор. Адчуваю – сілы вярнуліся. Пажыву яшчэ, думаю, пажыву.
Кіроўца радасна ўсьміхнуўся самому сабе, пацёр нос, а калі адняў руку, вусны ягоныя зноў былі набрынялыя тугою. Ён зазірнуў у бутэльку й расчаравана ўздыхнуў:
– Пакапаўся я па кішэнях у таго дохлага і што, як ты мяркуеш, знайшоў? Паўлітровічак! Цалюсенькі! Выпіў, сагрэўся, наеўся-нажорся й заснуў. Прачынаюся, а тут дзьверы адчыняюцца і баба заходзіць. То, разумееш, на дзьверы ні намёку, ні шчылінкі не было, а тут – і дзьверы, і баба. Я на яе, так і так, а яна ў крык і ўцякаць. Потым зноў – ні дзьвярэй,ні бабы. Я яшчэ далярамі закусіў і зноў спаць. А што ж мне рабіць: сілы трэба. Цэлы дзень я тую бабу клікаў. Цішыня. Так я і жыў у гэтым пекле – доўга, можа, зь месяц , у мяне там календара не было. Баба потым яшчэ некалькі разоў прыходзіла. Спачатку крычала ды ўцякала, а потым на які час заставацца пачала. Па вуглох пачысьціць, мерцьвяка дэзікам спырсьне. А неяк яна памыла, сыходзіць – а я яе за азадак: ідзі сюды, мілая. Ну, мы зь ёй таго сяго, яна й не супраціўлялася. Потым пачала штодня прыходзіць, жратву прыносіла, але я ўжо ўсё – бяз баксаў не магу. Як маракі да рыбы прывыкаюць, так я да гэтых паперак. Фірмовая страва ў нашым рэстаране. Баба гэтая мяне, дура, адвучыць хацела – на, кажа, катлет табе, а неяк, памятаю, селядца прыцягнула. Мяне званітавала адразу, як я гэтыя хвасты пабачыў. Яна ж, муха паганая, скандаліць пачала. Міліцыяй пагражаць, падла. Заб’ю яе як-небудзь, зуб даю – заб’ю. Я вось і стрэльбу здабыў... Э, ты куды? Стаяць!
Маленькі лекар пакорліва спыніўся й нават прысеў на кукішкі ў цэнтры закіданага грашыма дывана. Кіроўца задаволена шчоўкнуў стрэльбаю ды ікнуў.
– А потым прачынаюся неяк, – гаспадар ужо, бадай што, роў, ды потым нечакана голас ягоны сьціх, і ён працягваў спакойна й стомлена, – а таварыш гэты, які ў куце з чамаданчыкам валяўся, стаіць перада мной – у халаце белым, увесь такі туё маё, што ты што ты... Ну проста фэльчар са здраўпункту.
Кіроўца зноў ікнуў:
– Холадна мне... Не паверыш – холадна. Слухай, гарэлкі няма, трэба схадзіць... Зьлётаеш? А, ладна, пайшлі разам. На двары пагаворым. Тут начнік блізка.
Хістаючыся, кіроўца сунуў у кішэню ахапак купюраў, некаторыя пападалі на галаву Маленькага лекара, і той сам зьдзівіўся, як мала яго ўсхваляваў гэткі дождж. Спрытна, каб ня рыпнулі шыбы, гаспадар адчыніў вакно, удыхнуў на поўныя грудзі чорнага, пераднавальнічнага паветра, і яны па чарзе ціха вылезьлі на двор.
Читать дальше