— У гэтым плане вельмi цiкавая i паказальная iнтэлектуальная эвалюцыя Людвiка Вiтгенштайна. Калi на пачатку свайго творчага шляху ён таясамiў мову i быццё («Логiка-фiласофскі трактат»), дык у сталым досведзе радыкальна рассунуў iх памiж сабой («Фiласофскія доследы»). У другiм вiтгенштайнавым выпадку мова, як тая котка, гуляе сама па сабе i сама з сабой у свае «моўныя гульнi». Мне гэты варыянт блiжэй, я бы тут толькi дадаў, што ў свае гульнi яна гуляе намi цi праз нас (паводле версii постструктуралiзму, мова гаворыць намi). Але неза-лежна ад таго, як мы сфармулюем праблему (гуляе цi гаворыць мова намi), адбылося тое, што адбылося — мова ўжо iснуе як Нешта вялiкае самастойнае i, калi заўгодна, анталагiчнае i iснуе не з падставаў дзеi экзістэнцыйнага бытнага, як тое было ў пару яе станаўлення ў якасцi прылады, а затым партнёра чалавека… Цяпер мова адбываецца незалежна ад маўлення, гэта значыць незалежна ад таго, прамаўляе яна намi цi намi маўчыць. Нават калi б усяму чалавецтву раптам на колькi там год заняло мову, мова засталася б прысутнiчаць у падзеi быцця не з меншай iнтэнсіўнасцю… Хаця апошнiм часам мяне ў феномене мовы цiкавiць не сам гэты феномен i роля чалавека ў iм, а праблема пераадолення мовы, як прэзэнтанта амаль выключна дыскурса Ёсць. Вось вы кагадзе казалi, што мова можа «цалкам супадаць з нябытам, i супадаць з iм часткова». Як з майго гледзiшча, дык праблемнасць (немагчымасць) спасцiжэння Нiшто якраз у тым i палягае, што мы не маем мовы нябыта, што тая мова, якую мы маем, цалкам знаходзiць сябе ў дыскурсе Ёсць i, больш за тое, займеўшы анталагiчны статус, яна з прэзентанта гэтага дыскурса, сама сталася iм, гэта значыць цалкам падмянiла сабой (у быцiйным сэнсе) быццё.
«nihil»:Такім чынам, усялякi нiгiлiстычны акт адбываецца праз прыладу мовы, функцыянальна да гэтага не прыдатную?
— Амаль што так, i ўся сутнасьць праблемы менавiта ў гэтым, бо: а) тая мова, якую мы маем, умее называць адно тое, што ёсць i не ўмее называць тое, чаго няма; b) падмянiўшы сабой быццё, мова кожным актам менавання нябыту ператварае яго ў бытнае, — адсюль кожнае вымаўленае «няма» ператвараецца ў «ёсць» i тым самым вялiчыць дыскурс быцця ды ўсё надалей адсланяе нас ад небыцця.
«nihil»:Быццё — яно актыўнае цi пасіўнае?
— Адразу напрошваецца адказ: пасіўнае. Але не станем спяшацца, будзем памятаць, што тая логiка, якой трымаецца канструкт мыслiўнага акту, сфармаваная мовай быцця, а не нябыту. I таму тут магчымыя дзве гранiчна розныя пазіцыi. Для таго, хто належыць да партыi Парменiда, партыi канстытуявання быцця ў форме татальнага Ёсць, быццё напэўна выяўляе сябе як заўсёды пасіўная, a priori статычная падзея. А вось для тых, хто належыць да партыi акудовiча, быццё ёсць актыўным феноменам, бо яно паўставала з Нiшто праз пераадоленне сваёй адсутнасцi i да гэтага трымаецца адно праз актыўны супрацiў сваёй папярэдняй сітуацыi. Бадай, мы (але адно ў якасцi гульнёвай версii) можам тут фармуляваць i больш экстрэмальную тэзу: быццё — гэта актыўная форма статычнага (пасіўнага) нябыту. Але разгортваць тут гэтую тэзу я б не наважыўся, бо дзеля яе хай сабе эксперыментальнага ўнаяўлення спачатку патрэбна было б змайстраваць досыць складаныя ў сваёй канфiгурацыi рыштаваннi, да таго ж угрунтаваныя ў моўныя нэгатыў-канцэпты, якiя самi яшчэ патрабуюць сабе апiрышчаў вонкi.
«nihil»:Цi не з’яўляецца мова вынаходствам і ўласнасцю постацяў, прыналежных да сакральнага і магічнага ладу — жрацоў, святароў, валхаўцоў, шаманаў? Усе рэальныя сведчанні пра старавечча мовы, археалагічныя звесткі або старажытныя тэксты, так ці інакш звязаныя або з традыцыйнымі сакральнымі падзеямi або з культавымi рытуаламi.
— Як на мой розум, дык валхаўцы (i да iх падобныя) прыдумалi не мову, а тэкст, што зусiм не адно i тое самае. Адбылося гэта ў той перыяд, калi мова з функцыянальнай прылады пачала ператварацца ў партнёра чалавека, гэта значыць, сацыяльна-экзістэнцыйнага множыцеля дыскурса бытавання, якi раней вялiчыўся выключна праз фiзіялагiчна-рэпрадукцыйную здольнасць чалавека. У тую пару каста валхаўцоў, як iнтэлектуальна найбольш «прасунутая», зразумела ўжо гатовы разгарнуцца напоўнiцу патэнцыял мовы i даўмелася манапалiзаваць слова праз яго сакралiзацыю, а каб развесцi слова з прафанным словам-функцыяй, былi вынайдзеныя розныя тэхналогii ўцялеснiвання сакральнай сутвы мовы ў фармат рэчаiснасцi, самай перспектыўнай з якiх пакрысе выявiўся тэкст. Такiм чынам, праз манапалiзацыю сакралiзаванай i тэкстуалiзаванай мовы, каста валхаўцоў ладна-такi адсунула касту патрыярхаў племянных радоў ад улады, пакiнуўшы iм у карыстанне адно мову-функцыю… Пэўна, тэза пра мову, як сродак барацьбы за ўладу, можа падацца залiшне засацыялагiзаванай, але ў той сваёй частцы, дзе валхаўцы выступаюць стваральнiкамi Эры тэксту, яна падтрымлiваецца ўсiм архiвам гiсторыi культуры.
Читать дальше