Пры ўсёй як бы складанасці і нечаканасці кожнага чалавека ўпаасобку, мы насамрэч да паныласці аднолькавыя. І калі хоць што трохі разнастаіць нас, дык гэта тыя эпохі, культуры ды жыццёвыя сітуацыі, якімі кожнага апрычона адорвае ягоны кон. Хаця і тут персанальная разнастайнасць досыць умоўная. Класічнае літаратуразнаўства налічыла ўсяго нейкі дзесятак сюжэтаў, што складаюць аснову абсалютна ўсіх мастацкіх твораў, напісаных хоць дзе і хоць калі. А значыць, на ўсе тыя мільярды насельнікаў зямлі, што былі раней і ёсць цяпер, маецца адно дзесятак схемаў, у якія ўкладаюцца падваліны ўсіх чалавечых біяграфій…
Але маёй абыякавасці да персанальнага чалавека пярэчаць такія маштабныя падзеі як мастацтва, літаратура, тэатр, філасофія і шмат чаго яшчэ. Калі чалавек у сваёй сутве гэтак прымітыўна элементарны, дык чаму тады вялікія мастакі, пісьменнікі і мысляры тысячагоддзямі прагна ўглядаюцца ў гэтага чалавека, а той не стамляючыся цікуе ў іхняй праекцыі за персанальнай візіяй самога сябе?
Я не маю адказу на гэтае пытанне. Я магу толькі працягваць пытацца. Можа, такім чынам чалавек хавае сваю пустату і панылую аднастайнасць ад самога сябе, каб, як пісаў Ніцшэ, не памерці ад праўды ? А, можа, якраз і наадварот. Вымкнуты з універсальнага цэлага ў персанальную біяграфію (хроніку адзіноты) чалавек апынаецца сам-насам супраць усяго Сусвету і толькі гэтым трагічным супрацівам пераадольвае бязлітасную банальнасць анталагічнага кону: нарадзіўся, апладніўся, памёр . Хаця, як на сённяшні дзень, у апошнім варыянце, бадай, залішне шмат гераічнай рыторыкі, якую цяжка таясаміць з сучасным чалавека, што татальна абрынуты ў мізэрнасць самога сябе як чалавека .
Ганна Соусь:У што вы верыце?
— Я веру, што ўвесь гэты неверагодны свет, як і тая дзівосная цывілізацыя, якую стварыў чалавек, паўсталі не выпадкова. Залішне гэты свет прыгожы, а цывілізацыя звыш меры адмысловая, каб яны маглі адбыцца збегам выпадковых абставінаў.
Хаця мая вера не пазбаўленая сумневу, бо колькі я не трудзіў глузды, але так і не зразумеў, хто і дзеля чаго мог вымудрыць сабе такую забаву?
Натуральна, калі я шукаў адказу, дык першым згадаў Бога, які, паводле Бібліі, і ёсць прычынай ўсяго, што ёсць. Але гэты адказ мяне не задаволіў, бо мы ўжо даўно жывём у свеце, створаным не Богам, а чалавекам. І на зямлі, і ў нябёсах — спрэс плён нашай працы.
Таму я веру Фрыдрыху Ніцшэ, які першым заўважыў, што «Бог памёр». Прынамсі, Той, біблейны. А з гэтага вынікала, што цяпер адказнасць за лёс людзей і планетаў мусіў быў узяць на сябе чалавек. Але чалавек збаяўся залішняй адказнасці і таму працягваў хавацца за словамі Святога Аўгустына: «Любі Бога і рабі, што хочаш». Хочаш — рабі проста вайну, а хочаш — сусветную. Адно не забывайся любіць Бога. А калі гэтая любоў аж прэ горлам, дык ты з воклічам «Алах акбар!» можаш нават скіраваць аэробусы з людзьмі ў хмарачосы Нью-Йорка.
Я веру, што некалі мы ўрэшце перастанем хавацца за любоў да Бога і зразумеем, што нам самім наканава ўпраўляцца з гэтым светам. І нікому болей.
А яшчэ я веру, што чалавек можа не забіваць чалавека. Бо пакуль ён гэта робіць, дык, па сутнасці, ўсё яшчэ нічым не розніцца ад звера. Калі я гляджу на хоць якога генерала, дык бачу не вышываны золатам мундзір, а запэцканую крывёй і брудам поўсць. Зрэшты, з генерала не так ужо і складана зрабіць чалавека. Трэба адно скінуць з яго галавы фуражку і паздзіраць пагоны.
Куды больш складана ачалавечыць палітыка. Нікуды не выкінуць з гісторыі сучаснай беларускай дзяржавы яе першага кіраўніка, але я веру, што ніводная вуліца нашай краіны ніколі не будзе насіць ягонага імя. Гвалтуючы людзей, можна паспяхова будаваць дарогі, палацы і нават дзяржаву. Аднак усё гэта не адмаўляе сам факт гвалту, які па азначэнні не палягае шанаванню.
Я не проста веру, я непахісна ўпэўнены, што бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» некалі зноў стануцца дзяржаўнымі сімваламі краіны. Бо яны ўвабралі ў сябе ўвесь сакральны сэнс бясконца доўгай гісторыі гэтай зямлі. І нават у самую апошнюю пару ні што іншае, а толькі яны гуртавалі вакол сябе ўсіх тых беларусаў, што прагнулі свабоды і незалежнасці. І ні за што іншае, а менавіта за бел-чырвона-белы сцяг і штандар з «Пагоняй» гэтых беларусаў да крыві збівалі на вуліцах і кідалі ў вязніцы.
Скажыце, за тыя дзяржаўныя сімвалы, што мы сёння маем, ці які чалавек з уласнай волі хоць аднойчы заступіўся? Альбо можа за іх нехта хоць самую драбнюткую кроплю крыві праліў? Ну, хіба якая швачка на фабрыцы пад голку палец сунула, калі зялёны кавалак тканіны з чырвоным нітавала…
Читать дальше