— Эт, будзь, што будзе, — уголас прагаварыў ён сабе і сігнуў за чыгунную кратчатую калітку.
У прыдзеле адпраўлялі раннюю абедню. Зара павінен быў выходзіць з царквы архімандрыт. Як усё да апошняй драбніцы знаёма тут было Гаршку. Няможна было ўгамаваць тую больку, той разлад прыкры, што сушыў яму сэрца, тую думку, што вось страціла ўсю тут для яго святасць, усякую духоўнасць.
Яго ўжо прыкмецілі. Таўсты Паісій, з чорнай, як лапата, барадою і бліскучай чырвонай лысінай, хітра ўхмыліўся пад густыя вусы, павёўшы вокам у бок Гаршка, дзеля чагосьці засунуў рукі за чорны кушак, выняў, ізноў зірнуў з-пад кліраса на Гаршка і гудзеў басам на ўсю царкву.
Худы, як шчэпка, Нікадзім палючымі, глыбокімі вачамі часта калоў Гаршка з несхаванай злосцю.
Прапелі ўсё як мае быць. Пацягнуліся чорныя бабулькі цалаваць абразы; ксціліся і пільнавалі, калі пройдзе архімандрыт. Гаршчок убачыў яго, як ён, надаўшы паважнасці і святасці, нягледзячы на баб, ксціў іх і падстаўляў цалаваць свае рыжыя валасатыя рукі.
Гаршчок патроху адхадзіў з чарадою да дзвярэй, гдзе лаўчыўся падайсці, як народ высыплець на цвінтар.
Хлопчык-послушнік, знаёмы Гаршку, вінавата скаўзануў міма, патрос чорнымі кудзеркамі і пачаў гасіць свечы. Здаецца, ён непрыкметна кіўнуў Гаршку, як бы кажучы: «І такогая люблю цябе».
Не чакаючы і не просячы блаславення, падышоў да архімандрыта Гаршчок і загаварыў да яго, загарадзіўшы яму дарогу.
Шыя ў архімандрыта пачырванела.
Ён сцяміў, чаго той хочаць ад яго.
— Арыштант! Сацыяліст! Ідзі туды, адкуль прыйшоў, — раптам прасіпеў ён.
Гаршчок згубіў панаванне над сваёю воляю.
— Я пайду, пайду, — закіпеў і ён, махаючы рукамі ад вялікага абурэння, — я пайду, але ты, ты… (няўзнаку з'ехаў з вы на ты) — калі ты аддасі мне маіх трохсот рублёў, што я зарабіў, пеючы з табою пры адправах, то ты пойдзеш яшчэ далей за мяне!.. Памятай панагію [1] Абразок на грудзёх у праваслаўных архірэяў.
!
І для нячулага старога архімандрыта гэтыя словы былі незвычайнаю крыўдаю. О, колькі клопату і страху дадала яму гэтая ўцішку прададзеная панагія.
— Гукнуць паліцыю!! — ківірнуўся да послушнікаў архімандрыт, аж шугаў ад гнеўнасці.
— Гукай, гукай! — непрытомна галасіў Гаршчок. — Я пра панагію на ўсю Расею крыкну, няхай ведаюць, як рызнічыя перахоўваюць манастырскае старавечнае дабро. Не аддасцё мне маіх грошы, дык зраблю іначай з вамі! — неасцярожна дадаў ён якраз словы з пісьма, што пісаў архімандрыту троху раней.
Надта дзікою выглядзела такая праява ў царкве.
Послушнікі выпіхнулі Гаршка на цвінтар, дзе ўжо беглі два гарадавых.
— У паліцыю хулігана! — быццам гусак, сіпеў і гагатаў айцец архімандрыт.
Вусатыя, чырвоныя гарадавікі баяліся гэтага кандыдата на епіскапы, добра ведаючы яго вагу сярод паноў. Не спрачаліся і не распытваліся, схапілі Гаршка за рукі, дырганулі і павалаклі за чыгунныя кратчатыя варотцы на гаманлівую, бліскучую, звонкую вуліцу.
— Я сам… Я пайду… Я ж сам іду, — увесь белы ад крыўды і сораму, што ўчынілі над ім гвалт, кундыячыў Гаршчок гарадавым. Тыя маўчалі і цягнулі за рог вуліцы.
Там агоўталіся.
— Ахвота чапацца з імі, — казаў старэйшы. — Ну, ты, Баброў, ідзі на пост. Я адзін з ім саўладаю.
Баброў усміхнуўся, зірнуўшы на мізэрную фігурку шабадранага басячугі, і пайшоў.
Старэйшы, Сімановіч, знаў Гаршка яшчэ тады, калі ён быў у ласцы ў архімандрыта (раней, у тую пару — казначэя і потым — рызнічага); цяпер шкадаваў яго.
— Эх, Іване, — сказаў ён, — добра я цябе знаю: быў ты й сыты й абуты, у гонару і з грашмі, чаго табе было з імі сварыцца?
У Гаршка кожная жылка дрыжэла.
— А цяпер, Іване, пакінь ты іх і займіся чым-колечы другім, што табе падходзіць, — умаўляў гарадавы, — во да чаго дайшоў, — агледзеў ён Гаршка згары да зямлі.
— Я папрасіў у яго на дарогу. Як у чалавека прасіў, — казаў Гаршчок.
— Ну, во што, — падумаў Сімановіч, — у паліцыю мы не пойдзем і пратакол пісаць не будзем, бо дзеля гэтага і ён павінен быў явіцца. Ану, на ўсё, можа, забудзецца. Але каб мне не дасталося, калі хопяцца часам, то падушайся, што заўтра ў гэтую пару ты прыйдзеш да мяне. Спадзяюся, што не спытаюць аб табе, але на ўсякую прыгоду… сам ведаеш — служба, дзеці… Ну, раздабывай грошы, купляй білет і едзь сабе з богам у сваю вёску.
Гаршчок утупіў вочы.
— Журавы там цяпер лятуць, бабы лён сцелюць, каноплі выбіраюць, пеўня на дабіркі зарэжуць, гаманіў з летуценнем у шэрых вачох Сімановіч; ён дастаў партманет і штосьці поркаўся ў ім.
Читать дальше