Пра няскоранасць духу, пра актыўную палітычную дзейнасць у ссылцы Тамаша Зана шмат новых і цікавых фактаў падаў гісторык Валянцін Грыцкевіч у сваёй кнізе «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна». З яе мы даведваемся, напрыклад, што Зан у 1833 годзе прымаў удзел у змове ссыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супроць мясцовых улад з тым, каб уцячы потым за мяжу.
Але Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супроць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне. Вельмі вялікая яго роля і ў культуры, перш за ўсё ў нараджэнні на Беларусі новага, прагрэсіўнага літаратурнага напрамку — рэвалюцыйнага рамантызму. Якраз ён, Тамаш Зан, адным з першых звярнуў увагу на народную паэзію, вуснапаэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. А зварот да фальклору, як вядома, быў характэрны якраз для паэтаў-рамантыкаў.
Ужо ў студэнцкай камедыі «Грэцкія піражкі», напісанай у 1817 годзе, Тамаш Зан падаў добры прыклад выкарыстання беларускага фальклору, перш за ўсё прыказак і прымавак, характэрных для нашай мовы выслоўяў. Вось некаторыя з іх: «На злодзею і шапка гарыць», «Не адзін Гаўрыла ў Полацку», «Баба з калёс — калёсам лягчэй», «Хто ўкраў парасё, у таго ў вушах пішчыць». Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў бачым мы і ў яго аб'ёмістай паэме «Табакерка» (1818), дзе даволі цікава апісваецца беларускае вяселле, язычніцкае свята Купалле, расказваецца пра русалак, пра розныя звычаі і абрады беларусаў. У тканіну твора аўтар арганічна ўплятае ў сваёй апрацоўцы беларускія народныя паданні. Паводле паданняў нашага народа былі напісаны і найбольш цікавыя Занавы балады — «Цыганка», «Свіцязь-возера» і іншыя.
Гэтыя творы Тамаша Зана разам з баладамі і беларускімі песнямі Яна Чачота сваім уплывам сталі вызначальнымі ў літаратурнай долі іх агульнага сябра Адама Міцкевіча, пра што ўжо не раз адзначалася ў літаратуразнаўстве.
Тамаш Зан, як і ўсе пісьменнікі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, пісаў на польскай мове, якая была мовай тагачаснай літаратуры, усяго нашага справаводства. І ўсё ж такіх польскамоўных пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай спольшчанай шляхты, як Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і часткова польскамоўны Ян Чачот, трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Перш за ўсё таму, што яны ўпершыню асновай сваіх твораў рабілі вуснапаэтычную творчасць роднага ім беларускага народа, паказалі яе глыбіню, высокую эстэтычную вартасць. Яны скіроўвалі ўвагу грамадскасці на самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў, на адметнасць іх як асобнай нацыі, адным словам, адкрывалі перад шырокім светам цэлы народ, які дагэтуль вельмі ж спрытна «прысвойвалі» больш моцныя суседзі, імкнучыся раздзіраць яго на часткі. Акрамя таго, усе тры названыя паэты выразна праявілі ў шматлікіх творах свой «краёвы» патрыятызм, апяваючы родную «Літву», сілай мастацкага слова ўваскрашаючы яе шматвекавую гісторыю. Яны, можна сказаць, ушчыльную падышлі ўжо і да стварэння ўласна беларускай літаратуры. Першым крокам да гэтага былі іх выказванні аб самабытнасці, аб мілагучнасці і прыгажосці беларускай мовы, да якой усе яны ставіліся з глыбокай павагай і прыхільнасцю. Другі крок — спробы асобных з іх пісаць на гэтай мове, а таксама ўводзіць яе ў канву сваіх польскамоўных твораў.
Інакш кажучы, якраз з польскамоўнымі пісьменнікамі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя трэба звязваць нараджэнне новай беларускай літаратуры. Асноўная іх заслуга ў тым, што яны падрыхтавалі для яе глебу, пасеялі першае зерне нашага нацыянальнага адраджэння. Іх творчасць — гэта першапачатковы этап у гісторыі новай беларускай літаратуры, этап, без якога зусім немагчыма растлумачыць увесь працэс яе развіцця. Лічу вялікай недарэчнасцю, што творчасць паэтаў-рамантыкаў, як, дарэчы, і іншых польскамоўных, а таксама лацінскамоўных беларускіх пісьменнікаў мы выключылі з поля свайго зроку, гэтак нядбайна ігнаруем. Яна ж, апрача ўсяго, — наша жывая гісторыя.
Варта сказаць і пра адносіны канкрэтна Тамаша Зана да беларускай мовы. Як і ўсе філаматы, ён добра яе ведаў і шанаваў. Ён сам падкрэсліваў у сваіх успамінах, што яшчэ ў час вучобы ў Мінскай гімназіі «мужыцкай мовай Міншчыны ахвотна карысталіся студэнты», што яна не чужая была і студэнтам Віленскага універсітэта, дзе вучылася пераважна моладзь з беларускіх губерняў. Тамаш Зан свядома браў для сваіх вершаў, балад і іншых твораў беларускія словы і выразы. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу польскія і беларускія літаратуразнаўцы. Напрыклад, Станіслаў Станкевіч у сваёй кнізе «Беларускі пачатак у польскай паэзіі першай паловы XIX стагоддзя», якая выйшла ў трыццатых гадах на польскай мове ў Вільні, прыводзіць цэлы спіс «беларускіх правінцыялізмаў», якія ён знайшоў у творах Зана. Сярод іх ён называе такія, як «Чым хата багата, тым ці будзень рада», «ні тое ні сее», «кішэня», «бусі» (пацалунак), «харошы», «хвост», «галубчык», «глячык», «кажан», «кужэльны», «краска», «наўда», «неахайны», «акрайчык хлеба», «аруд», «паспець», «рана», «русы», «што», «заклікаць» і іншыя. На аснове сваіх назіранняў С. Станкевіч робіць вывад, што Тамаш Зан быў адным з самых першых і самых гарачых прыхільнікаў «культывавання краёвай літаратуры». Якраз таму, трэба думаць, вельмі горача вітаў Тамаш Зан беларускамоўную творчасць свайго сябра Яна Чачота. Каб даць шырэйшы ход Чачотавым беларускім творам, ён сам складаў на іх музыку, з ахвотай спяваў іх разам з сябрамі. Ёсць усе падставы меркаваць, што Тамаш Зан таксама пісаў на беларускай мове. Але паколькі беларускія творы не было дзе друкаваць, яны маглі б толькі цудам захавацца, дайсці да нас. Мне думаецца, што і пра большасць беларускіх вершаў Яна Чачота наўрад ці сёння б мы ведалі, калі б ён не здагадаўся апублікаваць іх у сваіх фальклорных зборніках пад выглядам народных песень...
Читать дальше