Цягнецца яна даўно струпехлымі крыжамі і касцьмі ды згладжанымі ад даўгога часу могільнымі курганкамі і ў тыя жалобы ціхія гадзіны, калі беларус у белай кашулі здабываў царом Сярэднюю Азію, і йшоў на вечныя часы за сваю веру ў Сібір, і вызваляў балканскіх «браткоў» з турэцкай няволі, і насыпаў чыгункі па ўсяму Ўсходу Эўропы, і дзе толькі, дзе толькі, апроч хіба свае бацькоўшчыны, не капаў у горах руду, не спушчаў ваду з гнілых балот…
Губіць свой стройны парадак і буяець ува ўсе бакі чарада ў астатнія колькідзесят гадоў, калі нарадзіўся людзей вялікіх шмат, а зямля не вырасла, а ўсохла да вузенькіх, што й курыца пераскочыць, шнурочкаў. Пацягнуўся тады з вёскі народ куламесаю і хто куды: у Пецярбург і Маскву, Рыгу і Адэсу, Тыфліс і Варшаву і ў далёкую заморскую Амерыку, дзе ёсць дзіўны горад Нью-Ёрк, дзе ёсць глухія, а багатыя фермы ў немцаў і расейскіх духабораў і дзе можна зарабіць добрую капейку, хаця ж і надта, надта цяжкаю працаю.
Губіць свой стройны парадак чарада ў гэную пару, бо хлопцы з беларускай вёскі пачалі выхадзіць цяпер не толькі «ў свет», адылі і «ў людзі». Школы адчыняліся, і можна было выўчыцца на пісара і на вучыцеля, на чыноўніка, ато дык і яшчэ вышэй: ксяндзы, папы і нават афіцэры пачалі выхадзіць з-пад мужыцкіх стрэх.
Што ж, як каму таланіла. Мікола Мартынёнак Макасей пехатою і басанож у N. прыйшоў, бо ў дарозе лапці стаптаў, але пашчасціла хлопцу: цяпер ён — Мікола Мартынавіч і вялікія міліёны маець. Іван Гаршчок, ці тое Карпавіч, па чыгунцы прыехаў у Маскву (і дайжа ў ботах, што дзед перад смерцю адказаў), а не меў ён гэткай удачы, хоць і нішто сабе ў манахах жыў.
Дужа псуець сабе кар'еру мужыцкі сын, калі не скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады немаведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе — да працы ахвоты не маець. Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.
Іван Гаршчок быў хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку ж ён і чытанню-пісанню добра няўся. Як скончыў ён царкоўную школу, пасадзіў яго бацюшка ў школцы граматы вучыцелем.
А Гаршчок калі за што браўся, дык браўся шчыра: замучыў дзяцей малітвамі, а баб і мужчын — чытаючы ім «Душеспасительный листокъ» з дужа страшнымі малюнкамі: у п'янюгі з рота лезець вужака, пляткарка ліжаць языком гарачае зялеза і да т. п.
І сасніў аднойчы Гаршчок, што ён вялікі нейкі праведнік ці манах, і пачуў голас ува сне, што павінен ісці ў манастыр, у манахі.
І пайшоў. Папоўніў чараду.
Быў ён з маладосці прыгожы: вочы зоркія, спрытныя, валасы кучаравыя, від да ўсякага чалавека спагадны і радасны.
І скора і лёгка ўбіўся ў ласку да архімандрыта; даручаў той яму стаць ля машчэй, калі знаймуюцца багамолы, і пільнаваць, каб клалі грошы і каб не было абы-якога непарадку.
А манастыр быў знамяніты. Многа вялікіх паноў прыязджала сюды, асабліва з таго часу, калі забілі недалёчка ад манастыра важную асобу царскага роду; прыязджалі князі і графы, княгіні і графіні закупляць панахвіды.
І прыязджалі дзве князёўны.
Любілі яны да машчэй прыкладацца. А станавіліся недалёчка да прыгожага послушніка.
І неўпрыцям для самога сябе паслізнуўся ён.
І дайшоў да астатняй брыды.
Грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў.
Прапаў Іван Гаршчок.
Трапіў у самае бясяцкае прадонне.
…Прачнуўся аднойчы на голых, запэцканых гразёю, шалупашкамі і слізкімі гурковымі і кавуновымі недагрызкамі, замасленых басяцкім шкумаццём палацях у начулішчы.
Ляжаў паміж кудлатага, чорнага басячугі і абшарпанай п'яной бабы.
І нічога не памятаў.
У расхрыстанай, з калматымі косамі абшарпанкі цякла са шчэрбы на збітую шчаку слюня. Аднэй рукой баба сцяла Гаршка за палу, а другую адкінула — голую, без ададранага рукава капоты. Жылаватыя, брудныя ногі тырчэлі з-пад абмызганай спадніцы, звісаючы з палацяў.
Гаршчок намагаўся ўцяміць усё і абмеркаваць, але нудна было пад ложачкай, балела галава, гідзіла яго ад аблічча абшарпанкі.
Дужа карцела курыць, ды не было чаго. Ён вызваліў палу пінжака, і баба заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соння зубамі.
Пацягнула знізу ў разбітую шыбу з мутнога надвор'я свежым ветрыкам і прыемна асвяжыла галаву.
Нылі ўсе косці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.
Ён агледзеўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсся храп, свістанне і варушэнне.
Читать дальше