З усяго гэтага, як быццам, вынікае, што праблематыка творчасьці Кшыштафа Чыжэўскага і беларускіх інтэлектуалаў вэктарна скіраваная ў супрацьлеглыя бакі (у яго — да выхаду за мяжу, у нас — да ўваходу ў межы). Але калі глядзець не на фармальны бок нашых узаемадачыненьняў, а на сутнасны, то праблематыка Кшыштафа Чыжэўскага не падасца нам супраціўнай, бо гэта тая самая наша праблематыка, толькі яна месьціцца ў іншым пэрыядзе альбо ў іншай сытуацыі нашай (ці таксама і нашай) гісторыі. Адсюль і паразуменьне паміж беларускімі інтэлектуаламі і Кшыштафам Чыжэўскім.
Бадай якраз гэтае двубочнае паразуменьне дазволіла не каму іншаму, а менавіта Кшыштафу Чыжэўскаму заўважыць унікальную адметнасьць сучаснага беларускага інтэлектуалізму, які не адчувае дысгармоніі ў адначасным памкненьні да ўваходу ў межы і да выхаду за межы — пры татальнай заглыбленасьці ў сакральную ідэю Нацыі беларускі інтэлектуалізм упарта актуалізуе прафанную ідэю лучнасьці з эўрапейскім культуралягічным кантэкстам...
Пэўна, нашыя ўзаеміны з Кшыштафам Чыжэўскім і далей будуць разгортвацца і паглыбляцца. Бо мы, гэтаксама як і ён, спрабуем збудаваць страху, якая ня будзе захінаць неба. Толькі наша сытуацыя розьніцца зь ягонай тым, што мы пакуль яшчэ ня маем сьценаў.
МІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎ
Вусьцішнасьць быцьця
Але ж і болей чым імгненьне Ня прыме вечнасьць ад цябе.
Міхась Стральцоў
Увесь Ён — нязбыўны сум з прычыны непазьбежнасьці вяртаньня ў нежытво.
Мы ўсе прамінаем гэты шлях, але да пэўнае пары лішне не смуткуем з такога наканаваньня. А ён ці не ад пачатку ўзяў занадта блізка да сэрца неадпрэчнасьць сьмерці — і тым жыў. І таму так жыў, як жыў і пісаў пераважна з тае нагоды, што трэба будзе памерці (калі не фанабэрыўся, не падрабляўся, не блазнаваў).
Раней я думаў, што ягоная засяроджанасьць на татальнай прысутнасьці сьмерці ў жыцьці паходзіць ад хранічнай любові да жыцьця. Толькі гэта, здаецца, не зусім так. Жыцьцё ён, натуральна, любіў, але ня больш хваравіта, чым нехта іншы. А вось адчуваў яго — з усімі пахамі, фарбамі, гукамі, — як мала хто яшчэ. З гэтага фатальна абвостранага ўспрыняцьця існага і вынікала такое ж вострае пачуцьцё непазьбежнасьці страты ўсяго, што ёсьць “пад гэтым небам сінім і любімым”. Адсюль нязбыўны сум і нават у сьпякоту падняты каўнер, якім ён атуляўся ад сьцюжы за сьпіной, адсюль жанчыны і віно, як марная вымога сагрэць заўсёды восеньскае сэрца, адсюль і сьцішаны дакор, вымаўлены на паваротцы ў вечную засень: мой сьвеце ясны...
“Ёсьць таленты... што самі нібы ўвасабленьне пакутнага духу, адрынутага паводле нейкай незразумелай прычыны ад самога жыцьця і асуджаныя трапятацца ў вечнай празе зьліцца зь ім”.
Ён не стамляўся (і ў траве, і на асфальце) выглядаць жыцьцё, прагнучы адшукаць вечнае вымярэньне сваёй прысутнасьці ў ім, але ўсюды з-за нечага паўставала нішто. Найдалей ад нішто было дзяцінства, і ён не аднойчы ўцякаў з даросласьці туды — у свае раньнія ды маладыя гады. Аднак і там заўжды нешта (ці нехта) канала: само дзяцінства, юнацкае каханьне, дзед Міхалка...
Кажуць, у яго было шмат жанчын. Напэўна, гэта насампраўдзе так, бо ён не любіў жанчын. Ён толькі пэрсаніфікаваў жыцьцё ў той ці іншай жанчыне і такім чынам “заляцаўся да жыцьця” “ў вечнай празе зьліцца зь ім”. Але чым тужэй згортваўся ў каханьні, тым тужлівей ападаў на сэрца сум. Бадай, з гэтага амаль адчайнага суму ён мог здагадацца, што той, хто хаваецца ад тэрору небыцьця ў каханьне — самахоць прысьпешвае сваю невараць, бо чалавек найперш памірае ў жанчыне, а ўжо потым — сам у сабе... Ён не здагадаўся, хоць сэрцам адчуваў небясьпеку і таму доўга не трываў жанчыну побач, хаваўся ад адной за другую, ці сыходзіў ад усіх да мужчын (сяброў) і віна.
Чульлівы і пяшчотны, ён шукаў у сяброўстве абароны і прытулку, а разам з тым непадманнага духоўнага хаўрусу, агульнай інтэлектуальнай прасторы, урэшце — высакароднага чыну.
І вобраз дружбы —
даўні й нягоркі.
Бо мы ж яшчэ, напэўна,
не забылі,
Як некалі яе адну любілі —
Ну, дружбу, нашу.
Помняцца спатканьні
Дзьвюх нашых душ.
Любоўныя расстаньні
Адна з адной. Да заўтра.
Ненадоўга.
(“Прыехаў сябра”)
Але як цялесны саюз з жанчынай, так і духоўная мужчынская зьвязь істотным чынам не мянялі пэрспэктыву небыцьця. Хованкі ў каханьні набліжалі да сьмерці, хованкі ў сяброўстве трохі адсланялі яе, аднак ні тое, ні другое не яднала з жыцьцём. Яднала хіба — віно; праўда, ненадоўга, і таму віна трэба было многа, і ўсялякі раз, калі яно закончвалася, гульня таясамасьці экзістэнцый (ягонай і жыцьця) перапынялася яшчэ вялікшай тугой...
Читать дальше