Цяжкасці, перашкоды… Усё такое ды падобнае трэба было пераносіць чуламу сэрцу, вострай сумленнасці, абражанай годнасці чалавека і мастака. Аднаму, у горкай самоце, з роднымі і сябрамі, дзе былі і мудрая падтрымка, і бездапаможнае спачуванне, і шкоднае перазахвальванне з застольных вуснаў спачувальнікаў не вельмі шчырых або проста і недалёкіх, а гэта ж і для моцнай, мэтанакіраванай натуры можа стаць згубным…
Валодзя быў моцны не толькі духам. Я бачыў, як ён нястомна плаваў у сваім рагачоўскім Дняпры, у Чорным моры пры васьмі-сямі градусах, мы з ім нямала пахадзілі па сцежках горных і нізінных. Рыбак, і летам, і зімой, надрэчны вогнепаклоннік; і ў мора хадзіў з рыбакамі як свой чалавек. Зацікаўлены, цягавіты, вясёлы ў сваёй дужасці — такі ён быў і, здавалася, будзе заўсёды…
А потым малады знаёмы медык ціха расказваў мне пра апошнія дні і гадзіны свайго пацыента, цану якому ведаў і ён. У Валодзі не было ўжо ні ціску, ні пульсу, а ён яшчэ ўсё гаварыў з дзяжурным доктарам. І гэта яшчэ раз сведчыць, наколькі дух нашай добрай надзеі заставаўся мацнейшым за цела, так заўчасна зняможанае, загубленае навалай неабавязковай немачы.
Цяжка пра гэта гаварыць…
І я не мог. Два месяцы не мог пісаць далей пачатае. А вось перачытаў яго і захацелася сказаць:
Смейся, мой слаўны, і спявай, як мы смяяліся і спявалі, асабліва ў дарозе!
Трохі свайго я ўжо расцерушыў у надрукаваным (з апошняга — «Адкрытка» ў кнізе «Сёння і памяць»), мала сказаўшы пра Валодзеву шчырую, натуральную паэтычнасць, прастату і складанасць, дзіцячую схільнасць да смеху, часамі крыўдлівасць, таксама ледзь не дзіцячую, лёгкую ранімасць, што ніколі не затойвалася ў недастойнай помслівасці, пра яго юначы рамантызм і сталае высакародства, што пераходзіла сяды-тады ў крыху пацешнае рыцарства, як быццам ён пазычаў яго ў сваіх гістарычных герояў.
Пра некаторыя з нашых падарожжаў ён пісаў. З ім нялёгка спаборнічаць — столькі зоркага вока, вернай рукі, безагляднай свабоды і добрага сэрца ў яго то, здаецца, зашчодрых, то заскупых, аднак заўсёды яркіх, дакладных штрыхах.
У дарозе мы маладзеем, часамі нават дзяцінеем, ці што. Ад адчування свабоды, палёту ў новае, якога ў нас наперадзе — так верыцца — вельмі многа.
Стары, маўклівы шафёр, чалавек практычна-хітраваты, і Валодзева мама, таксама старая, інтэлігентная жанчына, маглі аднойчы, майскай ранняй раніцай, кожны па-свойму здзіўляцца, недаўмяваць, што гэта вычвараюць тры дарослыя пісьменнікі, едучы з Менска на многа дзён з намерам рабіць у гэтай самакамандзіроўцы штосьці сур'ёзнае?..
А быў такі намер, была такая задума. Утрох — Караткевіч, Барадулін і я — мы вырашылі наведаць разам родныя мясціны кожнага з нас, пабыць там столькі, каб потым можна было разам напісаць пра гэта. Разам… А можа, і не варта шкадаваць, што мы не напісалі тое ўтрох? Відаць, і не змаглі б як след. Чэхаў казаў пра сааўтарства, што нельга ўдвух іграць на адной скрыпцы, а тут жа нават утрох. Потым Валодзя збольшага напісаў, а мы з Рыгорам не. Аднак яно бясследна не прайшло для нас, для творчай памяці — тое цудоўнае падарожжа ў два прыёмы: на іх радзіме вясной 1965-га, на маёй — праз год.
А для пачатку мы ў машыне, сонечнай раніцай, на лёгкапахадной дарозе, спявалі, балбаталі і смяяліся. Былі і песні-імправізацыі. Скажам, на паскакушна-хлёсткую мелодыю «бульбы», якую, як вядома, вараць, параць і таўкуць, складалася песня, новая, з жывымі героямі ды пацешнымі сітуацыямі, якая ў запісе, калі б я цяпер зрабіў яго, не гучала б так весела ды бяскрыўдна для некаторых сяброў і таварышаў рознага ўзросту і рангу, як бяскрыўдна, дасціпна гучала яна тады. Радасць палёту ў родную, новую красу, да новых людзей шукала выхаду, знаходзіла яго ў блазенскім рыфмаплёцтве, то разам, то на змену, ад кожнага па кветцы ды калючцы.
Весела ды цікава бывала і ў іншым складзе, у розны час. Утрох у машыне, з двума Ўладзімірамі, Караткевічам і Калеснікам (за рулём) — па маляўнічых прасторах заходняй Гарадзеншчыны; да гэтых трох дадаўшы Міколу Аўрамчыка — Пружанскі, Камянецкі раёны, маці-Белавежа; з Фёдарам Янкоўскім — у яго Клетным каля Глуска, у легендарнай Рудабелцы…
Дарогі, дарогі!.. І па зямлі, што «пад белымі крыламі», і па ўсёй нашай раздольнай неабсяжнасці.
Між іншым светла помніцца Магнітагорск, калі мы былі зноў на некалькі год старэйшымі, аднак і зноў шчасліва, радасна гатовымі амалоджвацца падарожжам, свежасцю песні і смеху. Ад велізарнай ямы, што зеўрае на месцы гары Магнітнай (гара пайшла ў асноўным на танкі і снарады Вялікай Айчыннай), ад палымяна-грымучых цэхаў славутага камбіната, ад цікавых, адказных сустрэч са сталяварамі, бібліятэкарамі, школьнай моладдзю, ад менш ды больш дымных, копатных кварталаў абапал ракі Ўрал, граніцы Эўропы і Азіі, гасцінныя гаспадары на выхадныя дні вывозілі нас у свае дамы адпачынку. Над Банным возерам, назва якога, па легендзе, паходзіць ад «банно-прачечного» прывала, які тут дазволіў свайму войску Пугачоў. У башкірскіх гарах, у тым Абзакаве, дзе было так беласнежна, белабярозава і сонечна, што маладзейшыя ды смялейшыя з нашай групы, — а першы, вядома, Караткевіч, — да пояса голыя загаралі… у сакавіку. Дзесяць пісьменнікаў, што дзесяць дзён знаёмілі магнітагорцаў з беларускай літаратурай, мы там былі, вядома, не адны, з гаспадарамі і гаспадынямі. І зноў жа — столькі смеху было, столькі песень! І нават сярод маладых ды маладзейшых за яго самым вясёлым, непасрэдным бачыўся, чуўся ён, Валодзя…
Читать дальше