— Ты што?
— А тое!
— Ах так?
Кроў ударыла ў галаву, і Лявонка рушыў на свайго непрыяцеля. «Няўжо не змагу?»
— Ах ты, жаба аблезлая! Ты яшчэ мяне біць будзеш! — Ён падступіў да свайго праціўніка бліжэй, схапіў загрудкі і сціснуў так, што той, нешта памкнуўшыся сказаць, захрыпеў.
Абодва пачалі валтузіцца. Грышка, вышэйшы ростам, абхапіў Лявонку сваімі доўгімі рукамі, прысеў, каб падняць праціўніка і кінуць на дол, але той злаўчыўся і неяк знізу моцна ўдарыў Грышку па сківіцы. Ганна кінулася іх разнімаць.
Біцца яны, па праўдзе казаць, не ўмелі, ні адзін, ні другі, але і аднаго і другога ўсё мацней забірала злосць. Лявонка ўскіпеў. Ён адарваў праціўніка ад сябе і з усяго размаху гваздануў кулаком у твар. Усе бачылі, як матлянулася Грышкава галава. Абодва дыхалі цяжка, са свістам, як малатабойцы.
Вакол бегала Ганна:
— Што вы робіце! Спыніцеся! Адумайцеся!
У іх было адно жаданне — пабіць, пакалечыць, знішчыць адзін аднаго, але голымі рукамі гэтага нельга было зрабіць. Выходзіла, што яны не так біліся, як тузаліся, цягалі адзін аднаго, цяжка саплі.
— Ну, хопіць, хлопцы! — з-за весніц выйшаў Трахімка. — Хопіць на сёння! — сказаў ён загадным тонам.
Але Грышка памкнуўся да частаколу, каб вырваць якога калка. У гэты момант з хаты выйшаў у белых сподніках дзядзька Васіль.
— Што такое?
Трахімка адапхнуў сябра ад плота і павалок за сабой.
— Я табе пакажу! Паглядзіш у мяне! — хрыпеў Грышка.
— Я табе рэбры паламлю! — гэта была як бы перамога — голас Лявонкі пазванчэў.
— А я табе галаву адкручу! — усё яшчэ агрызаўся яго праціўнік.
— Ну хопіць! Не вякай! — абарваў яго Трахімка.
Грышка зноў памкнуўся быў нешта сказаць.
— Маўчы!
Лявонка разам з Ганнай і гаспадаром зайшоў у хату, каб апаласнуць твар і агледзецца. На ложку адна на адной ляжалі прыгожа складзеныя падушкі. Зверху — самая маленькая, вышытая, якую тут называлі «ясікам».
Ганна прынесла вады.
Цётка Васіліха, войкаючы і спачуваючы, зрабіла яму прымочку з нейкага травянога настою.
— Ну, ты яго ў мэтлах змалаціў,— падтрымаў хлопца Васіль і, памаўчаўшы, дадаў: — Думаюць, што калі бязбацькавіч, дык і набіць лёгка…
— Нічога, дзядзьку, я не паддамся, — храбрыўся Лявонка.
— Гэта няйначай Трахім яго намовіў,— выказала сваю здагадку Васіліха.
Ачуняўшы, Лявонка падзякаваў гаспадарам, развітаўся і пайшоў.
Васіліха паглядзела на дачку, уздыхнула:
— Каб багаты быў, а то такі ж, як і мы…
— Мамо! Тварык у яго які беленькі і вус чорны… — жартам адказала дачка.
— Нешта я вуса таго і не бачыла. Ой, глядзі, дзеўка! А то дасі сябе абдурыць…
— А я яму нават абняць сябе не дазваляю! — схлусіла дачка.
Выйшаўшы ад Каленкаў, Лявонка рушыў уздоўж вуліцы. Пруска спала, як бы нічога не здарылася. Ён пайшоў на выган, дзе пасвіўся дзядзькаў конь. Не, пераможаным ён сябе не прызнаваў. Наадварот, шкадаваў праціўніка: «Нашто я яго так жорстка пакалаціў? Усё ж такі і ўва мне сядзіць воўк. І чаму людзі гэткія? Што адрознівае аднаго чалавека ад другога? Выходзіць, што нічога не адрознівае…»
Назаўтра, у нядзелю, Лявонка адвёў каня дзядзьку Хведару.
— Можа, я што і дзядзьку Хведару дапамагу?
— Дапамажы! — падтрымаў унука Кірыла. Ён такі заўважыў, што той з кімсьці не паладзіў. Уздыхнуўшы, дадаў: — Спагадлівы ты да ўсіх, адпачыў бы крыху!
— Добра ж такі касы той нацягаўся… — падтрымала свёкра нявестка.
— Мамо, з дзядзькам трэба радніцца. Дапаможам яму, дык і ад яго калі атрымаем дапамогу.
«Бач, які разважлівы!» — падумала Марыля, а ўголас сказала:
— Не затрымлівайся жа доўга!
Набыць коніка дапамаглі цыганы, якія ніколі не міналі Прускі, вандруючы па гэтых мясцінах. Любілі яны спыняцца табарам за рэчкай, на Агульным, непадалёк ад сядзібы пана Падгурскага. Агульнае — нічыё, значыць, і цыганскае. На гэты раз з'явіліся яны, калі ў Прусцы завяршылі сенакос і меліся прыступаць да жніва. Вяскоўцы, хто сядзеў па хатах, папрыпадалі да шыбін, а потым усе павыбягалі на вуліцу. Прывычныя да такіх візітаў, былі, аднак, на гэты раз дужа здзіўленыя, калі ўбачылі гэты незвычайны цыганскі абоз — вазоў, можа, з дваццаць, якія непаспешліва, роўным цугам рухаліся праз Пруску.
Толькі што прайшоў, пры поўным сонечным ззянні, дождж, лёгкі, цёплы і спорны, які ў гэтых мясцінах, дарэчы, называлі цыганскім, бо свяціла і грэла сонца і невядома было, адкуль падалі кроплі. Пасля дажджу на паўнеба вымахала шматколерная вясёлка, адным канцом абапіраючыся на Бабіцкую гару, другім — на зялёны лес за Альбярцінам, дзе жылі Пацы. Весела пазіралі на свет абмытымі шыбінамі вокны прускаўскіх хат. Пад коламі цыганскіх вазоў хлюпала вада. Зрэшты, гэта былі нават не вазы, а сапраўдныя карэты з зашклёнымі вокнамі і прыгожа распісанымі дзверцамі, на якіх былі намаляваны пышныя букеты райскіх кветак. Знадворку карэты зіхацелі рознакаляровымі фарбамі, а ўсярэдзіне кожная была аздоблена дыванамі і мела сядзенні з падушкамі.
Читать дальше