Буднік падыходзіў да аўтобуснага прыпынку, калі яго аклікнулі. Ён пазнаў гэты працяглы задушлівы кашаль і азірнуўся. На яго з дакорам пазіраў старац — той, якому ён даваў міласціну.
Ад гэтага позірку па скуры прабеглі дрыжыкі: «Чаго табе яшчэ?..»
— Пачакайце... Я думаю, што вы няшчыры чалавек. Адбітак вялікага граху прылеплены да вашага твару. Забірайце свае грошы, а то ведаеце… — захваляваўся ён. — Розныя людзі сюды прыходзяць… І чым таўсцейшую свечку ставяць, тым большы грэх на іх душах ляжыць...
Грошай Буднік не ўзяў — кінуўся прэч. Далей ад тых, што ківалі яму наўздагон, ад тых, што пагарджалі ім. Затуліўся за газетным шапікам, аддыхаўся. Яго званітавала…
Калі боль у страўніку пачаў пакрыху сціхаць, агледзеўся. На прыпынку было бязлюдна. Толькі на брудным асфальце чарнелі свежыя сляды ягонага нядаўняга граху…
Ён адрываецца ад думак і з трывогаю глядзіць на гадзіннік. Стрэлкі набліжаюцца да дванаццаці. Стрэлкі крадуць час. А ён усё ніяк не можа вызначыцца, чым будзе займацца заўтра. Думкі не даюць адхлання. Думкі вымушаюць хвалявацца. Ён зіркае некуды ў глыбіню двара. За гэтай вялікай дваровай ямінай шырокая вірлівая вуліца. Вуліца спавіта шэрым прасцірадлам празрыстага сутоння. Вуліца намагаецца вырвацца са шчыльнай цаглянай абалонкі — дваровой бездані. Аднак намаганні яе марныя. Цела непадуладна рэгенерацыі абнаўлення. Буднік бачыць людзей. Людзі з зайздроснай настойлівасцю месяць шэра-белы паўзмрок. Валацужныя шукальнікі існасці… Буднік бачыць машыны. Машыны цягнуцца з невялікай хуткасцю і нагадваюць балотных чарапах. Чарапахі лена перасоўваюцца ў пошуках корму. «Створанае чалавекам аднойчы — створана ім, каб задаволіць свае амбіцыі, — думае ён, сузіраючы заснежаны горад. — Адны — ствараюць, другія — разбураюць… І невядома яшчэ, каго больш — вандалаў ці стваральнікаў? Мода на герастратаў вяртаецца…»
Людзі — спрактыкаваныя акцёры. І ён у гэтым перакананы. Бо калі б яны не былі такімі, жыццё стала б сумным і нецікавым. Аднак ролі бываюць не толькі станоўчымі…
«Чалавек здольны згуляць любую прапанаваную рэжысёрам ролю», — сцвярджаў некалі вялікі Станіслаўскі. І не памыляўся. Досвед падказваў яму: чалавек здольны гуляць і ролі, прапанаваныя самім жыццём. А гэта намнога складаней. Калі ў першым выпадку ёсць выбар, то ў другім такога выбару няма...
Будніку належала сыграць ролю Герастрата…
«І гэта адбудзецца заўтра, — сказаў ён сабе. — Заўтра альбо ніколі…»
Сон бярэ верх, і Буднік засынае… Пад ранак, незаўважна… І калі б нехта зазірнуў у пакой у гэтую хвіліну, то ўбачыў бы, што сядзіць ён у крэсле з шырока расплюшчанымі вачыма. І вочы тыя стомленыя і безжыццёвыя…
Кішэнны гадзіннік — рэч дарагая для мяне. Набыты ён дваццаць пяць гадоў назад Лідай, у ламбардзе, мне ў падарунак. Зараз гадзіннік сапсаваны, і адрамантаваць яго не даходзяць рукі. Ды і патрэбы вялікай няма. Гадзіннікам я ўсё роўна не карыстаюся, а прыхапіў яго з сабою ў дарогу як напамін пра далёкія і шчаслівыя дні. Для мяне ён накшталт нажыўкі на гачку часу, якую хочацца заглынуць, каб спатоліць духоўны голад. Аднак мінулае, куды я вяртаюся неаднойчы ў сваіх думках, з’едзенае ўшчэнт вандалам-часам. Ад яго засталіся толькі рэшткі, асобныя фрагменты, з якіх ніколі не вылепіць таго, чаго нельга вылепіць. Гадзіннік гэты і ёсць асколак шчаслівай юначай пары, памяць, набытая ў ламбардзе…
Гадзіннік адлічвае час у адваротны бок, і дзяўчына, якая сядзіць поруч, весела ўсміхаецца. Калі б не гэты шыкоўны аўтобус замежнай фірмы, калі б не гэты сапсаваны гадзіннік, калі б не гэты горад, якому я недастаткова ўдзяляю ўвагі, я паверыў бы, напэўна, што ў свеце існуюць не толькі выпадковасці, але яшчэ і цуды. Бо дзяўчына, якая сядзіць поруч і какетліва ўсміхаецца мне, падобная да Ліды як дзве кроплі вады. Магчыма, я перабольшваю, магчыма, падабенства іх толькі ў іх маладосці, у аднолькавым успрыманні жыцця. Але нават калі гэта і так, я не хачу прызнаваць сваіх памылак. Я эгаіст, і мне дазволена памыляцца. Не ўсё так кепска, грамадзяне «суддзі»!.. Адмоўныя рысы характару таксама прыносяць задавальненне, няхай сабе і хвіліннае…
— Вас як завуць? — звяртаюся я да дзяўчыны.
— Ліда, — какетліва ўсміхаецца тая.
— Ліда???
— Вам не падабаецца маё імя? Чаму вы здзіўляецеся?
— Што вы!.. Наадварот… Можа, гэта гучыць банальна, але ў юнацтве маю дзяўчыну таксама звалі Лідай… Дарэчы, вы з ёю падобныя ў нечым.
Читать дальше