Я-чалавек не зьяўляецца, ён стаецца я-чалавекам у працэсе адбываньня свайго тэрміну быцьця. Хаця больш карэктна будзе сказаць, ня “ён стаецца”, а ім “стаюцца” шматлікія аб’ектнасьці сьвету, якія падчас ягонага бытнаваньня накладаюцца сваім цяжарам на першапачатковы біялягічны под і тымсамым арганізуюць тое, што чалавек залішне самаўпэўнена называе “Я”.
Калі што і застаецца ў я-чалавеку ўласна яго, чалавечым, дык гэта мера здольнасьці прымаць і ўтрымліваць у сабе разнастайныя фэномэны існага. Але якраз у зьвязку з абмежаванымі магчымасьцямі я-чалавека быць адкрытым для быцьця існага, мы, бадай, можам казаць пра я-чалавека як пра вынік скажэньня аб’ектнасьцяў існага, што ня могуць выявіцца ў чалавеку ў сваёй паўнаце. Чалавек ня “мера ўсіх рэчаў, існуючых, што яны існуюць, неіснуючых — што яны не існуюць”, а мера скажэньняў усяго як існуючага, так і неіснуючага. Вось гэтая мера магчымасьцяў сублімаваць скажоныя (усё абсечанае, няпоўнае — ёсьць скажоным) аб’ектыўнасьці рэальнага сьвету і зьяўляецца тым, што мы называем экзістэнцыяй, гэта значыць уласна чалавечым канкрэтнага чалавека.
Я-чалавек — мера скажэньняў аб’ектыўнасьці сьвету. Накладаючы сябе, як скажоную меру, на аб’ектыўную рэальнасьць, я-чалавек атрымлівае не адэкватную ні рэальнасьці, ні самому сабе карціну. Мабыць, адсюль адна з прычынаў пракаветнай роспачы я-чалавека, які з гэтага ніяк ня можа зарыентавацца ў гушчары быцьця, і таму застаецца разгубленым сам-насам.
Сам-насам з тым, чаго няма.
НЕ БЫЛО. НЯМА. І НЯ БУДЗЕ
Я-чалавек ня можа сам зь сябе аб’явіцца.
Я-чалавек ня можа існаваць сам у сабе.
Я-чалавек ня можа быць сам сабой.
Я-чалавека няма. Ёсьць сваеасаблівае ўтварэньне самых розных праяваў быцьця існага. Гэтае ўтварэньне, індывідуалізаванае пэўнай уласнай экзістэнцыяй, натуральна, неяк павінна пазначацца, мець сваю сэмантычную марку, але традыцыя наданьня значэньняў саматоеснасьці і самадастатковасьці, а тым болей сакральнасьці гэтаму ўтварэньню, здаецца, абумоўлена ўсяго толькі неабачлівым пераносам сынкрэтычнай цэласьці знака на ўсю тую шматсэнсоўнасьць, што ім пазначаецца.
Я-чалавек не належыць сам сабе, ён уласнасьць шматлікіх рэальнасьцяў, што паходзяць з розных вымярэньняў быцьця існага (тэарэтычна нельга выключаць, што нейкім сваім акрайчыкам кранаецца чалавека і “ірэальнае вымярэньне”, з чаго і паўстаюць рэфлексіі містычнага кшталту) і на пэўны момант гуртуюцца на прасторы я-чалавека, кожная як на сваёй уласнай прасторы, якую яна сваёй прысутнасьцю фармуе ў меру магчымасьці фігуры я-чалавека.
Такое разуменьне я-чалавека, як прытулку розных “стыхіяў” (першапачаткова самых простых: вада, зямля, агонь, паветра...) сфармавалася ўжо на самым пачатку асэнсаваньня фэномэну чалавека і стратэгічна яно пасюль застаецца нязьменным, адно мяняліся складнікі ды зьмяншаліся акцэнты зь “ідэалягічных” на “матэрыялістычныя” ці наадварот.
Разам з тым, за выняткам зацятых матэрыялістаў (і ў старажытнасьці і потым), што выводзілі я-чалавека з сумы тых “стыхіяў”, якія ў ім апазнаваліся, — усе астатнія вышуквалі яшчэ нешта звыш “сумы стыхіяў” і гэтым “звыш” вылучалі я-чалавека ў новае цэлае, тоеснае толькі само сабе.
Гэты “элемэнт чалавека” ў я-чалавеку шукалі ўва ўсялякую пару, калі я-чалавек сам сябе хоць трохі цікавіў. Але не знайшлі, не зважаючы на яго, здавалася б, відавочную наяўнасьць, бо хоць каму амаль немагчыма ўявіць такое складанае структурнае ўтварэньне як я-чалавек, зыходзячы з таго, што сытуацыя я-чалавека ствараецца па-за ім самім і зусім незалежна ад яго самога ці ад нейкай трансцэндэнтнай сілы, што мае апеку над ім.
Паколькі “элемэнт чалавека” ніяк не жадаў аб’яўляцца на людзі, давялося пазначыць ягоную наяўнасьць гіпатэтычна, выкарыстоўваючы для гэтага самыя розныя гіпотэзы ды паняткі.
Бадай найбольш устойлівым сярод мноства самых неверагодных вэрсіяў і па сёньня застаецца тое, што звычайна называецца душой (у сваім вышэйшым вымярэньні — духам), хаця колькасьць трактовак формы, зьместу і ўвогуле самога факту наяўнасьці душы (духа), пэўна, не падлягае нават каталягізацыі.
Сярод філязафічных гіпотэзаў “элемэнта чалавека” асабіста мне падаецца найбольш цікавай вэрсія Ляйбніца.
Уласна, “манадалёгія” Ляйбніца — гэта толькі арыгінальная інтэрпрэтацыя “эйдалёгіі” Плятона. Але калі эйдасы Плятона праектуюць сваю ідэалёгію на ўсё сынгулярнае аднекуль з унівэрсуму трансцэндэнцыі і такім рэнтрансьляцыйным чынам абавязваюць сынгулярыі прыпадабняцца тым ці іншым эйдасам, то манады непасрэдна ўдзельнічаюць у форме і спосабе адбываньня быцьця ўсялякім элемэнтам існага. Паводле Ляйбніца кожная кропля вады, кожная жывая істота (неарганічная структура таксама) мае сваю арыгінальную манаду — духоўную, душэўную, энэргетычную адзінку субстанцыі быцьця.
Читать дальше