Вось як… А мае першае партызанскае каханне — зусім не Глаша. I Глашу я пакахаў як бы водгукам ад яго, ад Касача. Так, Касач! Хлапчукоўскае, смешнае, але з якімі парываннямі, фантазіямі, крыўдамі i paдасцямі — інакш як i назавеш гэта, калі не каханнем!
Яшчэ да таго, як прыйшоў у атрад, наслухаўся: «Касачоўцы, ого, не кожнага возьмуць да сябе!», «Узброеныя, як дэсантнікі!», «У Касача — адны кадравікі, ваяваць умеюць!», «Касачоўцы бой вядуць», «Kacaчоўцы, касачоўцы» .
Хацелася стаць не проста партызанам (ix нямала праходзіла праз нашу вёску), але абавязкова — касачоўцам.
Зброю, без якой да ix не прасіся, я здабыў. А спосаб падказаў мне «Хведзька — вераб'іная смерць» — рабы, як вераб'інае яйка, сын калгаснага бухгалтара. Яму было ўсяго толькі пятнаццаць — на два гады маладзей за мяне, — i каб пазбавіць мяне гэтай маёй перавагі, Хведзька ўвесь час толькі i вышукваў, чым бы пахваліцца.
Гэтым разам ён дастаў з дупла дзве гранаты- «лімонкі» i паказаў мне — я стаяў пад дрэвам:
— Што, чуў, кум, сонца? Бачыў, кум, гром?
Мяне гэта так уразіла, што ён не вытрываў i наважыў мяне даканаць. Павёў да балота, з-пад яловага пня-вываратня дастаў загорнутае ў кавалак брызенту тое, пра што я даўно марыў: іржавую, з падгнілым прыкладам, але самую сапраўднўю вінтоўку! Цяпер i дурню было зразумела, што мая перавага над ім у два гады — непаразуменне i нахабства.
— Будзе i табе, — сказаў Хведзька, палагаднеўшы, — у ix такога дабра многа.
Я не зразумеў.
— У нябожчыкаў,— раетлумачыў Хведзька. — А што?
Я міжволі паглядзеў на свае пальцы, якія неяк адразу зрабіліся ліпкія. Вось чаму дрэва на вінтоўцы чорнае, нібы абгарэлае!
Назаўтра мы выправіліся на могілкі, што ў сасонніку на пясчаных грудах. Тут закопвалі ў 41-м. Дзе забіты, там i пахаваны — кожны ў сваім акопчыку. (Баі ў нас на Палессі грымелі доўга: ужо Смаленск немцы ўзялі, а тут, у лясах, на балотах, ix стрымлівалі бронецягнікі i конніца вусатага Акі Гарадавікова — як у грамадзянскую.)
Жоўтыя пясчаныя грудкі акопчыкаў-магіл аселі, ix зацягнула верасам, як маскіровачнай сеткай. Хведзька сеў пад куст, закурыў, я стаяў перад ім з рыдлёўкамі, гатовы папрасіць: «Лепш не трэба!»
— Ну? — спытаў ён хмура.
Я не зразумеў.
— Наняў ты мяне? Арбайтэн!
Я, мусіць, пачырванеў.
— Дай! — ён вырваў з маіх рук рыдлёўку. — У нябожчыка зубы не баляць!
Жоўты вільготны жвір, яркі, як свежая кроў, паступова вырастае каля нас, а мы ўсё апускаемся ў зямлю. Я раптам выскачыў наверх; падалося, што зямля пачала асядаць, папаўзла пад босымі пятамі.
— Па вадзіцу пабег? — пагардліва крычыць Хведзька.
— Цесна… дваім, — тлумачыў, каўтаючы ліпкую сліну.
Нешта чорнае выкінуў Хведзька на жоўты жвір, — як гарэлая папера.
— Нямецкі… гузікі нямецкія… Няма тут ні халеры!
— Чаму? — прымушаю сябе цікавіцца, хоць мне аднаго цяпер хочацца: пайсці адсюль, уцячы. Такое адчуванне, быццам страціў нешта назаўсёды.
Як гаспадыня бульбу ў карыце, Хведзька сячэ рыдлёўкай у яме, прыслухоўваючыся, ці не стукне аб жалеза рыдлёўка.
— Я ж кажу! У іхніх не бывае — праверана. Сваіх яны закопвалі без зброі.
Драўляны нейкі гук громам аддаецца ў маёй галаве. Хведзька зірнуў на мой твар:
— Памочнічкі! Ану засыпай. Наняў?
Адышоў убок i лёг да сонца, а я пачаў сыпаць падсохлы жвір у яму.
Толькі ў трэцяй яме рыдлёўка — не яго, мая — дзынкнула. I тут я забыўся пра ўсё.
Вінтоўка ляжыць на свежым пяску, а мы стаім над ёй. Метал ад іржы жоўты, як вясновы кураслеп, а дрэва да вугальнай чарнаты набрыняла пахам i сырасцю смерці.
— Чуеш, кум, сонца?! — крычу я.
З гэтай вінтоўкай я i папрасіўся да касачоўцаў. (Брызентавы рэмень давялося перамяніць.)
Пачаў не з мамы, ведаючы, як ёй цяжка такое вырашаць, a пачаў з таго, што двойчы хадзіў (i Хведзька з намі) тэлеграфныя слупы спілоўваць. Знаёмым хлопцам-касачоўцам за тое, што бралi нас з сабой, заплацілі патронамі: i яны былі ў Хведзькі назапашаны. Але Хведзьку зноў мучыла зайздрасць:
— Добра табе, у цябе бацькі няма.
Але ў мяне была мама. Сабраўся з духам, паклікаў на дапамогу ўсю сваю закаранелую зухаватасць двоечніка i паведаміў маме, што сын яе — партызан.
Сястрычкі мае, сямігадовыя блізняты, разглядалі — нечаканага, бы я з неба саскочыў, — брата-партызана з захапленнем i спагадлівым чаканнем: зараз ён будзе плакаць. Мама наша на папругу i нават на кій — скорая. Потым сама плача, але спачатку парумзаеш ты.
Цяпер заплакала яна. Ціха, бездапаможна, зірнуўшы чамусьці на пляскатыя, як сподачкі, тварыкі блізнят, абвёўшы позіркам сцены, куткі хаты: нібы зараз жа трэба ўсё кідаць, уцякаць.
Читать дальше