Такім шчасліўцам быў самы «прамяністы з прамяністых» Тамаш Зан.
АПОШНІ ПРЫСТАНАК ВЫГНАННІКА
З уральскай ссылкі Тамаша Зана, гэтага «небяспечнага палітычнага злачынца», бунтаўшчыка спакою ў паўночна-заходняй частцы Расійскай імперыі, адпусцілі толькі праз трынаццаць гадоў. А дамоў, на радзіму — яшчэ пазней.
Адпускалі яго недарэмна. Сваю ролю адыграла тут захапленне Тамаша Зана прыродай Урала і прылеглых да яго земляў. Гэтае захапленне зблізіла яго там з многімі выдатнымі людзьмі. Вялікі ўплыў на «архіпрамяністага» зрабіла сустрэча і знаёмства з сусветна вядомым вучоным-натуралістам з Германіі Аляксандрам Гумбальтам, які прыязджаў на Урал у вучоную экспедыцыю. Пад яго ўздзеяннем Тамаш Зан з уласцівай яму апантанасцю заняўся вывучэннем геалогіі і батанікі. Праз колькі часу яму даручаюць геалагічную разведку на шырокіх прасторах Прыуралля. У пошуках карысных выкапняў і мінералаў, а таксама з мэтай больш шырокага вывучэння краю Тамаш Зан аб'ездзіў многія мясціны Урала, Прыуралля, Тургайскага стэпу. На Волзе пад Самарай ён адшукаў нафту, у Зауральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіц кай крэпасці — медную руду. Тамаш Зан стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. Першымі экспанатамі былі там рэчы, сабраныя ім у шматлікіх навуковых экспедыцыях.
Улічваючы немалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні уральскай прыроды і асабліва знаходку пакладаў золата, З мая 1837 года «государь император всемилостивейше соизволил разрешить Заиу оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину». Але са зваротам Тамаша Зана на радзіму ўлады ўсё ж не спяшаліся. Спачатку яму дазволілі прыехаць у Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданнем сваіх прац пра прыродныя багацці Урала агульным аб'ёмам сто друкаваных аркушаў. Аднак надрукаваць такую аб'ёмную кнігу Тамашу Зану не ўдалося. Па сённяшні дзень мы не ведаем, дзе дзеўся яе рукапіс.
А зварот на Беларусь, нягледзячы на царскае «всемилостивейшее соизволение», усё адцягваўся. Больш таго, Тамаша Зана неўзабаве пасля прыезду ў Пецярбург нечакана выклікалі ў канцылярыю вядомага III аддзялення імператарскага ведамства і паведамілі там, што яго вырашылі вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэнні жандара: паліцыя даведалася пра новыя факты ўдзелу беларускага выгнанніка ў арэнбургскай змове 1833 года. Ратаваць «архіпрамяністага» кінуліся яго віленскія сябры, якія аселі ў Пецярбургу, і ў першую чаргу Францішак Малеўскі, у сям'і якога ён знайшоў цеплыню і спагаду. Наўрад ці дапамаглі б тут захады сяброў, бо справа непакорлівага бунтара дайшла да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзялення графа А. Х. Бенкендорфа.
Але, на шчасце, за Тамаша Зана заступіўся арэнбургскі генерал-губернатар граф Васілій Аляксеевіч Пяроўскі, які высока цаніў ссыльнага філамата за яго геалагічныя адкрыцці, за шырыню ведаў. Гэта выратавала «архіпрамяністага» ад новага вітка «блуканняў па пакутах».
Улады затрымлівалі Тамаша Зана ў Пецярбургу яшчэ таму, што ў Вільні ў гэты час было не зусім спакойна. Там, у былым Віленскім універсітэце, цяпер Медыка-хірургічнай акадэміі, пад кіраўніцтвам беларускага паэта Францішка Савіча ўтварылася новае тайнае згуртаванне студэнтаў, да якіх далучыліся некалькі прафесараў і віленскіх рамеснікаў і з якімі наладзіў кантакт вядомы рэвалюцыянер Сымон Канарскі. Новую змову супраць царызму выкрылі акурат у час знаходжання Тамаша Зана ў Пецярбургу. Атмасфера ў Вільні была напружаная. Пускаць туды легендарнага кіраўніка філарэтаў было тое самае, што кідаць іскру ў бочку з порахам. Затрымка са зваротам на радзіму, якая была цяпер так блізка, вельмі прыгнятала Тамаша Зана. «Відаць, не раней як праз два ці тры гады змагу я вярнуцца дадому, што мяне вельмі засмучае, — пісаў ён сваёй нязменнай сяброўцы Марылі Верашчака (цяпер Путкамер) у 1838 годзе. — Ніколі да гэтага не адчуваў я так цяжка сваё выгнанне, як цяпер — у бляску славутай сталіцы Расіі».
Так і атрымалася, як прадугадваў выгнаннік: толькі ў 1841 годзе яму дазволілі вярнуцца на радзіму, ды і то як супрацоўніку Горнага інстытута. Наколькі пакутлівае было чаканне звароту, гаворыць псіхічны надлом Тамаша Зана, пра што з вялікай роспаччу паведамляе Марылі Путкамер Францішак Малеўскі ў самым пачатку 1840 года. Ён ужо быў упэўнены, што назаўсёды «страціў свайго даўняга друга, добрага Тамаша». Але, на шчасце, прыступы вар'яцтва паўтараліся ўсё радзей і, нарэшце, зусім прайшлі.
Читать дальше