– Я... Я, Тымультыністарта, Цар першы і апошні, Уладар Нінэвіі, Руйнавальнік і Забойца, Муж Глебы, Каханак Вады, Сын Неба, Я, Які Загадаў Зраўняць Зь Зямлёй Храм Іштар, Найвялікшы Вой, Маланка і Гром, кажу табе: служы!
І Ірына, падпарадкоўваючыся гэтай магутнай сіле, махнула галавой, ударыўшыся лбом аб падлогу, і папаўзла да ног Івана Дзянісавіча. Ён, як і раней, не глядзеў на яе, а Ірына, адчуваючы, як сьціхлі раптам усе тыя выбухі, што трымалі ў раўнавазе яе бедную сьвядомасьць, і ў страшнай, бязьлітаснай цішыні, як сьмерч, узьнік, разломваючы чарапную каробку сваёй знаёмасьцю й роднасьцю, сьвіст, кінулася да міжножжа Івана Дзянісавіча й рванула на сябе набедраную павязку. У гэты ж момант на стале, дзівосным чынам застаючыся безуважным да навакольных мэтамарфозаў, зазваніў тэлефон. Ірына здрыганулася й прыціснула непаслухмяныя рукі да скроняў. Яна зноў стаяла на каленях перад Іванам Дзянісавічам, і расшпілены прарэх на ягоных шэрых нагавіцах зьдзеклівай дзіркай чарнеў перад яе тварам, боўтаўся бессаромны расцугляны рамень, а сам чыноўнік, заплюшчыўшы вочы, пырскаючы сьлінай, шаптаў: “Мілая, харошая...”. Яна ўскочыла на ногі, падхапіла сумачку, кінула ў яе дыктафон і выскачыла з кабінэту. Старая ведзьма з падазрэньнем паглядзела на яе й марудна пачала падымацца з-за стала. Аднак Ірына была ўжо далёка.
Яна йшла па вуліцы, бадай, упершыню за апошнія месяцы шырока ўсьміхаючыся навакольлю. Ёй, і толькі ёй ад гэтага часу былі вядомыя тры неаспрэчныя ісьціны.
Яе завуць І.
Сьвісту болей ня будзе.
Яна, як грамадзянка Асырыйскага царства й карэспандэнтка Асырыйскай тэлевізіі, ня мае права працаваць на варожыя СМІ.
47.
Матэрыял яна, натуральна, так і не падрыхтавала, дый навогул – праз колькі дзён звольнілася па ўласным жаданьні. “Куды ж ты пойдзеш?” – уздыхнуўшы, трывожна запытаўся рэдактар, намагаючыся зазірнуць ёй у вочы – хітрыя, халодныя, хворыя, адслоненыя, а Ірына з палохаючым ажыўленьнем пачала распавядаць пра Асырыйскае тэлебачаньне: заробак там плоцяць золатам і дыямэнтамі, апаратура проста супэр, графік вольны, прэстыж, а галоўнае – калі яна ня возьмецца за свае абавязкі ў наступны панядзелак, ёй у рот заліюць расплаўленае волава: у гэтага тэлеканала нават маецца за горадам адмысловы ўласны ліцейны цэх, куды накіроўваюць нязгодных, прычым транспартуюць іх туды абмазаных смалой, абваляных у пуху ды пер’і, з адсечанымі пальцамі, ды цягнуць праз усе галоўныя плошчы сталіцы. А ў газэце №13 няма ніводнага жраца, і працуюць тут адны еўнухі. “Зусім кранулася”, – часалі языкі калегі, а больш за ўсё высільваўся Мацьвей; гучалі прапановы адправіць Ірыну ў лякарню, каб не пакідаць у бядзе, аднак рэдакцыя рыхтавала сьвяточны нумар, і пра такі намер неўзабаве забыліся.
Пагатоў Ірына была бяскрыўднай вар’яткай. Пасьля яе звальненьня я некалькі разоў бачыў Ірыну на прэс-канфэрэнцыях: яна нязьменна адзначалася ў лісьце рэгістрацыі (І, кар. Асырыйскага тэлебачаньня), уладкоўвалася ля сьцяны, даставала з сумачкі памаду й люстэрка і, намагаючыся ня ссоўваць бровы, малявала над пераносіцай трэцяе вока. Апранутая ў дзіўныя строі: у чорным, завялікім для яе балахоне, з пацеркамі нейкіх таямнічых гліняных аскепачкаў на нямытай шыі, у майцы з паўсьцёртым надпісам “Assirijskoe TV”, заўсёды босая (балазе лета пачыналася сьпякотай), яна й бяз гэтага малюнку напачатку шакавала ўсіх прыстойных карэспандэнтаў. Некалькі разоў яна спрабавала задаць пытаньне высокім гасьцям, крыху абалдзелым ад свабоды, пануючай у журналісцкім асяродзьдзі, аднак Ірыне літаральна заціскалі рот, і неўзабаве яна супакоілася й да мікрафону больш ня лезла. Сядзела, зморана прысланіўшыся да сьцяны, жавала рысавыя зярняткі, па адным дастаючы зь бездані сваіх кішэняў. Навічкі глядзелі на яе з жахам, а І з годнасьцю аглядвала прысутных, і тыя адварочваліся. Яна не прапускала ніводнай прэс-канфэрэнцыі, і хутка зь ёй звыкліся, як звыкаюцца з бамжом або бяздомным сабакам, што абіраюць нас насуперак нашай волі.
ЧАСТКА ПЯТАЯ
Маленькі лекар
48.
Паводле правілаў, яны мусілі быць на месцы празь сем хвілінаў пасьля выкліку, аднак мінула ўжо гадзіна, а іхны рафік толькі выбіраўся з праспэкту. Было недзе каля апоўначы, горад пакрысе застываў, разьліты ў падрыхтаваныя каменныя формы; легкавікі з паднятымі каўнерамі і апушчанымі капюшонамі прапускалі хуткую дапамогу неяк неахвотна, сірэна даўно не працавала, і яе ролю бралі на сябе нямыя сьветлафоры. Маленькі лекар пазіраў на апусьцелы тратуар, дзе яшчэ ўчора шпацыраваў пад руку зь вельмі прыемнай паненкай, і яму было млосна й маркотна – хацелася напіцца або хаця б забыць зонд у чыёй-небудзь дупе. І, здаецца, асаблівых прычынаў для смутку не было, дый праца ягоная лекару заўсёды падабалася, аднак сёньня ад самага ранку пасялілася ў ім нейкая пошасьць, грызла за грудной клеткаю, замінала дыхаць. Ён апусьціў фортку й выкінуў недапалак – высек з начы пару вострых вясёлых зьнічак.
Читать дальше