– Што гэта значыць – зжарэ? Што зжарэ? Патлумачце, што тут у вас адбываецца, а то, ведаеце, мы ня Дзед Мароз са Сьнягуркай, нас людзі чакаюць.
– Я ж сказала, сказала па тэлефоне, – загаласіла жанчына, кідаючыся Маленькаму лекару на грудзі, і мэдсястра гідліва зморшчылася. – Усё зжарэ! Памажыце, доктар, ну не ў міліцыю ж мне званіць! Усё зжарэ дзеўбануты гэты!
– Так, – Маленькі лекар адсунуў ад сябе жанчыну, глыбока ўздыхнуў, а потым амаль без замаху, прафэсійным рухам заляпіў па чырвонай шчацэ хвосткую аплявуху. Жанчына аслупянела, але плакаць перастала.
– Хуценька, – стомлена кінуў Маленькі лекар, прысланіўшыся да сьцяны. – Сутнасьць справы.
– Ён там зачыніўся, – жанчына шырока раскрыла вочы, а потым зьбянтэжана апусьціла іх долу. – Зачыніўся, п’е і... П’е і... і грашыма закусвае. Там усе нашыя зьберажэньні, там, у гэтым пакоі, у куфэрачку, амаль дзьве тысячы даляраў, а ён іх жрэ, падла. Памажыце, доктар!
– Дай ёй супакаяльнага, – махнуў рукой Маленькі лекар мэдсястры, якая ўжо крывілася ва ўсьмешцы, а сам адрывіста пагрукаў у дзьверы:
– Адчыніце, гэта ўрач!
50.
– Пайшла ў жопу! – пачуўся з таго боку цяжкі голас. – Мала я табе, муха...
Маленькі лекар хмыкнуў і паглядзеў на жанчыну, якая запівала пігулку. Вусны той зноў задрыжэлі.
– Трэба было псыхіятрычную выклікаць, – незадаволена прабурчаў Маленькі лекар. – Што ж вы нам тэлефануеце...
Ягоная рука міжволі забегала па кішэні ў пошуках цыгарэты. Дзеці ўсё выглядвалі з залі, і ў сініх іхных вачах чыталася задавальненьне.
– Так, выклікайце псыхіятрычную, а мы паедзем, – суха прамовіла мэдсястра, аднак Маленькі лекар узьняў далонь і, памаўчаўшы, зноў павярнуўся да дзьвярэй.
– Слухайце, адчыняйце, у грошах шмат небясьпечных для арганізму рэчываў, вы ж капыты адкінеце, грамадзянін!
– А па я ня хочаш? – такім быў адказ. Маленькі лекар паціснуў плячыма. “У міліцыю званіце”, – раздражнёна сказала мэдсястра, зазірнуўшы з чыстай цікаўнасьці ў спачывальню.
– Нельга ў міліцыю, – заплакала зноў жанчына. – Яго й так ужо забіралі... Тройчы...
– Ну што ж мы можам тут зрабіць? – Маленькі лекар паглядзеў на яе са шкадаваньнем. – Начаваць застацца? Гэта, дарэчы, першы паверх, так?
– А што ж мне рабіць?! – залямантавала жанчына, стукнуўшыся лбом аб сьцяну. – А што ж мне?... Усё зжарэ, ірад паганы, казёл гэты...
Маленькі лекар дастаў цыгарэту, і тут голас з-за дзьвярэй сумна прамовіў:
– А ты й праўда доктар?
– Праўда, – спакойна адказаў Маленькі лекар.
– Пакляніся, што ня мент.
– Клянуся.
– Чым?
– Мацяр’ю, – прашаптала жонка паядальніка грошай. – Мацяр’ю пакляніцеся.
– Мацяр’ю, – сказаў Маленькі лекар неахвотна.
Некалькі сэкундаў трывала маўчаньне, потым голас змрочна прамовіў:
– Доктар няхай зойдзе. Астатнім заставацца на месцы. Хто ўвойдзе – са стрэльбы пакладу, пёрнуць не пасьпееце.
– Стрэльба ў яго маецца, маецца, асабістая, паляўнічая, даўно забраць хацелі, – трывожна прашаптала жанчына. Сьлёзы яе зьніклі, вочы загарэліся. Мэдсястра ўзяла з рук лекара цыгарэту й пасунулася да выхаду. Замок шчоўкнуў, ўздрыгнула ручка. Маленькі лекар у думках разьвітаўся з прыемнай паненкай з праспэкту й штурхануў дзьверы.
51.
Хворы сядзеў проста на падлозе, пад адчыненай форткай, прысланіўшыся сьпінай да батарэі. Гэта быў нічым не прыкметны чалавек з тварам фабрычнай вытворчасьці, вочы глядзелі на Маленькага лекара са злой роспаччу, на лбе блішчэў пот; шчокі колеру бульбянога мундзіру, акругласьць скулаў, насавых дугаў і падбародзьдзя сьведчылі пра тое, што да моцных напояў Ірад Паганы зусім не абыякавы. Між выцягнутых ягоных ног у сініх спартовых нагавіцах стаяла бутэлька гарэлкі й тырчэў вінны келіх, бялелі цыгарэты; каля пятак, завяршаючы доўгае паўкола крошак, ляжала паўбуханкі чорнага хлебу – з нажом у пахілай сьпіне. У руцэ хворага й праўда матлялася стрэльба, і Маленькі лекар адчуў, як на ягоную постаць дрыжачай нябачнай сеткай падае прыцэл, узважвае, трымае, выпускае – і зноў захутвае сваім маленькім сьмертаносным ценем.
А наперадзе хворага ў маляўнічым бязладзьдзі, ледзь ня цалкам пакрываючы стракаты дыван, валяліся амэрыканскія грошы рознага ўзросту й з розным пачуцьцём уласнае годнасьці.
– Дзьверы зачыні й пра замок не забудзь, – сіпла прамовіў пацыент, апусьціўшы стрэльбу руляй уніз, і Маленькі лекар падпарадкаваўся. Зноў апынуўшыся твар да твару з паядальнікам даляраў, лекар асьцярожна ступіў наперад, спыніўся ля самага краю дывана ды аглядзеўся вакол.
Читать дальше