Дабірацца да Ротніцы было вельмі проста: мы селі на гарадскі аўтобус — «тройку» і праз хвілін пятнаццаць сышлі ў зялёным, вельмі акуратным пасёлку, з даволі шыкоўнымі, часта мураванымі дамамі.
Тут жа, каля самага аўтобуснага прыпынку, адразу за плотам і пачыналіся ротніцкія могілкі, што падыходзілі адным бокам да ўтравелага касцельнага двара.
Магілу Яна Чачота знайсці было зусім няцяжка. Прайшлі туды, дзе былі старыя могілкі, і праз колькі часу блукання на іх убачылі акуратна агароджаны з усіх бакоў сціплы, але даволі прыстойны чатырохвугольны помнік, на якім здалёку кінулася ў вочы выбітае залатымі літарамі прозвішча Яна Чачота. І — як тут было не здзівіцца, не ўзрадавацца? — на магіле паэта я ўбачыў слоік са свежымі гваздзікамі! Ды ўжо дзеля аднаго гэтага можна было сюды ехаць!
На фасадным баку помніка зусім добра яшчэ чыталіся выбітыя 136 гадоў назад вельмі прачулыя і вельмі дакладныя радкі верша на польскай мове Антонія Эдуарда Адынца, філарэта, малодшага сябра Яна Чачота і Адама Міцкевіча:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце,
Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях.
Любоў да сяброў і да Бога — істоты яго была зместам.
Цяжкое жыццё яго ўсё — да збавення дарогай.
Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне
З Адамам Міцкевічам і Томашам Занам.
Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся,
Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх траіх памаліся.
(Пераклад М. Танка)
Сцяжыны Яна Чачота... Многа яшчэ на іх нязведанага, схаванага ад нас заслонай часу. У сваіх, можа быць, трохі раскіданых нататках я, вядома ж, не мог раскрыць ва ўсёй паўнаце гэту вельмі прывабную постаць у гісторыі нашай літаратуры і культуры ў цэлым. Шматбаковая дзейнасць Яна Чачота, паэта, фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, грамадскага дзеяча, яшчэ чакае свайго ўдумлівага, сур'ёзнага даследчыка, таго, кажучы купалаўскімі словамі, «новага., а мудрага гісторыка», які, зняўшы густыя напластаванні часу, ва ўсёй велічы высвеціць перад намі гэты яркі вобраз аднаго са слаўнай кагорты сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.
1983—1991
Дарогамі Тамаша Зана
МЯСАТА
У Мясату я падбухторыў з'ездзіць са мною Генадзя Каханоўскага. А ехаць туды, як выявілася, вельмі проста — і мне, мінчуку, і яму, маладзечанцу: Мясата ж — адзін з прыпынкаў электрычкі «Мінск — Маладзечна». Значыць, мы з двух канцоў дарогі — я з Мінска, Генадзь з Маладзечна — можам там і з'ехацца. Нам трэба было толькі выбраць час «сустрэчы на Эльбе».
Час гэты падабраў Генадзь, а калі казаць дакладней, дык яго знаёмая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мясацкай дзевяцігодкі, актывістка краязнаўства Яўгенія Васільеўна Костачка, якой ён — відаць, па тэлефоне — расказаў пра нашу задуму. Яўгенія Васільеўна, адразу ж ухапіўшыся за намер двух літаратараў наведаць Мясату, папрасіла зрабіць гэта першага верасня: яна хацела, каб мы выступілі ў школе на ўрачыстым адкрыцці новага навучальнага года і правялі першы ўрок, прысвечаны 500-годдзю Францішка Скарыны. Калі Генадзь сказаў мне па тэлефоне пра такую просьбу, я, не вагаючыся, адразу даў згоду: што ж, урок той — а намячаўся ён роўна на дзевяць гадзін раніцы — пэўне ж, зойме не шмат часу, пасля яго застанецца яшчэ ўвесь белы дзень, і мы паспеем як след пазнаёміцца з Мясатой і яе ваколіцамі.
Раніца першага верасня была светлая, з халадком. Я сеў у электрычку недзе каля сямі гадзін — у самую бадзёрую пару. І вось за акном — узгорыстая Маладзечаншчына. Любуючыся свежымі жаўтавымі ржэўнікамі з параскіданымі каткамі саломы, сіратлівымі, у быльнягу прысадамі пакінутых хутарскіх астраўкоў, каляіністымі пясчанымі дарогамі, што губляліся ў падступных лясах-пералесках, я перад кожным прыпынкам «вастрыў» вуха, каб разабраць прыглушаны дынамікам голас машыніста з яго аб'яўкамі: хаця б не прапусціць «маёй» Мясаты.
Мясата... Для большасці пасажыраў, што едуць у Маладзечна, гэтая назва, пэўне ж, нічога не кажа: ці мала якія ёсць у нас вёскі! Для мяне ж яна — не са звычайных. Яна выклікае ў мяне цэлы рой добрых думак, адразу пераносячы ў адшумелае XIX стагоддзе. Мясата ж — радзіма Тамаша Зана.
Імя Тамаша Зана стала шырока вядомым пасля гучнага працэсу над філаматамі і філарэтамі ў 1823-1824 гадах у Вільні, з якога людзі даведаліся аб выдатна арганізаваных і даволі прадстаўнічых тайных згуртаваннях беларускай моладзі, накіраваных супраць царызму. Па сутнасці яны былі блізкія сваімі задачамі і ідэямі дзекабрысцкім арганізацыям, якія ўзніклі якраз у гэты час у Расіі і на Украіне. Філаматы ўжо наладжвалі з імі кантакты. Выкрыццё віленскіх згуртаванняў моладзі перашкодзіла больш цесным іхнім сувязям. Можна смела сказаць: калі б Таварыства філаматаў не было ліквідавана царскімі ўладамі, яно знайшло б спосаб падтрымаць паўстанне на Сенацкай плошчы Пецярбурга ў снежні 1825 года. Зрэшты, тыя з філаматаў, якім удалося выбавіцца з кіпцюроў царскіх паслугачоў і пазбегнуць турмы і высылкі «ў аддаленыя губерні Расіі», і праўда падтрымалі выступленне дзекабрыстаў. Адзін з іх, блізкі сябар Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Міцкевіча філамат Міхал Рукевіч прычыніўся да выступлення раскватараванага на Беласточчыне Літоўскага асобнага корпуса царскіх войск супроць самога Мікалая ў тым жа снежні 1825 года, яскрава выказаўшы гэтым самым сваю салідарнасць з рускімі рэвалюцыянерамі. І, відаць жа, нездарма адбываў філамат-дзекабрыст Міхал Рукевіч ссылку ў Сібіры разам са сваімі рускімі сябрамі па няволі Мікітам Мураўёвым, Сяргеем Валконскім, Сяргеем Трубяцкім, братамі Бястужавымі. Дарэчы, дзякуючы М. А. Бястужаву захаваўся зроблены ім у ссылцы партрэт нашага славутага земляка.
Читать дальше