Маленькі лекар мог распавесьці шмат цікавых выпадкаў са сваёй працоўнай біяграфіі. Прыемныя паненкі чырванелі і адварочваліся, аднак калі ён дэманстратыўна замаўкаў, зазвычай пачыналі вымольваць працяг. Лекар лёгка пасьміхаўся й пасьля паўзы задавольваў просьбы: адной дзяўчынцы падабалася кахаць сябе з дапамогай матрошкі, і аднойчы матрошка засела ўнутры дзяўчынкі так, што выдастаць не было аніякае магчымасьці – давялося выклікаць хуткую, і маленькі лекар уласнаручна, адну па адной, даставаў зь небаракі ўсьмешлівых і мокрых чырвоных разанскіх бабаў. А яшчэ быў выпадак: мужыкі на гаражах паспрачаліся, хто разаб’е дзетанараджальным органам лямпачку – і калі ўся гарэлка была выпітая й народ сабраўся разыходзіцца глядзець футбол, аднаму, самаму маладому, пашанцавала. Крывішчы было... Маленькі лекар сам зашываў. Ня вельмі весела, натуральна, дый працаваць трэба было ў траскай машыне, а то гэты тэрмінатар і скончыцца мог, пакуль да лякарні даехаў бы; а мацюгамі лекара абклаў – не дай божа пачуць жанчынам! – аднак жа цяпер ёсьць што ўспомніць.
– Узорная, – прамармытаў скрозь зубы паджылы кіроўца. – Узорная... Гэта ж там, дзе кіно імя Жданава... Ну, дакладна там... Хаця... Можа, гэта ля матацыклетнага...
– А закрылі ж ужо кіно імя Жданава, – пазяхнула мэдсястра. – Я па тэліку бачыла. Божа мой, каму яно было трэба? Ваську з гаўназборачнага цэху?
Маленькі лекар зь нянавісьцю зірнуў на тупы твар мэдсястры – пустыя вочы, нізкі лобік і любоў да добрай жрачкі – і адвярнуўся да вакна. На душы зноў засьвярбела. Можа, сэрца. Трэба кідаць паліць. Эканомія выйдзе – пяцьдзесят рублёў на месяц, ён нядаўна лічыў.
– А я вось калісьці жонку ў гэтую кіношку вадзіў, – дабрадушна прамовіў кіроўца, налегшы на руль, – калі мы зь ёй толькі хадзілі яшчэ. Пацалаваў яе там упершыню, дуру гэтую. У сямідзясятым гэта было, ці не... Не, пастойце... А, ладна. Прыехалі.
49.
Як водзіцца, выбіраючыся з машыны, яны заблыталіся ў нейкім калючым кустоўі, і мэдсястра коратка, па-пралетарску, вылаялася: новыя калготкі. “Гэта шыпшына, амаль што ружа, – мягка сказаў Маленькі лекар. – Нас сустракаюць кветкамі”. “Хуеткамі”, – мэдсястра бессаромна задрала халат разам са спадніцаю, ацаніла маштаб стратаў і ажно плюнула ў цямрэчу ад злосьці.
Іх чакалі ўжо на лесьвіцы; засунуўшы руку ў кішэню, Маленькі лекар не разбуваючыся шырокім крокам ступіў у чужы лёс, мэдсястра йшла ззаду, пагардліва азіраючы абстаноўку. Кватэра была абстаўленая багата, але з клясычным безгустоўем. Іх вяла наперад па калідоры, румзаючы й прыцішана галосячы, разьдзьмутая жанчына з пашкоджаным ад шлюбу тварам, лекар па чарзе адлюстраваўся ў шкле цэлай чарады танных кічавых карцінак, якія прадаюцца па дзесяць рублёў штука ў сувэнірным адзьдзеле ГУМу. Пахла капустай і асьвяжальнікам паветра ў клязэце. З-за прыадчыненых дзьвярэй залі на гасьцей глядзелі з захапленьнем два хлопчыкі гадоў дзесяці – чыстыя, ламбразіянскія, непрыгожыя, зробленыя бяз боскага дазволу.
“Дзяцей чамусьці заўсёды захапляе блізкасьць чужой сьмерці”, – падумаў Маленькі лекар, і ягоная рука міжволі мацней сьціснула валізку. “Для іх гэта як новая гульня, у якую не адмаўляецца зь імі гуляць ніводзін дарослы”. Ён прыгадаў, як калісьці размаўляў з адным хлопчыкам на пахаваньні нейкай сваячкі. Дзіцё прызналася: яму падабаецца, што цётка Ліля памерла, бо на пахаваньне прыехалі адразу ж і дзядзька Алег, і бабуля, а бацькі ніколі раней не рабілі пікнікоў на прыродзе, а заўтра яны паедуць усе разам за горад, і можна будзе бегаць вакол помнікаў, і ў пакеце на століку будуць ляжаць печыва й шакаляд, і цётку Лілю, такую заўсёды нехарошую, можна будзе цяпер разгледзець зблізку й шапнуць над яе лбом: “Ты дурная фашыстка”, а калі труну стануць закопваць, можна пайсьці зьбіраць зь дзядзькам Алегам суніцы ў бліжэйшы лясочак, ён малады, прыгожы й з залатой запальнічкай.
– Дык што ў вас? – задуменна спытаў Маленькі лекар, калі яны спыніліся перад зачыненымі дзьвярыма. З суседняй спачывальні віднеўся край разабранага ложку.
– Я ж вам па тэлефоне сказала, – адразу перастала галасіць жанчына й разгублена паглядзела на мэдсястру, а тая перавяла позірк на лекара. Тут жа жанчына скрывілася й зарумзала з падвоенай сілай:
– Усё зжарэ, усё зжарэ, гад, алкаш, усё, што для дзяцей зьбіралі, усё, каб яго парвала, скаціна гэтая зжарэ, усё да рубліка, усё да далярчыка!
Маленькі лекар таргануў на сябе ручку зачыненых дзьвярэй, але тыя не паддаліся. Ён зьдзіўлена абярнуўся:
Читать дальше