Адсюль, са сваёй “сакральнай” належнасьці да нечага ўнівэрсальнага іншага, а не да ўласнага, сынгулярнага “я”, я-чалавек і выбудоўваў сабе сыстэму вартасьцяў (сэнс жыцьця), якой ацэньваў каштоўнасьць ды ісьціннасьць свайго адбываньня быцьця.
Пэўна ж, такая ўпартая няўвага я-чалавека да значэньняў самога сябе для самога сябе зусім не выпадковая, і няўхільна падсоўвае да думкі аб адсутнасьці ў чалавеку хоць нейкіх значэньняў, якія маглі б сьведчыць пра наяўнасьць у ім каштоўнасьцяў большых за тыя, што абумоўленыя ягонай прысутнасьцю ў існым. Верагодна, гэтую сытуацыю можна было б адразу заакцэнтаваць і разгарнуць, але ёсьць “сёе-тое”, што замінае гэта зрабіць адразу.
Рэч у тым, што хаця стратэгіі інтэлігібэльных рэфлексіяў я-чалавека ў пошуках сэнсу жыцьця скіраваныя вонкі, туды дзе яго самога непасрэдна няма, але ўласнае жыцьцё я-чалавека, як канкрэтнага бія-сацыяльнага фэномэну, татальна абумоўленае клопатам пра сябе нават у тых выпадках (ня кажучы пра ўсе астатнія), калі для самога я-чалавека гэты клопат застаецца закамуфляваным у той ці іншай ідэалягеме.
Клопат пра сябе — неад’емная якасьць я-чалавека і яго найбольш выразная характарыстыка. У гэтай ягонай якасьці, як у эпіцэнтры існаваньня, сыходзяцца і біялёгія, і сацыяльнасьць, і ідэалёгія. У рэшце рэшт інтэнсыўнасьць і чын клопату пра сябе вымалёўваюць фігуру “Я” чалавека. Калі пакарыстаць зь бязьмежна адкрытай для бясконцых інтэрпрэтацыяў дэкартаўскай формулай, то можна сказаць: “Я забясьпечваю сябе, значыць я існую”. Забясьпечваю сябе як энэргіяй існаваньня, так і самім сабой. Прытым, другое ці ня больш істотнае за першае, бо клопат пра сябе гэта нешта іншае ад шапэнгаўэраўскай волі да жыцьця, і хаця ён пэўным чынам зьвязаны з унівэрсальнай вітальнасьцю ўвогуле, а звыш яе эгаізмам, як патрэбай гэтай вітальнасьці менавіта для мяне самога.
З апошняга, быццам, можна зрабіць выснову, што ў я-чалавеку маецца нешта, што запатрабуе яго для яго самога. Але перш чым пагадзіцца з такой вэрсіяй, паглядзім ці ня ёсьць гэтая патрэба сябе, як толькі сябе, агульнай якасьцю ўсяго біялягічна жывога.
Усё жывое, што аб’яўляецца да жыцьця, жадае быць, заставацца ў жыцьці, прынамсі, не імкнецца да сьмерці, унікае яе заўсёды, калі ў патэнцыі ёсьць хоць нейкая магчымасьць. І гэта як найлепей сьведчыць, што існаваньне для жывога мае ці не абсалютную каштоўнасьць. (Тут мы прамінаем увагай “інстынкт сьмерці” сумесны зь “інстынктам жыцьця”, бо гэтая бінарная апазыцыя ляжыць у іншым вымярэньні праблемы я-чалавека.)
Уніканьне сьмерці жывым — навідавоку. Але нас тут цікавіць другое: тая ці іншая біялягічная структура пад прымусам волі да жыцьця імкнецца толькі да жыцьця ці толькі жыцьцё мае сэнс адно тады, калі яно забясьпечвае гэтую структуру магчымасьцю быць як быць менавіта тым, чым яна ёсьць?
Падобна, мы яшчэ ня хутка зможам верагодна сьцьвярджаць пра экзістэнцыйныя стасункі з быцьцём іншых ад чалавека біялягічных структураў. Пакуль нам застаецца адно меркаваць, што для расьліны ці жывёлы жаданьне быць як быць і жаданьне быць сабой сынкрэтычна паяднаныя ў парамэтрах той біялягічнай формы, якую яны зь сябе ўяўляюць. Што да ўласна чалавека, то тут таясамасьць быць як быць і быць самім сабой разасобленая разуменьнем сябе як “суб’екта”: я-чалавек ня проста хоча быць, а хоча быць тым, што ён ёсьць.
У зьвязку з апошнім нас найболей можа зацікавіць тое, што фармуе аснову жаданьня чалавека быць самім сабой і што мы ўжо звыкліся называць экзістэнцыяй.
Экзістэнцыя, Dasein (тут-быцьцё) — ёсьць вопытам майго існаваньня ў аб’ёме маіх здольнасьцяў быць адкрытым існаму, схопліваць і ўтрымліваць гэтае існае, як быційную фігуру самога сябе. Уласна, экзістэнцыя гэта і ёсьць я-быцьцё. Я-чалавека няма як ёсьць. Я-чалавек ёсьць адно як тое, што адбываецца. Я-чалавек ёсьць адбываньне быцьця ў значэньнях я-чалавека. Ён увесь і цалкам зьмяшчаецца ў сваёй экзістэнцыі, як ува ўласным вопыце адбываньня быцьця.
З гэтага атрымліваецца, што экзістэнцыя ёсьць тое, што вылучае я-чалавека і зь ірацыянальнай плыні вітальнасьці і з рацыянальнага цела сацыяльнасьці ў нешта такое, з чаго мажліва казаць пра я-чалавека як пра ўнікальнае, адзінкавае ўтварэньне, тоеснае адно само сабе.
Верагодна гэта сапраўды так, верагодна я-чалавек у экзістэнцыйным сэнсе сапраўды ёсьць як “Я”. Аднак ці можна з гэтага зрабіць выснову, што ў я-чалавеку ёсьць нешта, што зь неабходнасьцю патрабуе я-чалавека для самога сябе і тымсамым тлумачыць навошта я-чалавек сам сабе патрэбны?
Читать дальше