Сярод усяго гэтага архітэктурнага і гістарычнага багацьця рыба губляецца. Ад гэтай разгубленасьці яна пачувае сябе нікому не патрэбнаю, і ў дадзеным выпадку, калі яна не трымаецца асяродзьдзя, калі яна не далучаецца да грамадзкасьці альбо да суполак рыбакоў ці рыб, альбо да суполак вычварэнцаў, да суполак помнікаў і прывідаў, яна мэханічна, непрыкметна ад усіх накіроўваецца да моста самагубцаў, папулярнага месца — чарговай гістарычнай каштоўнасьці, але якой(!) — самагубскай.
"З усяго на сьвеце магчыма рабіць каштоўнасьці", — разважала рыба; адчай варушыўся недзе пад ніжнімі рэбрамі, вымалёўваючы на скуры абрыс нарцысу...
10.
Рыба сплыла, вярнулася туды, адкуль пачынала падарожжа, і недзе ў рацэ Сьвіслач бляскам лускі нагадала аб сваім існаваньні. Вяртаньне было ў выніку балючым і самотным, з пэўным пачуцьцём свайго лёсу, з пэўнай даросласьцю, з пэўным асэнсаваньнем жыцьця.
Рыбу сустрэла цішыня.
08.08. — 15.08.2010
Прага — Менск
Гераня працаваў кім заўгодна і быў кім заўгодна, толькі не сабою, ня тым, кім насамрэч хацеў. З аднаго боку, на што яму скардзіцца: кожны чалавек можа ўспомніць, як за сваё жыцьцё рабіў працу, якая яму цалкам ня толькі не падабалася, але была чужой. Ён сам ведаў адну доктарку біялягічных навук, якая стрыгла валасы й кожны дзень ненавідзела сябе за гэта, ненавідзела жыцьцё, бо лічыла, што гэта прыніжае яе, але што паробіш, калі стрыгчы валасы больш карысна, чым пісаць навуковыя працы. Гераня таксама падаўся ў тыя мясьціны, дзе цанілася бытавое абслугоўваньне, але ён заўсёды імкнуўся працаваць толькі ў самых вядомых і дарагіх месцах, дый, з аднаго боку, яму гэта падабалася, бо ён знаходзіўся нібы ў нейкім іншым, замежным горадзе, а ня ў Менску... Нібыта час там быў іншы, людзі — іншымі, дызайн памяшканьняў, нават жыцьцё й палітычны ўклад падаваліся іншымі; такія мясьціны часта апыналіся ізаляванымі ад агульнай постсавецкай прасторы горада, у гэтых звышдарагіх салёнах панавала свая атмасфэра.
Ён працаваў зь людзьмі, якія займаліся бізнэсам, і з замежнікамі, яму не даводзілася сутыкацца зь неадукаванасьцю, бескультурʼем, але часам трапляліся й такія пэрсоны, як, напрыклад, расейскі палкоўнік, які паводзіў сябе, як быдла, роў і лез біцца, пакуль гатэльны ахоўнік яго не скруціў і ня вывеў вонкі... Часта Гераня сутыкаўся з дарагімі прастытуткамі, якія раскашэльвалі сваіх "папачак", разводзілі іх на комплекс працэдур. Збольшага яны паводзілі сябе проста нахабна, але некаторыя дзяліліся сваімі сакрэтамі: адна бляндынка, якая звычайна завітвала два разы на тыдзень і распавядала пра новыя сыліконавыя грудзі сваёй сяброўкі, паказваючы фоткі на сваім "айфоне", таксама любіла круціцца перад люстэркам, пытаючыся, ці файны ў яе новы сыліконавы азадак... але яна раптам перастала прыходзіць, і ад адной з кліентак Гераня даведаўся, што калі яна выкачвала сылікон з азадка ў Маскве, ёй занесьлі гепатыт.
Некаторыя мужчыны проста хутка стрыгліся, напаўняючы пакой гарлачыкавым пахам духоў "Гермэс", і пакідалі неймаверна вялікія грошы на чай. Ад гэтага Гераню звычайна было прыемна, але адначасова ён адчуваў сябе няёмка, атрымліваючы вялікія грошы ды ня ведаючы, як сябе паводзіць далей, бо калі трымаеш у руцэ столькі эўра альбо баксаў, можа трэба штосьці яшчэ зрабіць гэтаму кліенту, акрамя фрызуры, пахваліць яго вопратку, запытацца пра стан здароўя, пажадаць добрага дня... Беднасьць робіць людзей падхалімамі перад багатымі... Гераня губляўся, пакуль не мінула колькі часу й ён ня звыкся і, ня страціўшы сумленнасьці, пачаў класьці на такіх людзей адразу пасьля таго, як атрымліваў на чай.
Некаторыя з нахабнікаў наўпрост пыталіся пра ягоную полавую арыентацыю, бо, як і большасьць, лічылі, што ўсе, хто стрыжэ валасы, — підары. Гэта было ня так, частка сапраўдных геяў, якія працавалі ў сфэры, выглядалі мужна й прыстойна. Гераня заўважыў, што большасьць дагледжаных і жанчынападобных натуралаў ішлі працаваць стылістамі-цырульнікамі й часта ў атачэньні жаночага пэрсаналу пачыналі паводзіць сябе, як бабы, і менавіта яны вінаватыя ў тым, што людзі ў Беларусі мяркуюць, нібыта ў дадзенай прафэсіі працуюць спрэс геі. У Герані часта пыталіся пра арыентацыю, але калі ён пасталеў і ў яго зьявілася барада й жывот, яго пакінулі ў спакоі.
Гераня шмат піў, раскладаўся на кавалкі, пісаў у падсобных кабінэтах свае першыя апавяданьні, ненавідзеў кліентаў, не трываў сваіх вучняў і асыстэнтаў, якія былі поўнымі боўдзіламі, але паступова расьлі й мяняліся, рабіліся прафэсіяналамі... Гераня саромеўся сваёй працы, нават такой высокай і рэдкай — ангельская франшыза, вучоба ў Лёндане, асыстэнты робяць пяцьдзясят адсоткаў за цябе, прыбіраюць за табою, і ты лічышся адным зь нямногіх стылістаў у Беларусі, якія ўвогуле маюць высокую адукацыю ў гэтай галіне... Гераня саромеўся, бо звыкся з думкай большасьці: ён усяго толькі "парыкмахер". Было цяжка, крыўдна, паразьліва, але грошы, грэбаныя паперкі, вырашалі, як і дзе зарабляць.
Читать дальше