На першай сваёй крытычнай кнізе «Шлях да майстэрства» (1958) у аўтографе, адрасаваным мне, ён пісаў: «Хто ўмее — робіць, хто не ўмее, той вучыць…» На апошняй, «Здалёк і зблізку», аўтограф значна сталейшы, нават як быццам са стомай: «Усё, аддаю сціло маладым, хопіць з мяне крытычных опусаў…»
Не верыцца! Кнігу «Здалёк і зблізку», няхай яна сабе і ў нейкай меры «ітогавая», апошняй я назваў толькі па часе публікацыі. Не толькі добрая моладзь ідзе ў нашу прозу — яшчэ і са спадчынай далёка не ўсё ў парадку. Гэта адчулася нядаўна, што перачытваючы, а што ўпершыню чытаючы ў старанна выдадзеным томіку Ядвігіна Ш. І ёсць пра што, і будзе пра што гаварыць!..
Зноў прыгадаўшы ўражанне, якое я адчуў, перачытваючы па-расейску працу Адамовіча пра Чорнага, — свежы позірк на тое, што мы, беларусы, нясём у скарбніцу агульналюдской духоўнай культуры, — прыемна прадбачыць і тую радасць, з якой мы сустрэнем выхад кнігі «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» у серыі «Жизнь замечательных людей», — гэта павінна здзейсніцца.
Будуць і іншыя радасці не толькі ў літаратуразнаўстве, але і ў другой (ці ў першай?) галіне дзейнасці Алеся Адамовіча — у прозе, дзе ён арыгінальна і плённа прычыняецца да ўзмацнення маштабнасці нашай мастацкай літаратуры. «Хатынскую аповесць» мне давялося чытаць тройчы — па-беларуску, па-расейску і па-польску. На ўсіх гэтых мовах, радасна адчуваў я, чытаючы, аповесць па сваёй сутнасці і беларуская, і, разам з тым, агульналюдская. Бачыў я ўжо выданні ўкраінскае, чэшскае, славацкае, нямецкае… Буду бачыць выданні на мовах далейшых краін. Разам з усімі шчырымі прыхільнікамі таленту Адамовіча і я быў двойчы ўсцешаны высокім айчынным прызнаннем яго «Хатынскай аповесці» — прэміямі Міністэрства абароны СССР і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. І ў гэтым не нейкі там збег выпадковасцей, не свой ці нечы арганізатарскі спрыт, ціск службовага аўтарытэту — гэта поспех сапраўдны, заслужаны.
Сёння Алесь Адамовіч у новых клопатах, у новых пошуках вырашэння свае запаветнае тэмы. Удвух з Даніілам Граніным ён ужо трэці год запісвае расказы людзей, якія перажылі блакаду Ленінграда; удвух з «масфільмаўскім» рэжысёрам Э. Клімавым працуе над мастацкай кінакарцінай «Забіце Гітлера»; а сам, ужо адзін, піша тым часам новы празаічны твор, і радасці, і пакуты гэтай працы носячы толькі ў сабе.
* * *
Успамінаюцца словы старога, вясёлага медыка:
«Нішто так не ўплывае на ўзрост, як гады». І Сашу — пяцьдзесят… Мы ўжо не дужаемся, хоць і на самай прывабнай траве. Часу як быццам няма… Ды гэта не настройвае на лад зусім мінорны. Маладзеем у працы, якое наперадзе многа.
1977
Паслязаўтра год, як яго няма…
За маім расчыненым на ўсход акном, у пакоіку на гарышчы вясковага дома, застыла ў чаканні, можа, нарэшце, і сенакоснага дня сонечна-церпкая, росная раніца, асабліва прыгожая пасля зацяжных дажджоў. Над акном, у белацагляным вільчыку, пачырыквае ды шалпочацца ў цеснаватым ужо гняздзе ластаўчына малеча, падлёткі. З блізкага лесу зрэдку пачуецца гівал. Гэты голас Валодзя любіў. У слове пра маё пяцідзесяцігоддзе, успамінаючы наша падарожжа па маіх родных мясцінах, ён называў гэтага птаха двойчы і за пісьмовым сталом, чуючы яго песню, — «дзьме ў дудку з вадой». Час ад часу недзе воддаль гаркне варона, зімой і летам аднолькава, а ўсё ж, здаецца, сёння трошкі прыгажэй.
Во, і ластаўкі маладзенькія так ужо блізка — зляцелі з гнязда, паселі на белых фортках акна. Калупаюцца дзюбкамі ў новым перайку, прыхарошваюцца, змалку чысцюлі, зрэдку якая чырыкне штосьці, як і мама з татам, зусім даверліва, не баючыся чалавека. Бачу іх праз сетку фіранкі, няхай сабе менш выразна, але ж з жывымі ценямі, якія пацешна трапечуцца на ўзорыстай белі. Гэта тады, калі прылятае адно з бацькоў і насустрач чарговай мошцы ўся дзетвара адразу і галасамі, і крылцамі выказвае нецярплівасць.
Каб ён, Валодзя, наведаў мяне тут (а гаварылася ж!..), дык і заціхнуў бы разам у назіранні, а потым і засмяяўся б, па-свойму гучна ды молада, што акно цяпер шаноўнай панечцы гаспадыні прыйдзецца мыць часцей!..
Успамінаю словы яго, што ўразілі нядаўна, пры перачытванні шматпакутнай кнігі «Нельга забыць»:
«Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. А свет не застанецца без слоў.
…Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня.
…А на цёплай зямлі ў буркатлівых галубоў лапкі ў векі вякоў будуць каралавымі».
Зусім інакш чытаецца гэта цяпер, чым чыталася вось ужо больш за дваццаць гадоў таму назад, у рукапісе.
Читать дальше