Праўда, у меру майго веданьня тэкстаў Кшыштафа Чыжэўскага, я не магу сьцьвярджаць, што этыка яго цікавіць сама зь сябе ці сама ў сабе. Зусім верагодна, яго болей інтрыгуе тое, што адразу пасьля этыкі, — гэта значыць геаграфія. (Яшчэ раз паўтаруся, як на маё перакананьне, геаграфія сталася магчымай адно дзякуючы этыцы. Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў распачалася не раней, чым у асноўных сваіх знаках і атрыбутах сфармавалася Вялікая этычная эпоха — хрысьціянства. Усё дахрысьціянскае засваеньне сьвету было не спазнаньнем прасторы, а яе гвалтоўным авалоданьнем.)
Фізычная геаграфія і геаграфія культуры — зьвы непадзельныя, уласна, гэта адна і тая самая зьява, у якой спачатку быў больш актуальны фізычны аспэкт, а ўжо бліжэй да нашага часу заактуалізаваўся аспэкт культуралягічны.
У XV стагодзьдзі этыка дапамагла адбыцца падзеі геаграфіі, у ХХ — культуралёгіі.
Кшыштаф Чыжэўскі — і вандроўнік і культуроляг, таму ён, безумоўна, этык. Але ні ў якім выпадку не наадварот.
Як вандроўнік, Кшыштаф Чыжэўскі ня любіць межаў, бо мяжа — гэта тое, што запыняе вандроўку, але як культуроляг ён мусіць з пашанай ставіцца да мяжы, бо ў шмат якіх выпадках фігурай мяжы акрэсьленыя контуры культуры.
Як скасаваць мяжу, не касуючы межы?
Мэханізм “фізычнага” касаваньня межаў быў вынайдзены даўно — імпэрыя. Але відавочна, што сёньня ўжо немагчымыя такія наднацыянальныя структуры, як Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Габсбургская манархія, Асманская імпэрыя, Брытанская імпэрыя, СССР і да т.п. Кшыштаф Чыжэўскі гэта выразна фармулюе, а фармулюючы, шукае альтэрнатыву колішнім імпэрыям — і таму, што рэанімацыя былых у прынцыпе немагчымая, і таму, што клясычная імпэрыя, сьціраючы межы, сьцірала іх да рэшты, разам з тым сакральным знакам культуры, які яны акрэсьлівалі.
Ідэя Эўропы рэгіёнаў ці, інакш, Эўропы татальнага цэнтра (на паверхні шару цэнтар знаходзіць сябе ў кожнай асобнай кропцы), у рэчышчы якой спрабуе намацаць альтэрнатыву колішнім імпэрыям Кшыштаф Чыжэўскі, гэта, у рэшце рэшт, ня што іншае, як, магчыма, і неўсьвядомленае, жаданьне замены ідэалягемы прасторы на ідэалягему дыскурсу. Што найперш азначае кастрацыю традыцыйнага цэнтра, як агрэсыўнага мэханізму адмыканьня і разгортваньня прасторы сродкамі зброі, палітыкі ці культуры. А затым — стварэньне рагрэсыўнага мэханізму, які б, аднак, змог пазбаўленую цэнтра прастору, гэта значыць ужо дыскурс, структурна ўтрымліваць як нешта цэлае і тым самым берагчы ад экспансіі энтрапіі.
Адным словам, уся праблема палягае ў тым, як замяніць ідэалёгію (шырэй — сьветабачаньне) Мадэрну на ідэалёгію (сьветабачаньне) Постмадэрну.
Наколькі я ведаю, Кшыштаф Чыжэўскі рашуча не прымае Постмадэрн як форму і спосаб мысьленьня, але, тым ня менш, базавыя ідэі, да якіх ён актыўна зьвяртаецца, месьцяцца ў полі постмадэрновай ідэалягемы (Эўропа рэгіёнаў, татальнасьць цэнтра — як анігіляцыя цэнтра, дзейная культура, этас паўзьмежжа...).
Бадай, на ўлюбёным Кшыштафам Чыжэўскім сюжэце паўзьмежжа давядзецца спыніцца асобна...
Падобна да таго, што паўзьмежжа, дзе сыходзяцца і суіснуюць у рэальных сацыяльных і культурных практыках самыя розныя этнічна-нацыянальныя групы, уважаецца Кшыштафам Чыжэўскім за магчымую мадэль цывілізаванага і прасторавага ўладкаваньня, якое можа стацца плённай альтэрнатывай як наднацыянальным імпэрыям, так і нацыянальным дзяржавам.
Гісторыя паўзьмежжа — гэта гісторыя эвалюцыі стасункаў зь Іншым: ад фізычнага зьніштажэньня Іншага да намацваньня магчымасьці дыялёгу зь ім праз працяглы пэрыяд жорсткай палемікі. Асабіста мяне фэномэн паўзьмежжа цікавіць найперш тым, што яно задоўга да ХХ стагодзьдзя дэманстравала магчымасьць жыцьця бязь Ісьціны, назапашвала досьвед такога жыцьця і, пэўна, шмат у чым прычынілася да канчатковага краху ідэі Ісьціны ў найноўшую пару.
Паўзьмежжа здавён відавочніла практыкай пабытовай рэальнасьці лятэнтна ўтоенае веданьне, што пры розных багах (ісьцінах) чалавек нараджаецца і памірае аднолькава, дый жыцьцём ня моцна розьніцца. Усе высілкі па адпрэчваньні гэтай эмпірычнай відавочнасьці праз палеміку зь Іншым за ісьціннасьць сваёй Ісьціны, фармальна замацоўваючы наяўнасьць Ісьціны, бурылі ідэю Ісьціны з самага яе падмурку, бо ў гэтай зацятай і бясконцай палеміцы некалі мусіў быў быць пачуты Іншы ў яго, іншага, Ісьціне. Але дзьве Ісьціны — гэта адсутнасьць Ісьціны. У адрозьненьне ад сыру, які і ў кавалку той самы сыр, Ісьціна абсалютная, непадзельная і адзіная (адзінкавая).
Читать дальше