Летась выйшла ў пэўнай ступені «ітогавая» кніга Алеся Адамовіча «Здалёк і зблізку». Там я з цікавасцю перачытаў яго, ужо даўні, падпісаны І957 годам, артыкул пра «Новую зямлю», яшчэ раз, з дыстанцыі часу ўбачыў тое, што характэрна для Адамовіча-літаратуразнаўцы, тое, з чаго ён пачынаў і з чым плённа працягвае даследаванне нашай класікі і сучаснай літаратуры. Яму мы, хочацца сказаць, абавязаны новым, сапраўды маштабным прачытаннем і коласавай эпапеі, якую ён слушна лічыць першым беларускім раманам, і новым прачытаннем прозы Чорнага, ён нам як быццам занава адкрыў Максіма Гарэцкага, грунтоўна давёўшы, што значыць і гэты, яшчэ адзін вялікі талент беларускай савецкай прозы.
Тут хочацца і мне адзначыць словам падзякі той мудры клопат, з якім захавалі і аддалі народу спадчыну Чорнага і Гарэцкага іх найбліжэйшыя. У выпадку з Максімам Гарэцкім гэта было асабліва складана, і гэта мы адчулі з удзячнасцю асаблівай.
Сваё даследаванне спадчыны Гарэцкага Адамовіч пачаў з апублікавання ў «Маладосці» (верасень 1974) і ў «Юности» (красавік 1975) пісьмаў з фронту сына пісьменніка Леаніда. Адрасаваныя маці, сястры і дзядзьку, гэтыя сямейныя, прыватныя пісьмы юнака, які загінуў на дваццаць другім годзе жыцця, адкрытыя чытачу толькі праз трыццаць год пасля Перамогі, многімі чыталіся і будуць чытацца з тым хваляваннем, з якім чытаюцца рэпартажы Юліўса Фучыка, вершы Мусы Джаліля. З асаблівай вымовай гэтыя пісьмы пераклікаюцца з кнігай Гарэцкага-бацькі «На імперыялістычнай вайне», залішне сціпла названай «запіскамі». Нядаўна стала вядома, што адно з выдавецтваў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ўзялося перакласці і апублікаваць «запіскі» бацькі і пісьмы сына Гарэцкіх у адной кнізе. Факт гэты бачыцца не толькі як дакор нашай недастатковай аператыўнасці, але — перад усім — як яшчэ адно сведчанне маштабнасці беларускай прозы, яе агульналюдское значэнне. Пераканаўча гаворыць пра гэта і грунтоўная, бліскуча напісаная Адамовічам манаграфія «Браму скарбаў сваіх адчыняю…», дзе спелая, арыгінальная думка і маладое, гарачае сэрца даследніка шчодра падмацаваны дапамогай цудоўнай сям'і Гарэцкіх: несмяротнымі пісьмамі Лёні, таленавітымі ўспамінамі Галі, дачкі пісьменніка, расказамі высакароднай пакутніцы Леанілы Ўсцінаўны Чарняўскай, педагога і пісьменніцы, вернай сяброўкі Максіма Гарэцкага, важкім словам ягонага брата, Гаўрылы Іванавіча, геолага, імем якога ганарыцца беларуская навука. Трэба сказаць, што скарб сям'і Гарэцкіх у скарбніцу народа перададзены цераз надзейныя рукі.
Колас, Чорны, Гарэцкі… Тады і сучаснікі — Мележ і Быкаў. Зноў жа — і тут усё тая ж маштабнасць бачання: ніхто дагэтуль так поўна і зацікаўлена, так жыва і пераканаўча не расказаў пра творчасць двух нашых выдатных сучасных празаікаў, творчасць якіх хораша выйшла за межы Беларусі і ўсёй савецкай краіны.
У імянінным слове пра сябра няхай мне будзе дазволена публічна падзякаваць яму за разуменне і падтрымку маёй працы, што ён неаднойчы выказваў у друку, з трыбуны і асабіста. Калі цябе хваляць, гэта, вядома ж, прыемна, аднак яшчэ больш прыемна, больш таго — вельмі карысна, калі цябе разумеюць, — такое не прыядаецца. Ён разумее мяне ў маім найдаражэйшым, самым запаветным, яно ў нас у галоўным адно, з гэтага разумення пачалася, на ім трымаецца дружба. Па яго заўвагах я многае правіў у рукапісах, такой канструктыўнай крытыкі чытач звычайна не бачыць. Заўвагі яго часцей за ўсё добра дапамагаюць аўтару самому ўбачыць промах і самому знайсці належнае вырашэнне.
У гэтым і павага да творчай індывідуальнасці, і самая дзейсная дапамога.
Па праву сяброўскай свабоды ўзаемаадносін заўвагі яго бываюць часамі калючыя. Адзін толькі прыклад, з апошніх.
Баючыся залішняй «лірычнай аголенасці», у адным з трох варыянтаў аповесці «Ніжнія Байдуны» расказ ад першай асобы — найбольш адпаведны для нібы ўспамінаў пра нібы родную вёску — я перадаў прыдуманаму земляку. «Ну, як мой географ?» — спытаўся я ў Сашы, калі ён прынёс мне прачытаны рукапіс. «Пудзіла ў Брылевым пінжаку», — адказаў ён, хоць многае перад гэтым, па тэлефоне, хваліў. Прыйшлося пудзіла прымаць, самому надзяваць свой пінжак, не баючыся зноў «налгаць», — з Байдуноў, дык і сам будзь байдун, дзеля праўды мастацтва.
Трэба сказаць, што «правам помсты» і я карыстаўся за дваццаць год неаднойчы, бадай, усё напісанае Адамовічам чытаючы спачатку ў рукапісах. Крытыку ён успрымае дастойна, як і належыць байцу.
Читать дальше