Смаргонь — Студзёнкі
КАЛІ ЎСЕ ДЗЬВЕРЫ ПЕРАД ТАБОЮ ЛЁГКА АДЧЫНЯЮЦЦА
Майму Сабаку
У дамафон пазванілі, я на ватовых нагах пайшоў адчыняць, з кухні выбегла Лайма й пачала нястомна, бадзёра й адчайна гаўкаць (менавіта так, бо яна ніколі за сваё жыцьцё не брахала, толькі гаўкала)... Я націснуў на выяву ключыка на слухаўцы, і дамафон запішчаў. Праз колькі сэкундаў у адчыненых уваходных дзьвярах зьявіўся высокі мужчына, тоўсты, мажны, крыху азызлы, гадоў пад сорак, у белай ільняной кашулі й чорных ільняных штанах. У правай руцэ ён трымаў шматʼярусны сакваяж аранжавага колеру з налепкай чырвонага крыжа па баках... Ён моўчкі павітаўся й сумна зірнуў на Лайму, якая, крыху затыхаючыся, яшчэ працягвала лянотна гаўкаць.
Мужчына апусьціўся на калені й пачаў гладзіць сабаку, мацаючы тут і там вялікія мэтастазныя пухліны, на якіх адсутнічала поўсьць. Цяжка сказаць, колькі важыла сама Лайма, нібыта кіляграм, а калі з пухлінамі — два.
Мужчына гладзіў яе, песьціў, было бачна, ён гэтым ня проста зарабляе, але... перад якім тут выбарам апынаешся — усыпіць сабаку, каб яна больш не пакутавала, альбо працягнуць ейныя пакуты яшчэ на колькі дзён...
Лайма нібыта наўмысна ў гэты дзень нават паела й ачуняла — бегала й гаўкала ўсяго толькі пад адным ранішнім уколам абязбольнага... Яна быццам аспрэчвала сваю шматгадовую хваробу, быццам гэта не ў яе з прамой кішкі ўсю ноч ішла кроў...
— Бедная, бедная Лайма, даруй мне, калі ласка, даруй, — мужчына гладзіў яе й паўтараў адны і тыя ж словы, а Лайма лашчылася да яго, прыціскалася жыватом да лінолеума...
Нельга было марудзіць, мама й жонка ўжо плакалі, я сам ледзь стрымліваўся... Мужчына падняўся з кален, зьняў абутак і накіраваўся на кухню, а Лайма пабегла побач зь ім, варушачы хвастом, нібы тактамэтрам...
Лайма. Яна зьявілася ў нас сямнаццаць год таму, калі мне было дзевяць... Мама прынесла з працы маленечкі камячок поўсьці, памерам з мышанё... Малое дрыжэла й скуголіла, было яму нібыта некалькі тыдняў... Мы потым даведаліся, што Лайма — керн тэрʼер, самай першай пароды тэрʼераў, якую вывелі ў Шатляндыі на пачатку мінулага стагодзьдзя. Чорная ўся, зь белымі грудзьмі і трыма белымі плямкамі на лапках каля кіпцюроў... Мы ўсе пачалі гадаваць яе, кожны па-свойму, але яна, калі падрасла, абрала гаспадара — нашую маці, бо, вядома, яна яе карміла, выгульвала часьцей, і нават ня проста часьцей, а звычайна.
Лайміна поўсьць расла вельмі хутка, таму я любіў рабіць зь яе розныя дзіўныя фрызуры: летам Лайма хадзіла з чырвоным іракезам на галаве, восеньню была сьціпла пафарбаваная ў "каштанавы" й з падстрыжанай пыскай. Мы ўсе яе вельмі любілі, а яна любіла на лецішчы паляваць на кратоў і мышэй, зьбірала іх у радок, а потым закопвала. На Нарачы яна асабліва вялікае задавальненьне атрымлівала ад вэнджанага вугра, яе расплюшчвала, расьцягвала па зямлі ад ягонага смаку, а потым палову вечара яна была нібыта ўся на ўздыме... Варʼятка...
Мы расьлі, сталелі, сабака старэла. Калі ёй споўнілася дзесяць, вэтэрынар паставіў дыягназ: эпілепсія — максымум два месяцы... Я набыў ёй спэцыяльныя капсулы зь вітамінамі В6 і В12... Кожны дзень яна праходзіла ў мяне голкавую тэрапію — два кубы вітамінаў у азадак... Яна выкараскалася, толькі прыступы засталіся. Радзей, вядома, але засталіся — яе пачынала ўсю круціць, яна скуголіла, сьліна цякла няспынна, паралюшы з кожным разам даваліся ўсё цяжэй... Спаралюшаная Лайма — відовішча вельмі цяжкае, жудаснае. Мы тады па чарзе сядзелі побач зь ёю, гладзілі, давалі пігулкі, распушчаныя ў вадзе, чакалі, трымаючы за лапы, пакуль пройдзе прыступ...
Але ішлі гады, а Лайма быццам усё аспрэчвала свой сабачы век... Ейныя пятнаццаць год ніякім чынам не адбіваліся на спрыце й жыцьцялюбстве. Доктар выявіў шматлікія пухліны, але ня шкодныя для здароўя, і ўжо другі раз прапанаваў супакаяльны ўкол. Мы адмовіліся: сабака мусіць памерці сваёй сьмерцю... Мы ня маем права адбіраць у яе жыцьцё... Пухліны расьлі, множыліся, але Лайма паводзіла сябе файна й трывала. Хтосьці казаў, што такім чынам яна брала ад маёй хворай маці рак на сябе. Хто ведае. Хто ведае...
Неяк Лайма выбегла ўвечары на вуліцу, дзе каля падʼезда яе напаткала аўчарка, і, як вынік, — 42 швы на шыі. Калі мы беглі зь ёю дадому, яна ляжала на маіх руках, не варушылася, галава вісела на нейкай танюткай нітцы, як потым высьветлілася, — адзінай ацалелай цягліцы... 42 швы на шыі дыямэтрам зь пяць сантымэтраў! Яна доўга ачуньвала, месяц, два... Вялікія шнары цалкам не зажылі, але пакрыліся пухлінамі, якія час ад часу лопаліся. Але Лайма нічога нібыта не заўважала, яна гаўкала, бегала па двары, махала хвастом, езьдзіла на лецішча... Яна трывала ўсё. Але, калі я вярнуўся зь Лёндану, мы зь ёй пачалі сварыцца з-за любых дробязяў. Яна мне помсьціла... Сікала то на канапу, то на дыван. Я яе ганяў за гэта, але надалей, па маім вяртаньні з Ваймара, нашыя адносіны цалкам сапсаваліся: яна гаўкала й рыкала на мяне, нават калі я проста быў дома, нават калі не заходзіў і не выходзіў з кватэры. Яе адолеў сабачы маразм, яна пазнавала толькі маці, часта прачыналася ноччу й гаўкала, скуголіла... Прыступы паралюшу сталі больш частымі... Пухліны расьлі, асабліва тая, што была ззаду...
Читать дальше