— Валерык твой адукацыю атрымаў, механікам у ПМК працуе, а ты ўсё ў невуках ходзіш, свет дарма смуродзіш, — ныла неаднойчы маці.
Пагадзіцца з ёю, ведаў я, — значыць падпісаць прысуд сабе, прызнацца ў сваёй бездапаможнасці. З гэтым я быў цяпер не згодны. Яе няшчырасць і нелюбоў мяне больш не цікавілі.
— Скажаш яшчэ!.. — скептычна ўсміхаўся я. — Ну скончыў ён гэтую «школу глуханямых», а далей што?
— Хіба ты не туды некалі паступаў? — далучаўся да спрэчкі бацька.
— Туды. Але калі тое было?
У інстытут я паступіў, як і разлічваў, праз год. Наўмысна на вячэрняе аддзяленне. Жылі мы на той час незаможна, ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Маё рашэнне задаволіла і мяне, і маіх бацькоў. Я ўсё пралічыў, і, магчыма, у мяне б усё атрымалася, каб не ён. Але аб гэтым па парадку.
Яшчэ праз год мне прапанавалі працу спецыяліста па маркетынгу і збыце. Я з радасцю прыняў гэтую прапанову. Аўтарытэт мой рэзка ўзрос. Вучыць нейкім азам мяне не трэба было. Я ўбіраў у сябе ўсё нібы губка. Я выдатна разбіраўся ў псіхалогіі людзей і ведаў, калі ўставіць свае «пяць капеек», а калі прамаўчаць. Я мог папросту зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца, у той час, калі кіраўніцтва прасоўвала свае самыя непапулярныя рашэнні. Яшчэ праз год я дарос да намесніка начальніка аддзела. Мне зноў павялічылі заробак, на гэты раз аклад павялічыўся заўважна. Цяпер я мог дазволяць сабе набываць дарагія рэчы, палуднаваць у дарагіх і прэстыжных рэстаранах горада, стыльна апранацца. Кола маіх сяброў пашырылася. Я стаў абрастаць сувязямі. Са мной лічыліся і раіліся. І вось у гэты спрыяльны момант, як у матэрыяльным, так і ў духоўным плане, мяне напаткала тое, чаго я ніяк не мог уявіць сабе і ў жахлівым сне.
Той дзень для мяне пачаўся звыкла. Хіба мог я ўявіць сабе, што ён стане апошнім у гэтай установе? Зранку я з поспехам правёў некалькі запланаваных дзелавых сустрэч. Потым, па завядзёнцы, наведаў банк, потым папалуднаваў у рэстаране. А потым… Цяпер гэта нават успамінаць не хочацца. Потым мяне выклікалі ў офіс. Нервовасць сакратаркі, неабгрунтаваная паспешлівасць шэфа, вядома, здзівілі мяне, але я нават уявіць сабе не мог, наколькі ўсё кепска.
Размова з шэфам была канкрэтнай і непрацяглай. Ён устрымліваўся ад нейкіх агульных абвінавачванняў, але ўжо з першых яго слоў я зразумеў, што выспявае скандал. Мяне беспадстаўна абвінавачвалі ў рассакрэчванні некаторых камерцыйных праектаў, з-за чаго, нібыта, фірма пацярпела значныя матэрыяльныя і маральныя страты. Называўся нават шэраг зусім «левых» прозвішчаў і нумары фіктыўных накладных. Вядома, гэта было недарэчным непаразуменнем. Я разумеў, што мяне нехта выкарыстоўвае. Але ад гэтага лягчэй не рабілася. «Хто і з якой мэтай?» — вось якое пытанне турбавала мяне тады. Я сутаргава пракручваў у памяці магчымыя і немагчымыя варыянты, сіліўся зразумець, каму пераступіў дарогу. Мае высілкі мелі пэўны плён. Я наткнуўся нечакана на адну падказку. І тут я здагадаўся. Уся гэтая сфабрыкаваная лухта — справа рук таго тыпа, які абіваў парогі майго кабінета прыкладна месяц ужо. Гэта ён мне падсунуў днямі грошы, не напрамую, вядома, а ў папцы з накладнымі. Відавочна, іх ад яго я ніколі не ўзяў бы, але ён перахітрыў мяне і падкінуў іх у папцы з паперамі. Выявіў я гэта запозна, калі памяняць нешта было нельга. Што ж мне вяртаць іх было яму ці што? Напрыканцы бяседы шэф намякнуў мне карэктна, што працаваць са мной пасля таго, што здарылася, не жадае. Мяне прымусілі напісаць заяву на звальненне.
Так я стаў беспрацоўным. Мае сувязі не дапамаглі мне ў пошуках працы. Пасля звальнення ад мяне адвярнуліся ўсе: і сябры, і «аўтарытэты», і бацькі. Я блукаў па горадзе ў пошуках учарашняга дня, я не ведаў, што рабіць. Станавіцца бамжом ніяк не хацелася. Ад безвыходнасці я стаў зазіраць у бутэльку. Гэта на пэўны час адцягвала ўвагу ад праблем, якія наваліліся на мяне нечакана і накапляліся з кожным днём, але і на гарэлку таксама былі патрэбныя грошы, а яны на дарозе не валяліся. Бацькі ў адзін голас гаварылі, што я апусціўся ніжэй плінтуса. Я быў згодны з імі, але што я мог зрабіць з гэтым. Я суткамі блукаў па горадзе ў пошуках халявы. Цяпер мне было пляваць і на сумленне, і на гонар. Пакрыху я дэградзіраваў.
І тут нечакана аб’явіўся той тып. Мы размаўлялі з ім амаль гадзіну. З размовы ўзнікла перакананне, што ён сачыў за мной увесь гэты час. Бо як інакш яшчэ можна было патлумачыць усю ягоную дасведчанасць пра мяне. З яго слоў я даведаўся, што са мной хоча сустрэцца Бонза. Ён на той час працаваў дырэктарам нейкай буйной дзяржаўнай установы. На другі дзень, з самага ранку, я быў у яго ў кабінеце.
Читать дальше