У адным вугле ўзняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты смех і лайба — усё паніжонымі, начавымі галасамі.
Пайшоў туды, каб дастаць табакі.
Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыйдзе і мае права стурыць.
Але на адным месцы скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, не то цыган, не то армянін ці жыд, — і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зняважанне сваіх правоў. Ён злосна плюнуў, без усякай жаласці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.
Ніхто і ўвагі не звярнуў.
А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, слізкай і бруднай.
Гаршчок папрасіў табакі ў таго, хто кідаў. Той злаяўся, падумаў, патрос у кішані і дастаў шчэпаць махоркі, потым з маскоўскага суконнага картуза, маслянага ўжо, як бот, выдраў кавалачак газетнай паперы і даў Гаршку.
Падзякаваў у спіну басяку, пайшоў на двор і сеў на тумбе; рупліва звярнуў цыгарку і зацягнуўся прыемна і соладка.
Палягчэла галава, не так нылі косці, і ён мог абдумаць сваё палажэнне.
Апошнія капейкі былі прапіты. У кішані анічога. На сабе чорны пінжак, там-сям пазашываны белымі ніткамі, надзеты проста на голае цела, абшарпаныя, дзіравыя штаны і стаптаныя, збітыя на нет бацінкі.
Срэбраны крыжык, на каторы неяк і ў п'янога і ўжо бязбожнага Івана не паднімалася рука, — бо то была памяць дзіцячых гадоў, бацькоўскай хаты і праўдзівага , яшчэ давучыцельскага і даманастырскага жыцця, — гэты крыжык згубіўся: ці адарваўся, ці яго хто адрэзаў у п'янога і прапіў.
Першы раз за ўсю гульбу паўстала пытанне: што рабіць?
На работу нійдзе не возьмуць басяка, дый кепскі з яго работнік.
Прасіць? — страшная мільганула думка. Красці? — бліснула яшчэ страшнейшая і горкая.
Абчысціўшыся троху і падцягнуўшы штаны, паплёўся ён па сонных, яшчэ пустых завулках на ўзбярэжную.
Там ужо мялі белыя дворнікі, махаючы аграмаднымі мётламі, беглі на рынак бабы з кошыкамі і цягнуліся на начлег самыя розныя гулякі.
Недзе далёка за заставаю ўдарыў і загудзеў звон, будзячы на душы нешта колкае і балючае. Брызнула восеннае сонца па закапцелых вярхушках фабрычных каміноў, заскакала па дахах і главах і пабегла, бліскучае, па рэйках; з-пад трамвайнага парка заліўся дробна і звонка, задрынчэў званок, і цераз раку па каменнаму мосту пабег з грукатам і гулам першы, з адным-двума работнікамі, вагон трама. Ціха калыхаліся сонныя лайбы на пляскучых водах ракі, а над імі трапыхаліся флажкі. Ізноў загудзеў далёкі звон.
Так пачыналася раніца горада.
Гаршчок асцярожна і быццам сонны злез па прыступачках даўгой лесвіцы да ракі, з нейкай дзіцячай радасцю заскрыпеў бацінкамі па берагавому жвіру, адчуваючы блізкасць да прыроды, уліваючай у людзей спакой і сілу, і спадзяванне.
Свежы ветрык абдуваў гарачы твар халадком. Гаршчок скінуў кепку, прыгоршчамі набіраў вады і, смакуючы, мыўся. Вецер уздымаў кучаравыя, даўно не чэсаныя валасы.
Павесялела яму, ёлкасць чуцця пачала знікаць.
А горад вясёла, як звычайна, прачнаваўся і ўсё гулчэй і званчэй гаманіў, гудзеў і званіў. Чырвонае сонца, усё болей залацеючы, узнімалася на празрыстым сінім небасхіле і залівала святлом шкло ў вокнах вышэйшых паверхаў, дахі, вывескі, дрот, вітрыны.
Зазванілі нейдзе яшчэ, запляскалі па бруку капытамі коні звозчыкаў, з громам і гулам цягнуліся ламавікі з даўгімі смоленымі бочкамі.
Сярод гулу Гаршчок ціха йшоў бачком, каб не біць у вочы дрэнным адзеннем, і думаў, што цяпер рабіць. Паехаць дамоў к брату і сабрацца з сіламі — не, не выпадае. «На зіму, на гатовы хлеб прыйшоў валацуга, — скажуць людзі, — чаму не прыхадзіў раней, як меў грошы? Тады пазабыўся, што і браценнік ёсць», — так скажуць яму ў вочы й за вочы. «А брат жа карыстаецца з майго паўнадзела», — упіраўся другі, свой, голас. «Аднак сам-то ты не хочаш карыстаць з яго», — скажуць горкую праўду. Прыйдзеш дамоў і пачнеш хадзіць па лесе ды па дуброве за красою, а бульбу капаць ці каноплі браць — памажы вам божа, а я не хачу…
Ніяк няможна ехаць дамоў. Дый на што білет купіці?
Аставалася адно: пайсці да архімандрыта і спытаць колька рублёў, што некалі разам у манастыры «зараблялі».
Доўга так ішоў ён, куды ішлі ногі, а ногі давялі да сцен манастыра. Чатыры гады назад ішоў ён сюды адухоўнены, поўны веры і сілы духу: ішоў, каб быць бліжэй да бога. Цяпер ён ішоў злы і бязбожны з непрыхільнасцю і дайжа пагардай да гэтых муроў.
Читать дальше