Я веру, што неўзабаве Беларусь зробіцца вельмі заможнай краінай. Праўда, мне трохі няёмка, што нашая заможнасць паўстане з самага глабальнага крызісу XXI стагоддзя, а менавіта з крызісу пітной вады, глыбінныя запасы якой у нас ці не самыя вялікія ў Еўропе. Але колькі з нашых багаццяў раней карысталіся іншыя?!
І апошняе. Я веру, што ў гэтым дзівосным свеце акрамя чалавека ёсць яшчэ нехта, каго я называю Вялікім Інкогніта. Гэта, напэўна, яму ў сваю пару заманіла вымудрыць усё, што ёсць і чаго няма. Аднак Вялікі Інкогніта не мае нічога агульнага з біблейным Богам. Яму не патрэбныя ні наша любоў, ні нашая вера ў яго. Калі ён чаго і чакае ад нас, дык гэта толькі вялікай Адказнасці. І не толькі за той свет, у якім мы нараджаемся і паміраем, але і за сонца ў нябёсах.
Вікторыя Папова:Калі вы паверылі ў беларускі нацыянальны шлях? Пры якіх абставінах гэта адбылося?
— Такія рэчы ў адначассе не здараюцца. Тым болей, што выхаваны камуністычнай прапагандай, у маладосці я быў зацятым інтэрнацыяналістам. І дасюль не забылася, як падчас вучобы ў Маскве пры сустрэчы з нацыянальна ангажаванымі землякамі апантана палемізаваў на карысць інтэрнацыяналізму. Нават мог у шале выкрыкнуць апаненту класічнае: «Нацыяналізм — апошні прытулак нягоднікаў». Таму спатрэбілася шмат чаго перадумаць, перш чым я перарушыў цалкам у іншы бок. Але пра ўсё гэта ў некалькі словах не раскажаш. Бадай, згадаю толькі адзін сюжэт, які выразна памятаецца і праз дзесяцігоддзі. З тых маскоўскіх часоў я маю гонар сябраваць з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Пасля майго вяртання ў Мінск мы з ім часта сустракаліся і шмат размаўлялі: я турбаваўся за Сусвет, ён — за Беларусь. Міналі гады ў такіх размовах, і аднойчы, развітваючыся пад высокім зорным небам, я, ужо «нацыянальна адукаваны» сваім сябрам, раптам падумаў: «Калі такія высокія духам і розумам людзі, як Ластоўскі, Цвікевіч, Тарашкевіч (усіх не пералічыць) ахвяравалі свае жыцці дзеля Беларусі, дык нешта ў гэтым, напэўна, ёсць»?
Я ўжо даўно перакананы сам і даўно пераконваю іншых, што «нешта ў гэтым, напэўна, ёсць». Толькі хто б мне самому сказаў — што?
Таццяна Палякова: У якой ступені гісторыя Беларусі ёсць прычынай нашага сённяшняга становішча? Яна надае вам упэўненасці ў барацьбе за лепшую будучыню альбо, наадварот, спараджае страх, паняверку, жаданне мімікрыраваць, боязь рызыкі?
— У беларускай гісторыі былі розныя перыяды: і славутыя, і ганебныя, таму кожны вольны сам выбіраць сабе альбо яе гонар, альбо яе ганьбу. Той, хто выбірае гонар, скажа вам, да прыкладу, што ў XVI—XVII стст. мы былі цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным свеце. Бо ў тую пару асноўныя мадэрновыя працэсы разгортваліся на подзе кнігадрукавання, а «беларуская кірылічная друкаваная прадукцыя была найбуйнейшай у свеце, найбагацейшай як па колькасці выданняў, гэтак і па іх змесце» (Юрый Лабынцаў; між іншым, маскоўскі даследчык). Ну а той, хто выбірае ганьбу, скажа вам… Зрэшты, я да такіх не належу.
Валянціна Аксак:Сакавіцкія падзеі 2006 года, калі моладзь паставіла на Кастрычніцкай плошчы намёты і трымала ў ёй аблогу колькі дзён, выклікалі шырокі рэзанас і ў краіне, і ў свеце. Я ведаю, што ў гэтыя дні вы таксама не аднойчы былі на Плошчы. Распавядзіце пра свой досвед.
— У нядзелю 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ўвечары было сапраўднае свята свабоды. Сюды, пераадолеўшы страх забароны, прыйшлі дзесяткі тысяч людей, каб пасля выбараў падтрымаць дэмакратычнага кандыдыта на пасаду кіраўніка краіны. Раптам усчалася шалёная завея, аднак яна нікога не напалохала, бо тут згуртаваліся сапраўды адважныя людзі… Толькі нядзеляй свята і скончылася, у панядзелак ужо пачыналася палітыка. Таму ў панядзелак я не збіраўся туды ісці. Але позна ўвечары адзін за адным пачалі тэлефанаваць сямейнікі, каб паведаміць, што на плошчы ставяць намёты, і яны маюць намер заставацца там да ранку. Хоцькі-няхоцькі давялося цягнуцца на плошчу. Бо як такое можа быць, каб мужык грэўся пад пярынай, калі яго дзеці і жонка ўсю ноч мерзнуць на снезе. Праўда, потым так склалася, што недзе пасля гадзіны ночы я з дачкой і жонкай пакінуў Плошчу і вярнуўся да хаты… А сын вярнуўся толькі назаўтра днём.
Вечарам на занятках па філасофіі ў Беларускім калегіуме студэнтаў было значна меней, чым звычайна. Што не здзівіла. Бываюць дні, калі філасофія безнадзейна саступае жывому жыццю…
Адно павітаўся, як мяне адразу запыталіся пра мінскі «майдан». Я толькі што прыехаў адтуль, але мне найменей хацела гаварыць з імі на гэтую тэму. І вось чаму… Я быў захоплены мужнасцю маладых людзей, што цяпер бадзёрыліся каля намётаў альбо адпачывалі ў іх. Аднак разам з тым я разумеў, што Плошча трымаецца не іх мужнасцю, а нейкай мудрагелістай прыдумкай улады, якой чамусьці пакуль патрэбна, каб ля ганка Дома прафсаюзаў нейкі час пастаялі і намёты, і людзі. А як толькі ўладзе гэты гармідар станецца лішнім, праз паўгадзіны на пляцы будзе гуляць толькі вецер, ганяючы папяровае шмаццё.
Читать дальше