— Вось жукі ўсю бульбу зьнішчылі, аніякага спасу ад іх (насамрэч бульба ўжо квітнела й была вышэй за калені)... Смаргонь жа наша чатыры гады лініяй фронту была, на захадзе Смаргоняў немцы стаялі, дзоты з цэглы пабудавалі, да сёньня яшчэ ў полі стаяць, а на ўсходзе горада — рускія... так яны й бамбілі адно аднога, руйнуючы хаты, адзін толькі кляштар захаваўся, і ўсё, а нашу царкву пасьля вайны адбудавалі, але потым зруйнавалі, бо жыхары адмаўляліся ад папа, дык той поп сам сышоў, і на месцы царквы пошта зьявілася, гэта толькі нядаўна новую, вялікую, прыгожую адбудавалі, у парку, недалёка ад помніка Багушэвічу... от жа, да Другой сусьветнай нас жыло тут ажно за трыццаць тысяч, пасьля — некалькі соцень (яна змоўкла, падняла руку, пацёрла вочы, каб ня плакаць, падзьмухала на зялёную гарбату й працягнула)... а я ж усю вайну дзіцем прайшла, ні ў якіх клясах не сядзела, дзядзька толькі мой зьбіраў нас, дзяцей, у хаце й вучыў матэматыцы й пісьму... так і вучыліся... а памятаю, заходжу ў хлеў, а там у саломе немец сядзіць, высокі, малады, прыгожы... моўчкі працягвае мне біклагу, маўляў, вады прынясі... я й пабегла да салдат... яны немца таго катавалі, аказалася, ён дэсантнік, выдаў ім усе стратэгічныя разьмяшчэньні, а яго пасьля вывелі на плошчу й расстралялі... журналісты шмат чаго з маіх слоў пісалі ў мясцовыя газэты, але ніколі пра немца гэтага й ніколі пра тое, як прыйшлі да нас рускія салдаты, каня забралі, забілі і зьелі... рабавалі яны нас... немец, калі захапіў нашу тэрыторыю, дык зь ім было не нашмат лягчэй, выдаваў ежу па талёнах, мы за колькі месяцаў моʼ толькі двойчы атрымалі ад яго штосьці (яна зрабіла паўзу, зьела кавалак тварожнага торту, які мы захапілі зь Менску)... ось цяпер жа ў нас усё ёсьць, раней у Менск, Гародню езьдзілі, цяпер да нас можна езьдзіць, усё ёсьць... і няхай там ён па тэлевізары лухту ўсялякую вярзе, памрэ ён — мы застанемся... перажылі жахі вайны, голад, сьмерць, дык яго й падаўна перажывем!.. маці мая падчас бамбаваньня ў сьпіну была параненая аскепкамі, колькі месяцаў праляжала ў ложку, ледзь не памёрла, тады каля нас немцы былі, дык прыбеглі на дапамогу, адзін зь іх бацьку майму паказвае на пярсьцёнак, маўляў, таксама жанаты, працягвае ёд і бінт... а нам цяпер што, вось раней вусьцішна было, ні ежы, ні жыцьця, камуністы нас катавалі, вы цяпер, новае пакаленьне, абрусеўшае, патаўсьцеўшае, цалкам нават не напружваецеся, для вас там дэмакратыя істотная, а мы тады нават такіх словаў ня ведалі, адно марылі, як жыць, каб не хацелася штохвіліны есьці, але мы не пасіўныя там нейкія, памятаю, далёка было людзям да чыгункі хадзіць, немцы тады палонныя дзьве каляі нам збудавалі, а раней толькі адны рэйкі былі, марудна цягнікі хадзілі, кожную хвіліну спыняліся, прапускалі адно аднаго, дык пасьля цягнікі часьцей і хутчэй рухацца пачалі, але нам было вельмі доўга й марудна хадзіць на галоўную чыгунку, таму мы на ўскрайку Смаргоняў цягнікі самі спынялі, каб сесьці зручней і бліжэй, дык потым раённая ўлада зрабіла нам прыпынак "Маладзёжны"... вось як... мы здольныя цягнікі спыняць на хадзе... нам абы пасьля вайны каб жылося сыта, нам не да палітыкі, няхай яна гарыць... зямля ёсьць, куры ёсьць, кароўка... астатняе мянялася шмат разоў, палякі, немцы, рускія, усё адно, ёсьць мы, беларусы... проста цяжка нам, з усіх бакоў хтосьці намагаецца схапіць сабе кавалак нашай зямлі (яна паглядзела пранізьліва так у мае вочы, быццам пыталася альбо прасіла, каб усё, што яна распавядае, ня зьнікла проста так)... а ў сорак чацьвертым хата наша каля чыгункі стаяла, дык зь цягніка нейкага хтосьці стрэліў, куля патрапіла ў саламяную страху, і мы ледзь пасьпелі ноччу выбегчы, усё згарэла, дашчэнту (заплакала), цэлы год у куце сваякоў усёй вялікай сямʼёй пражылі, халодныя, галодныя, амаль бяз вопраткі... але бачыш, выкараскаліся, пасьля вайны я скончыла вячэрнюю школу й патрапіла ў Ашмянскае педвучылішча, праз год яго зачынілі, і мяне перавялі ў менскае, потым праз год у барысаўскае, і нарэшце скончыла я вучобу ў Магілёве... потым працавала піянэр-важатай з колькі год, але потым пад Смаргонямі настаўніцай і потым яшчэ ў дзіцячым інтэрнаце, потым завучам... і так да пэнсіі... добра мы жылі, стараліся, дзеці расьлі, працавалі, цяпер вунь самі якія, дарослыя, заможныя, амаль шляхцічы (яна спынілася, паглядзела на халодную гарбату, адпіла крыху, пасьміхнулася так пяшчотна, добра, але ў вачах яшчэ стаялі сьлёзы... а В., якая сядзела побач, скончыла рабіць замалёўку бабулі).
Чэрвень — Ліпень 2011
Читать дальше