— Вы, хлопцы, на мяне не глядзіце. Маю адну на прыцэле, але яшчэ разьведкі нават не зрабіў.
— Яна з нашай шчасьлівай сямейкі Трыфты Тоні?
— Магчыма вы яе знаеце. Я ўчора коратка гаварыў зь ёй. Прыгожая й цікавая. Гавару пра новую сэйлс клерк (прадаўшчыцу) у жаночым адзьдзеле.
— Яна запраўдная ляля з выгляду. І зусім не малюе сябе, як іншыя, — казаў Нік.
— А ты ўжо і да яе дабраўся?
— Як там дабраўся… Пакуль што ніхто з нашых тут да яе ня прымазаўся. Я адно першую разьведку зрабіў. І адгадай, Ал, гэта табе павінна спадабацца.
— Кажы, Дон Жуан!
— Яна зьявілася аднекуль з поўначы і таксама, як і ты, беларускага паходжаньня.
— Надзвычайна! — усклікнуў Алесь, а ў вачох ягоных успыхнуў адмысловы прамень. — Цяпер я ўжо павінен сквапліва тую тэрыторыю абнюхаць. А ты, Нік, рукі прэч!
— Абяцаю, тата, быць добрым хлопчыкам! — Нік падняў сваю правую руку і зрабіў міну падлетка, што правініўся.
— Ня будзеш мець часу для дзяўчат, Ал, — папярэдзіў Анды.
— Стары напэўна нагрузіць цябе.
— Ці хто з вас пранюхаў у якім куце недахоп дынамікі?
— Чую, што дэпартамант жаночай вопраткі патрабуе жыватворчае сілы, ды яшчэ, апроч яго…
— Жартуеш?
— Станлея перакінулі на іншую пазыцыю, дык, пэўне-ж ты займеш ягонае месца, — падсумаваў Анды.
Старэйшы гадамі, разьведзены Станлей, зь нейкіх Зэлманавых меркаваньняў каціўся ўніз. Яму не хапала, відаць, энэргіі, што патрабавалася ў ягоным сэктары.
У дзьвярох зьявіўся Зэлман. На твары — сьціплая ўсьмешка. Магчыма таму, што ўчора вечарам добра павыкручваўся ў танцавальным клюбе Артур Мэры. Пасьля кароткага ўступу і заавансаваньня Алеся Якімовіча, слухалі марудна-нудны голас Джоў Кэмпа пра тое як цьвітуць ці развальваюцца рынкі. Паводле Кэмпа, канкурэнты вызначыліся новымі пісягамі на стабільнай у гэны час гандлёвай ніве. Патрабаваліся новыя бізнэсавыя меры й трыкі, павялічаныя рэклямныя выдаткі.
Цэлы дзень Алесь намагаўся бліжэй прыгледзіцца сваёй новай тэрыторыі, пазнаць людзей, выявіць карэньне Станлевай няўдачы ды заплянаваць некаторыя зьмены. Ужо на схілку працоўнага дня ён паклікаў, для гутаркі, Веру Мак. Зьявілася яна ў невялікай канторы ў куце другога паверху. Стол із шуплядкамі, побач тры крэслы, на стале тэлефон і стос рэклямнага матар’ялу — вось галоўнае, што цяпер Алесь назваў сваім камандным пастом. У куце, на вешалках вісела некалькі штук жаночае вопраткі.
— Калі ласка, заходзь і сядай, — сказаў Алесь дзяўчыне, калі тая адчыніла дзьверы.
Некалькі хвілін трывала маўчаньне. Алесь паволі і ўважна прыкурваў цыгару, увесь час аглядаючы дзяўчыну. У ейных вачох, апроч зацікаўленьня, прытаілася й яшчэ нешта. Давялося Алесю раней глядзець у шмат якія вочы — прыказачнаелюстэрка душы, — намагацца разгадаць душу ўласьніка. Гэтта перад ім нешта зусім, здавалася, загадкавае. Варта, відаць, пачынаць ад казённых ці ўрадавых пытаньняў.
— Мне сказалі, што ты тут новая…
— Так, я пачала працаваць чатыры дні назад.
— Называешся Вера Мак?
— Так.
— Дык вось што, міс Мак, у нас ёсьць нешта агульнае, — усьміхнуўся Алесь.
— Што такое?
— Мы маем новыя работы.
— А, гэта… Віншую вас, містар Якімовіч, — усьміхнулася дзяўчына. Алесю падабалася ейная стрыманая ўсьмешка. На шчоках зьявіліся дзьве ледзь заўважныя ямачкі, а на твары і ў вачох — абяцаньне добрых адносінаў.
— Дзякую. Ці я маю вас таксама віншаваць, міс Мак?
— Прашу не жартаваць. Гэта нясьмелы першы крок.
— А дзе працавала раней?
— У бальшыні ў канторах капальняў на поўначы. Я пра гэта ў маёй заяве напісала.
— Добра. Але я яшчэ ня меў часу туды заглянуць. Цяпер-жа, калі маеш да мяне якія пытаньні, калі ласка.
— Я хачу распачаць працу із добрай арыентацыяй, — казала дзяўчына. — Цікавіць мяне, як Трыфты Тоні апэруе… Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя іншыя крамы падобнага профілю амаль пустыя. Я хацела-б…
— Ведаеце, — сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, — гэта ня ёсьць ніякім сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя ім тавары ў даступных ім цэнах. Важнымі ёсьць і шмат апэрацыйных дэталяў, асабліва рэклямы. Калі будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампаніі, дык па нітачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.
— Дзякую вельмі, — сказала дзяўчына.
Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць і сьціпласьць, якраз тое, што выклікае да чалавека давер.
— Жадаю, каб вы правільна мяне зразумелі, — гаварыў Алесь. — Выглядае, што маеце добрую адукацыю і калі будзеце старацца працаваць, посьпехі вас не абмінуць. Цяпер пра гэты самы бізнэс… Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькі тавараў, якія называем «дар дня» або «адчыненыя дзьверы». Яны ідуць у рух за зусім нікчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж раніцай вялікую чаргу. Такім чынам прынаджваем людзей і напаўняем краму.
Читать дальше