«Адкуль яна такая, на анёла падобная, як у царкве… Дык вось яно, мусіць, тое хараство, пра якое часам згадваюць людзі…» Яго зноў уладарна кранула спрадвечная таямніца мужчыны і жанчыны, іх узаемнага прыцягнення…
— Тато наш у Амэрыку збіраецца…
У Прусцы пра гэта ведалі.
— А ты ці паехаў бы гэтак далёка?
— Цяжка адважыцца. Я б не адважыўся, — сказаў ён, крыху падумаўшы.
— Як мы самі без яго будзем?.. — уздыхнула дзяўчына.
— Дык я дапамагу! — узрадаваўся хлопец. — Вось толькі каня ў нас пакуль што няма.
Ганна як бы з удзячнасці за яго словы прыхінулася бліжэй.
— Прыгожая ты!..
Яна ціха засмяялася, ведаючы, што стала дарослай, што пакруглела і налілося спеласцю яе цела.
Ён адчуў яе набрынялыя ўжо грудзі і ціха як бы прызнаўся:
— Добра з табою.
Ганна лагодна баранілася ад яго абдымкаў, але ён усё ж такі абняў яе за гнуткую талію, і яны пацалаваліся.
— Ты ж губы не сціскай, хай адкрытымі будуць! — папрасіў ён.
Яна нячутна засмяялася.
— А ці пайшла б ты за мяне?
Ганна скрушна ўздыхнула, і ён абняў яе яшчэ мацней.
— Хто яго ведае. У цябе ж тры сястры. Іх, мусіць, першымі выдаваць будуць? І кожнай пасаг трэба.
Сёстры… Гэта праўда. Ён любіць іх, асабліва Тоню, але ж і Фядорку з Барбаркай таксама. Што іх чакае? Думкі пра будучыню хвалявалі і палохалі.
У карчах нешта зашамацела, як бы там хто быў.
— Пойдзем бліжэй пад хату… — прапанавала Ганна.
Ганніна хата — у другім канцы вёскі, і яны паволі пасунуліся ў той бок. Мінулі хату Мітрафана, Чапёркаву, падняліся на горку. Лявонка дастаў з кішэні семачкі, пачаставаў сяброўку. Густа пахла жасмінам. Там-сям пад дрэвамі, у паўзмроку летняй ночы, чуліся прыглушаная гаворка і сцішаны смех. Яны спыніліся насупраць Ганнінай хаты, адчынілі веснічкі і зайшлі на падворак. Тут, на прызбе, можна было ўтульна пасядзець. Першая прысела Ганна, Лявонка апусціўся каля яе, узяў за руку.
— А я бачу, як ты глядзіш на мяне, — усміхнулася Ганна, і ён адчуў, як яна абхапіла яго далонь. — О! — як бы ўзрадавалася яна нечаму. — Чую, як кроў у табе стукае!
— Гэта — сэрца…
— Кажуць, што сэрца ўсё чуе і ўсё разумее.
Ціха ўскрыкнула гарліца — раз, другі, трэці… Была ўжо перадапоўнач. З гародчыка даляцеў начны пах мяты — Васіліха садзіла яе кожнай вясной.
— Паглядзі! — ён задзёр галаву ўверх. — Неба якое! Зоркі! Паглядзі — дрыжаць як…
Ганна таксама падняла галаву:
— Ага!
Час ад часу ўзнікалі белыя пісагі — зоркі абрыналіся на зямлю і згаралі.
— Гэта анёлы іх гасяць — нехта, значыць, памёр, — растлумачыла дзяўчына.
— А ты шмат ведаеш, дарагулька мая!
— Якая яшчэ «рагулька»?.. — яна ціха засмяялася і ткнулася тварам у яго плячо.
— Ганначка…
Ён прыдумваў розныя пяшчотныя словы, часта бяссэнсіцу, і ёй гэта, па ўсім відаць, падабалася.
— Пайду — маці нешта прыхварэла.
— Пачакай!.. — ён яшчэ мацней узяў яе за руку.
У хаце расчынілася акно, відаць, нехта прыслухваўся да таго, што яны гаварылі. Потым з акна пачулася:
— Ганна! Ідзі ўжо дахаты.
Гэта Ганніна маці — Васіліха. Маладая пара прыціхла. «Што яна яшчэ скажа?» — насцярожыўся хлопец.
— Ой, дзеўка, зусім ад рук адбілася!
Хацелася сказаць цётцы Васілісе: «Не злуйцеся — я ж свой. Я — шчыра. Я ж, можа, ваш зяць…»
— Хваціць табе, дзяўчына, начамі лётаць — мне ўжо людзі вочы колюць! — Пасля гэтага акно зачынілася.
З вуліцы пачуліся чыесьці ўзбуджаныя крокі, нехта сказаў: «Дзе ён?» Іх было двое, і спыніліся яны каля веснічак, углядаючыся ў той бок, дзе сядзелі Лявонка з Ганнаю.
— Кужалёк? Ах, маць яго так… — вылаяўся адзін з іх, спрабуючы адчыніць веснічкі.
— Хто гэта? Ты, Грышка? — азваўся Лявонка.
— Што, не пазнаеш?
Гэта і сапраўды быў Грышка.
— Цішэй! — як бы сунімаў яго другі, што стаяў ззаду.
Але Грышка падыходзіў бліжэй. Ганна ўбачыла, як натапырыўся яго чуб, падобна як грэбень у пеўня.
— Зараз пазнаеш! — Грышка без лішніх размоў нечакана ўдарыў Лявонку па твары.
— Ты што? — здзівіўся Лявонка. — Ашалеў?
— Дай яму пад вуха! — сказаў той, што стаяў на вуліцы, невядома да каго звяртаючыся: да Грышкі ці да яго, Лявонкі.
Лявонка пазнаў голас: «Трахімка! Мала яму, што дзядзькавага каня зняверыў, да мяне яшчэ чапляецца», — падумаў ён, адчуўшы салёны прысмак у роце.
— Дык што ж вы робіце? — закрычала Ганна, роспачна ўзмахнуўшы рукамі.— Ой, людкове, ён жа яго заб'е!
Грышка хацеў яшчэ раз дастаць Лявонку кулаком, але той прыгнуў галаву і ўхіліўся ад удару.
Читать дальше