«nihil»:Цi магчыма прыблiзна пазначыць межы гэтай эры?
— Наўрад цi, бо хто ведае якiя яшчэ «кумранскiя» тэксты дзе хаваюцца. Ды i навошта? А вось сама Эра тэкста патрабуе ўнутранага падзелу на дзве (нi ў якiм параметры не роўныя) часткi — на эру пiсанага (летапiснага) i эру друкаванага тэксту, якiя радыкальна адрозна выявiлiся ў ролi стваральнiкаў цывiлiзацыйных модусаў. Напэўна, мне мала хто дасьць веры (i хай сабе), калi я скажу, што ад таго, пiсалiся словы рукой на скрутку папiруса цi друкавалiся варштатам на аркушы паперы, залежыла, перарушваў чалавек прастору i час на возе (альбо канi) цi на цягнiку (альбо самалёце), гэта значыць, не форма тэхнiкi i тэхналогii вытворчасцi тэксту залежала ад iнтэнсіфiкацыi цывiлiзацыйных разгортак, а зусiм наадварот…
Цывiлiзацыя летапiсных эпохаў не мела ў планiроўцы сваiх гарадоў, у мiжпрасторавых i сацыяльных камунiкацыях, у ментальных рэальнасцях i перспектывах косак, працяжнiкаў, дужак, двукоссяў, пытальнiкаў, клiчнiкаў, цэзураў, абзацаў (усяго, што сістэматызуе, фармалiзуе, а з гэтага i актуалiзуе ў канвенцыйна зададзеным вектары хаатычна разбэрсаныя акты быцця) — адно геральдычна размаляваныя вялiкiя лiтары ўлады ў аднамернай роўнядзi памнажэння бытнага.
Канструктыўная аснова цывiлiзацыі Новага часу паўстала на матрыцы друкаванага Тэксту, логiка супольнага бытавання новых элементаў якога вызначыла ўжо iншыя прынцыпы функцыянавання сацыяльных мэханiзмаў, а жорстка ўнармаваная i адначасна шматстайная стылiстыка закадавала рацыянальна дынамiчную фiгуру мыслення новаеўрапейскага чалавека, з чаго мы i атрымалi тое, што маем… Але мяне ўва ўсiх гэтых цывiлiзацыйных трансфармацыях, завязаных на трансфармацыях мовы, гэтым разам цiкавiць не праблема цывiлiзацыi, а праблема мовы. Тэкст, паклаўшыся ў аснову «друкаванай» структуры перадусім еўрапейскай цывiлiзацыi, вiдаць, ужо выканаў сваю ролю, i цяпер сама цывiлiзацыя выступае ў ролi бясконцага гiпертэксту, якi мы безупынна чытаем, толькi ўжо не вачыма, а ўсiм iнтэлігiбельным аб’ёмам свайго жыццяцела. Не менш заблытаная сітуацыя i з мовай як з маўленнем — мы па-ранейшаму шмат гаворым, хаця ўжо даўно нiчога не кажам адзiн аднаму. Склалася досыць цiкавая сiтуацыя: па сутнасцi сёння мы маем дзве самадастатковыя цывiлiзацыi — сакральную цывiлiзацыю мовы i функцыянальную цывiлiзацыю чалавека, вiдавочна разасобленыя памiж сабой. I ў сваёй цывiлiзацыi мова абыходзiцца, лiчы, без чалавека, а чалавек у сваёй — лiчы, без мовы. Зрэшты, магчыма якраз у памiжжы гэтай разасобленасцi неўзабаве i выблiсне акрайчык Няма?
«nihil»:Мова — зман, тое, што нiбыта ёсць, а нiбыта i няма, нябыт. Цi не жыве чалавек у тым, чаго няма? Цi не жыве ён насамрэч не ў быццi, але ў нябыце? Цi не ёсць гэта яго прырода, яго свет, яго быццё?
— Вельмi цiкава. Я так не думаў, прынамсi ў такiм ракурсе i ў такой танальнасцi — гэта вашая версiя. Марцiн Гайдэгер не аднойчы назваў мову домам быцця. Вы прапануеце прадумаць мову, як прастору нябыту i ў сінонiмы да мовы далучаеце быццё. З апошнiм мне лёгка пагадзiцца, бо вышэй я ўжо трохi спрабаваў прааналiзаваць працэс каланiзацыi быцця мовай i тое, як мова падмянiла сабой быццё. Але ўсё-такi найбольш мяне зацiкавiла ў апошніх вашых пытаннях не экстрэмальнае здумленне, што мы iснуём у Няма (бо ў такiм разе мне проста давялося б шукаць ужо не Няма, а Ёсць, гэта значыць, усяго толькi перацягваць з аднаго месца на другое тыя самыя канатацыi, што мяхi з бульбай са склепа на гарышча — цi наадварот), а ацэнка мовы як таго, што быццам бы прысутнiчае ў рэальнасцi i адначасна адсутнiчае як нешта рэальнае (тут адразу згадваецца «лiючаяся форма» Абдзiраловiча). Пакуль дакладна не ведаю, што мяне так узрушыла ў фармулёўцы вышага запыту, але iнтуiцыя падказвае: тут нешта ёсць у дапамогу шукальнiкам Вялікага Няма. Таму — дзякуй!
Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек. І так, а не іначай, у кожнага, за выключэннем, хіба, Ісуса Хрыста (але ж ён не цалкам ад людзей паходзіў). З гэтага бясконцага і банальнага самапаўтору чалавека чалавекам персанальныя сюжэты іншых мяне цалкам абыходзяць (бадай менавіта таму я ніколі не чытаў чужых пісем, не ўглядаўся ў чалавека, калі ён спіць і абыякава ставіўся да плётак пра знаёмцаў і паэтаў). Дарэчы, мой персанальны сюжэт мяне таксама лічы не інтрыгуе. Больш за тое, часам настолькі забываюся на сябе, што потым не адразу магу згадаць, хто гэта я? Каб у такія моманты лішне не лыпаць вачыма, я даўмеўся замацаваць над пісьмовым сталом шыльдачку з надпісам: «Валянцін Акудовіч».
Читать дальше